Хацела б крочыць праспектам Сіроткі…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

5223483

Падчас краязнаўчых вандровак, сустракаючыся з людзьмі, неаднойчы цікавілася, якіх помнікаў нам на Нясвіжчыне не хапае,  каго з  гістарычных асоб ці якую дату, падзею варта адзначыць і ўшанаваць помнікам або знакам. Маімі суразмоўцамі былі як жыхары Нясвіжа, так і вяскоўцы, людзі розных узростаў, заняткаў, веравызнання.

Таму з’яўленне “ўшанавальнай” ініцыятывы лічу з’явай не толькі вельмі патрэбнай, карыснай, але і цікавай, з вялікім адукацыйна-асветніцкім патэнцыялам. Апроч яе мясцовага, культурна-грамадскага і краязнаўча-гістарычнага значэння, тут важны і асаблівы статус Нясвіжа і яго ваколіц як прывабных аб’ектаў турызму. Але перадусім я паставіла б турызм, які ў першую чаргу выхоўвае нас саміх, беларусаў, жыхароў і грамадзян краіны, наша школьніцтва, моладзь.

Нядаўні “аглядна-панарамны” артыкул І. Сомавай “Ці быць помніку… ?” аб магчымым узвядзенні ў Нясвіжы помніка Мікалаю Крыштафу Радзівілу (Сіротку) — добры пачатак для размовы і дыскусіі. Паслухаць і ўлічыць меркаванні як мага большай колькасці людзей — самае лепшае, што можа быць. Як пераканалася цягам шматгадовых  краязнаўчых пошукаў, сярод  шматлікасці меркаванняў-прапаноў можна натрапіць на выключна разумныя, на дзіва адметныя і нетрадыцыйныя. Занатавала каля трох дзясяткаў так званага “свайго помніка”. Вось невялікі пералік грамадскіх падказак. Помнік пацярпелым ад сталінскіх рэпрэсій, спартсмену Рамуальду Кліму ў Снове, паэту Уладзіміру Жылку ў Гарадзеі, нават шматфігурная сцэна з радзівілаў-скага палявання ў Альбе… Што тычыцца непасрэдна Нясвіжа, на першае месца ў рэйтынгу асоб, вартых ушанавання,  непадзельна заступіў Мікалай Радзівіл (Сіротка). Дзве прапановы на гэты конт падаліся асабліва цікавымі, да іх горача далучаюся і сама.

Першая прапанова — ПОМНІК МАГДЭБУРСКАМУ ПРАВУ як найвялікшай грамад-скай дзеі Сіроткі дзеля горада, які ён будаваў. І. Сомава зрабіла выдатны агляд-панараму еўрапейскіх гарадоў з іх помнікамі на галоўных плошчах, перад будынкамі-ратушамі. Але ці варта Нясвіжу літаральна паўтараць даўнюю завядзёнку і рабіць так ці амаль так, як ужо ёсць у Рызе, Познані, Празе, Руане… Помнік Магдэбургскаму праву на Ратушнай плошчы з дакументам-граматай, з яго атрыбутамі — гербам і пячаткай, па-мастацку ўвасобленымі, надзвычай выгодна вылучалі б Нясвіж, служылі б ушанаванню тых агульначалавечых і цывілізацыйных каштоўнасцей, якія яно даравала гораду і гараджанам. Да слова, сёлета Магдэбургскаму праву Нясвіжа — Прывілея, які стараннямі Сіроткі горад меў аж да 1795 года, пакуль яго не скасавала Кацярына ІІ, спаўняецца роўна 430 гадоў.

Другая цікавая прапанова — ушанаваць вялікага будаўніка Нясвіжа і пілігрыма-вандроўніка ягоным праспектам — ПРАСПЕКТАМ СІРОТКІ. Калі мы пазіцыянуем горад як культурную  с т а л і ц у, то галоўную вуліцу, што кіруе з захаду на ўсход ці з усходу на захад, нанізваючы будынак за будынкам, як бурштынавыя пацеркі, можна назваць і праспектам. Пагадзіцеся, гэта гучыць не толькі годна, але і патрабавальна, адказна. Яго назва трывала злучыла б горад у адзінае гістарычнае цэлае. Дый  хоць часткова зрушылася б пытанне так званых “чужых” назваў нясвіжскіх вуліц, пра што неаднойчы пісала газета.

Наталля ПЛАКСА,

краязнаўца


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.