На сёмуху, пад бярозкамі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

на Сёмуху

Прыгожае беларускае свята адзначаецца летам. Людзі ідуць у царкву, каб памаліцца і парадавацца за зямлю-карміцельку, праз сем тыдняў пасля Вялікадня. Адсюль і назва Сёмуха.  У гэты дзень з лесу прыносяць бярозкі і саджаюць каля хаты, а галінкі ўтыкаюць пад стрэхі ці над парогам, каб адагнаць злых духаў. А яшчэ нала-джваюць танцы і гульні. Людзі весяляцца і жадаюць усім  здароўя ды прыбытку ў гаспадарцы. Добрую традыцыю продкаў працягваюць і сёння самадзейныя калектывы раёна.

У мінулую нядзелю ў гарадскім парку можна было далучыцца да вясёлага святкавання Сёмухі, якое прыгожа і маляўніча прадставіў калектыў “Ланская бяседа”.

На сцэне стаялі маладыя бярозкі, прысутных віталі Гаспадар і Гаспадыня ў нацыянальных беларускіх строях (Анатоль Халмагораў і  Наталля Леўшына), дзяўчаты ў вяночках спявалі народныя  песні. Цікавым быў абрад кумавання, паводле якога, пакуміўшыся, трэба жыць дружна і гожа. Успаміналіся прымаўкі, добрыя песні нашых дзядоў ды прадзедаў, гучалі жартоўныя творы. Галасістыя ланскія дзяўчаты пакарылі гледачоў выдатным выкананнем, аб чым сведчылі не толькі апладысменты. За мной сядзелі турысты з Расіі і захоплена каментавалі выступленні: “Ну і галасы! Спяваюць не горш за прафесіяналаў. І жывая музыка, песні”. Што ж, яны мелі рацыю, бо так і было. Не маглі не спадабацца музычныя творы ў выкананні Юрыя Гапановіча, Аляксандра Іванова, Дзмітрыя Дэмуха і Алесі  Еўтух, Алены Леванчук, дырэктара Ланскага СДК Святланы           Дзянішчык.

Прыемнай для слухачоў была і гасціннасць ланскіх артыстаў: акрамя добрых песень, яны частавалі прысутных смачнай выпечкай, блінцамі са смятанай і прахалодным морсам. Дарэчы, пры Доме культуры дзейнічае клуб “Дбайныя гаспадыні”, у якім жанчыны і дзяўчаты вучацца гатаваць адмысловыя стравы. Між іншым, іх ланцы прадстаўлялі не раз у райцэнтры на провадах зімы ды іншых святах.

Удзельніца сёлетняй праграмы, прысвечанай святу Сёмухі, Алена Жук праводзіла з гледачамі вясёлыя гульні. Атрымалася сапраўднае гулянне з усімі яго атрыбутамі, за што публіка шчыра дзякавала артыстам. Святочны канцэрт праводзіўся ў рамках Года культуры. Кожныя выхадныя ў гарадскім парку будуць выступаць лепшыя калектывы раёна, а   несвіжане змогуць прыходзіць туды, каб культурна і весела адпачыць.

Раіса Хвір,  г. Нясвіж.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.