У ліку пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

1

Калі на мінулым тыдні мы рыхтаваліся да інтэрв’ю са старшынёй СВК “Гарадзея”, заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Беларусі  Мікалаем Аляксандравічам Салаўём як з дэлегатам пятага Усебеларускага народнага сходу, на Нясвіжчыну прыйшла добрая навіна. Наш раён і СВК “Гарадзея” па выніках спаборніцтва за дасягненне ў 2015 годзе найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару. Пад      уражаннем гэтай падзеі і адбылася наша размова з Мікалаем САЛАЎЁМ.

— Мікалай Аляксандравіч, віншуем Вас, увесь калектыў сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва з выдатнай перамогай, жадаем далейшых поспехаў у працы дзеля дабрабыту роднай Беларусі!

— Гэта сапраўды значная і хвалюючая падзея ў жыцці “Гарадзеі”. Мы дзякуем за высокую ацэнку нашай працы, пастараемся не спыняцца на дасягнутым, нарошчваць эфектыўнасць вытворчасці, паспяхова вырашаць сацыяльныя пытанні.

— Прапаную адразу выканаць даручэнне Прэзідэнта краіны, якое ўтрымліваецца ва Указе “Аб занясенні на Рэспубліканскую дошку Гонару пераможцаў спаборніцтваў за            2011 — 2015 гады і 2015 год”: асвятляць у СМІ вопыт работы пераможцаў спаборніцтва. Раскажыце, калі ласка, як калектыў “Гарадзеі” спрацаваў летась. Якія задачы вырашаеце ў 2016 годзе?

— Наша задача — забяспечыць дабрабыт людзей, своечасова выплаціць ім заработную плату. З гэтай задачай мы справіліся. У 2015-м сярэднямесячная зарплата аднаго працуючага ў СВК “Гарадзея” склала 6984 тысячы рублёў — гэта на 626 тысяч больш, чым было ў 2014 годзе. Дарэчы, галоўная мэта развіцця краіны на 2016 — 2020 гады — павышэнне якасці жыцця насельніцтва, як гаворыцца ў праекце асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця. Дасягнуць гэтага магчыма, павялічваючы аб’ёмы вытворчасці і продажу прадукцыі, паляпшаючы яе якасць, а таксама эканамічную эфектыўнасць гаспадарання.

Вось мы летась збожжа пасля дапрацоўкі мелі 11497,3 тоны — на 2537,4 тоны больш, чым у 2011-м, першым годзе чацвёртай пяцігодкі. Ураджайнасць упершыню дасягнула 68,1 ц/га — на 3,8 ц/га болей за 2014 год і на 25,8 ц га болей за 2011 год. Вырасла таксама ўраджайнасць бульбы і склала 339 ц/га.

Значна павялічылася пагалоўе жывёлы. Буйной рагатай стала 7970 галоў (+ 176 галоў да 2014 года, +320 галоў да 2011 г.), у т. л. кароў — 1100 (адпаведна +50 і +145 галоў). Свіней летась налічвалася 830 галоў. Адначасова расце і прадуктыўнасць жывёлы. Так, надой малака на 1 фуражную карову дасягнуў у 2015-м 8377 кг (у параўнанні з папярэднім годам +48 кг, з 2011-м — +376 кг). Валавая вытворчасць малака склала 9350,2 т (тэмп росту да 2011 г. — 126 %). Сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы і свіней — адпаведна 858 і 549 грамаў. Валавая вытворчасць мяса дасягнула 2267,9 тоны, тэмп росту да 2011 года —108,4 %. Значна выраслі аб’ёмы продажу прадукцыі дзяржаве. Так, тэмп росту рэалізацыі малака да ўзроўню 2011 г. — 120 %, мяса — 112 %. Вось так на адной і той жа зямельнай плошчы (а ў гаспадарцы толькі 4 тысячы гектараў ворыва) мы з году ў год нарошчваем аб’ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі. Клапоцімся і пра яе якасць. Напрыклад, малака сортам “экстра” ў 2011 годзе прадалі 39 %, а ў 2015-м — 89 %.

Тэмп росту валавой прадукцыі летась склаў 100,2 %. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі дасягнула 133199 мільёнаў рублёў. Рэнтабельнасць прадаж — 8,1 %. Выручка на 1 працуючага ў СВК склала 474 мільёны рублёў, у 2014 годзе яна была 428 мільёнаў рублёў.

Негатыўнае, што засталося ў памяці ад мінулага года, — двухмесячная засуха, якая адмоўна паўплывала на ўраджай цукровых буракоў. З аднаго гектара мы сабралі па 395 ц каранёў, а гэта на 116 ц/га меней, чым у 2014-м. І яшчэ — летась упершыню за многія гады спрацавалі з затратамі па ялавічыне, таму што з 2012 года на яе не падымаліся закупачныя цэны.

Сёлета ўрадам пастаўлена задача на 25 % знізіць затраты. Над гэтым пытаннем мы працуем пастаянна, але ў гаспадарцы яшчэ ёсць рэзервы. Так, у нас 5 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы стаіць на рашотцы. На выхадзе — вадкія арганіч-ныя ўгнаенні. Іх уносіць у глебу добра вясной і восенню. А куды дзяваць у астатні час — вось праблема. Шмат траціцца вады на ачыстку стойлаў — таксама праблема. Паставілі на ваду лічыльнікі. Стала зразумела, што жывёлагадоўчыя памяшканні трэба рэканструяваць, пагалоўе пераводзіць на глыбокую падсцілку. Пры гэтым неабходна ўлічваць: жывёліне, якая стаіць на рашотцы, патрэбна паўтара метра падлогі, а на глыбокай падсцілцы — 4,5 метра. Калі цяпер у адным памяшканні знаходзіцца 470 галоў, то пасля рэканструкцыі стане толькі 320. Як правесці рэканструкцыю, захаваўшы пагалоўе, яго прадуктыўнасць, захаваўшы аб’ёмы вытворчасці? Адказ на гэтае пытанне, здаецца, просты, але патрабуе вялікіх намаганняў. З 15 сакавіка мы актыўна “бяжым гэту стомятроўку”: на ферме “Копцеўшчына”, дзе стаіць 1000 галоў, два цялятнікі рэканструявалі, выгнаўшы жывёлу на вуліцу, дзе для яе пабудавалі тры новыя летнікі (апошніх усяго стала восем). На днях памяшканні пасля рэканструкцыі засялілі. У іх заменена ўсё тэхналагічнае абсталяванне, памянялася ўся тэхналогія кармлення і ўдалення гною. Я рад, што мы апошнія тры месяцы так ушчыльную папрацавалі і справіліся з гэтай сур’ёзнай задачай.

Цяпер стаіць пытанне мадэрні-зацыі комплексу “Студзёнкі”. Там утрымліваецца 2100 цялят першага перыяду жыцця. З іх 950 стаіць на рашотцы, на бетоннай падлозе. У такіх умовах ветэрынарнай службе, работнікам комплексу цяжка захаваць належны прырост маладняку. Памяшканні эксплуатуюцца з 1982 года, механізмы, рашоткі знасіліся. Для комплексу некалі была пабудавана магутная кацельня, прыроднага газу ніхто не лічыў, не эканоміў, і на ёй працавалі 16 чалавек. Цяпер на самой ферме толькі цялятніц засталося 14. Канечне, вяртацца да тэхналогіі канца 70-х гадоў мы не будзем. Усё будзе пераабсталявана. Пабудуем яшчэ новы цялятнік на 280 галоў і ўвесь маладняк перавядзём на глыбокую падсцілку.

Разам з гэтым, цяпер трэба паклапаціцца пра лепшую захаванасць саломы, як падсцілачны матэрыял, скласці яе пад павеці.

Працуем таксама ў накірунку эканоміі электраэнергіі. Хачу вось на што звярнуць увагу. У нас на МТФ тры розныя тэхналогіі даення. 500 кароў — на гомельскай дойцы, столькі ж — на галандскай, 200 кароў — на шведскай. На гомельскай дойцы для атрымання 1 тоны малака расходуецца 65-70 квт электра-энергіі, а на шведскай — 50. Слесары, якія абслугоўваюць дойкі, загадчыкі ферм зацікаўлены ў зніжэнні расходу энергіі: у канцы месяца мы даём невялікую прэмію таму, хто справіўся з заданнем па эканоміі. Я хачу гэтак жа ўшчыльную заняцца і эканоміяй вады.

У СВК “Гарадзея” даволі складана працаваць. Таму што ў нас вельмі высокая шчыльнасць жывёлы: на 100 гектараў сельгасугоддзяў — 179,4 галавы буйной рагатай жывёлы, у т.л. 24,8  галавы кароў. Для параўнання, па вобласці шчыльнасць 58,3 галавы буйной рагатай жывёлы, 20,5 — кароў. Нам даво-дзіцца нарыхтоўваць вялікую колькасць кармоў. У 2013 годзе ў гаспадарцы было закладзена 11 тысяч тон сенажу, у 2015-м — 16 тысяч, а ў 2016-м ставім задачу назапасіць 20 тысяч тон. За тры гады ўдвая павялічыць вытворчасць травяністых кармоў — гэта вельмі вялікая нагрузка і на зямлю, і на спецыялістаў гаспадаркі. Да таго ж, прырода можа дыктаваць свае ўмовы. Напрыклад, 2014 год быў неўраджайны на кукурузу. У 2015-м здарылася засуха. Адпаведна, меней заклалі сіласу. Сёлета з-за засухі ў нас загінула 400 га траў, на якіх маглі б убіраць другі ўкос. Калі два тыдні няма дажджу, нашы ўзгоркі “згараюць”. Вось гэта акалічнасць не можа не турбаваць, трымае ў пастаяннай трывозе.

— На V Усебеларускім народным сходзе будзе прынята Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на 2016 — 2020 гады, праект асноўных палажэнняў якой надрукаваны ў СМІ, ідзе яго актыўнае абмеркаванне. Якую прапанову Вы хацелі б унесці ў рэаліі жыцця аграпрамысловага комплексу?

— Я бываю ў суседніх краінах і бачу, як, напрыклад, у той жа Літве ў апошнія 5 —10 гадоў людзі пайшлі працаваць на зямлю. Кожны мае свой участак. А ў нас некаторыя неяк насцярожана адносяцца да работы ў калгасе, лічаць яе непрэстыжнай. Хацелася б, каб узняўся прэстыж працы на вёсцы. Лічу, што трэба некалькі памяняць методыку падрыхтоўкі спецыялістаў. Больш даваць практыкі. Напрыклад, у Германіі студэнтаў адпраўляюць на практыку на цэлы год. У нас таксама многае б памянялася, калі б будучыя інжынеры, аграномы, ветэрынары, заатэхнікі ішлі на практыку хаця б на паўгода: працавалі на трактары, кармілі жывёлу, паілі маленькіх цялят…Яны б ведалі, як трэба паіць, як трэба рамантаваць… І кожны з іх зразумеў бы: яго гэта справа ці не. А падмацаваўшы практыку тэорыяй і наадварот, спецыяліст прыйдзе ў гаспадарку больш-менш падрыхтаваным.

У нас жа сёння да 16-і гадоў наведваць ферму забараняецца, згодна з правіламі па ахове працы. Мы ж з дзяцінства хадзілі на канюшні, запрагалі коней, ездзілі на іх, дапамагалі старэйшым на ферме. Мы былі гатовы да сялянскай працы. Скажыце: калі малады чалавек пражыў да 16-і гадоў і не бываў на ферме, ці захочацца яму ў 17 ісці туды?

Гэта прафесіі, да якіх трэба рыхтаваць з дзяцінства. Хацелася б, каб даная акалічнасць знайшла адлюстраванне ў дакументах сходу. Будзе прэстыжнасць жыцця і працы на сяле, добрая зарплата, будуць нашы прафесіі перадавацца ў спадчыну — тады і размова будзе іншай.

Яшчэ лічу, што пасля сходу пачнуць больш задумвацца: а што такое праца работадаўца? Гэта ж не проста даць работу і ўсё. Вось я, напрыклад, мыслю матэрыяльна. Калі пасля планёркі са спецыялістамі выходзім на мехдвор, а там 70 чалавек чакаюць — усім трэба даць работу, усю іх тэхніку заправіць палівам. 3-4 тоны паліва ў дзень — трэба 50 мільёнаў рублёў. Плюс дзённая зарплата ў гаспадарцы патрабуе яшчэ 50 мільёнаў. Плюс падаткі, разлікі за электраэнергію… Каб мець гэтыя сродкі, трэба так арганізаваць работу калектыву, што прадукцыі будзе атрымана шмат і высокай якасці. Прадукцыю неабходна добра прадаць, а для гэтага знайсці пакупніка. Грошы вернуцца ў гаспадарку: за-плаціш людзям за работу, за затрачаныя матэрыялы і рэсурсы. Неабходна, каб усё акупілася і яшчэ штосьці засталося звыш. Трэба зарабіць. Гэта самае складанае. Думаць неабходна пастаянна.

З задавальненнем прачытаў у газеце інфармацыю старшыні Праўлення Нацыянальнага банка аб тым, што ўзровень інфляцыі да канца гэтага года будзе забяспечаны не больш за 12 %. На наступны год ён плануецца не больш за 9 %. Скажу шчыра, такая канкрэтнасць мяне парадавала.

Зыходзячы з гэтага, мы можам планаваць свае затраты, выручку, усю сваю далейшую работу.

Інтэрв’ю правяла

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.