Дарога да храма

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Настаяцель  храма  Узнясення Гасподня  протаіерэй Аляксандр Данчанка  ўручае Падзяку прыхода храма за ўдзел у яго ўзвядзенні  дырэктару Нясвіжскага каледжа  імя Якуба Коласа Алене  Жураўлёвай

Настаяцель храма Узнясення Гасподня протаіерэй Аляксандр
Данчанка ўручае Падзяку прыхода храма за ўдзел у яго ўзвядзенні дырэктару
Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа Алене Жураўлёвай

Узвядзенне храма — справа вельмі важная і вельмі неабходная Богу і людзям. Многія    працавалі на яго будоўлі, ахвяравалі сродкі, дапамагалі малітвай.

У нядзелю ў Нясвіжскім  цэнтры культуры адбылася святочная сустрэча “Я шукаю дарогу да храма”, прысвечаная адкрыццю храма Узнясення Гасподня ў Нясвіжы. Яна стала яшчэ адным спосабам падзякаваць людзям і працоўным калектывам Нясвіжчыны, якія дапамагалі наблізіць дзень асвячэння храма. Словы падзякі выказаў усім благачынны Нясвіжскай царкоўнай акругі настаяцель храма Узнясення Гасподня протаіерэй Аляксандр Данчанка, для якога ўзвядзенне храма стала сэнсам жыцця. Святар уручыў граматы і памятныя падарункі многім кіраўнікам прадпрыемстваў і асобным людзям, якія тым  ці іншым чынам спрыялі ўзвядзенню храма. У тым ліку — і арганізатарам дабрачынных канцэртаў на карысць храма — сямейнаму дуэту Тамары і Уладзіміра Прыгун, выкладчыку Гарадзейскай ДШМ Івану Буглаю, а таксама фатографу Святлане Польскай і галоўнаму архітэктару раёна Юліі  Канішчавай.

Асаблівую ўдзячнасць айцец Аляксандр ад імя прыхаджан і сябе асабіста выказаў несвіжанам і жыхарам раёна каталіцкай канфесіі, якія таксама ахвяравалі свае сродкі на будаўніцтва храма.

Ад імя прыхаджан храма выступілі кіраўнік студыі сучаснай казкі, якая нарадзілася пры храме па благаславенні айца Аляксандра Данчанкі, Ірына Пярцова, паэтка, майстар дэкаратыўна-прыкладной творчасці  Вера Мацнева.

Цёплыя словы падзякі айцу Аляксандру і ўсім прысутным выказаў першы намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Анатоль Драгавец.

Падзяку прыхода храма Узнясення Гасподня  атрымала і рэдакцыя “Нясвіжскіх навін”

Падзяку прыхода храма Узнясення Гасподня
атрымала і рэдакцыя “Нясвіжскіх навін”

Ганаровым госцем на свяце была журналістка, аўтар і вядучая духоўна-асветніцкіх перадач на рэспубліканскім радыё “Святло душы” і “Царкоўнае слова”, член саюза кампазітараў Беларусі Людміла Мітаковіч. Шмат добрых слоў было сказана  журналісткай аб Нясвіжы і яго жыхарах у яе перадачах. У той дзень яна расказала несвіжанам пра цуд, які адбыўся з ёй у нашым горадзе.

Многія памятаюць той дзень, калі ад ранейшага будынка храма Узнясення Гасподня мы ад-правіліся хрэсным ходам да месца пабудовы храма новага для яго асвячэння.  Гэты шлях доўжыўся адзінаццаць гадоў. Большасць  удзельнікаў той падзеі прайшла яго да канца, а хтосьці не прычакаў, спыніўся на паўдарозе, каб на крылах Божай любові падняцца ў неба. Яны зараз з намі, бо працягваюць жыць у нашай памяці і нашых сэрцах. У іх гонар юнымі прыхаджанамі былі запалены ў гэты вечар свечкі.

У канцэртнай праграме прынялі ўдзел ансамбль  храма Узнясення Гасподня пад кіраўніцтвам Ірыны Чысцяковай, артысты Нясвіжчыны Ігар Гарбачоў, Кацярына Будчан, Ганна Язэпчык, Таццяна Язэпчык, Валянціна Шарапа,  Ядзвіга Брытвіч, дзіцячы хор “Перасвет” Свята-Георгіеўскага храма г. Нясвіжа пад кіраўніцтвам Хрысціны Пятрэнка, сямейны  дуэт Уладзіміра і Тамары Прыгун, Іван Буглай, народныя ансамблі песні “Акцэнт” і “Млечны шлях”, наведвальнікі нядзельнай школы пры храме Узнясення Гасподня.

Шмат папрацавалі над арга-нізацыяй святочнай праграмы работнікі Нясвіжскага цэнтра культуры, супрацоўніца Нясвіж-скай цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццяна Байкаш, фатографы Святлана Польская і Алена Франчук, рэжысёр Уладзімір Пярцоў, мастак Міхаіл Канавалаў, майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці Таццяна Бутрымовіч, Алена Віхрова, Наталля Богуш, Наталля Скрыцкая, протаіерэй Аляксандр Данчанка, іерэй Іаан Уханаў, які падрыхтаваў матэрыялы аб храме Узнясення Гасподня да выдання, а таксама многія іншыя.

Шмат пакаленняў несвіжан будзе ўдзячна людзям, што пабудавалі ў Нясвіжы храм Узнясення Гасподня, які яшчэ многія стагоддзі будзе клікаць  вернікаў, каб разам узносіць малітвы Богу. А калі чалавек жыве са спадзяваннем на Божую міласць, ён просіць не толькі за сябе і за сваіх блізкіх, ён моліцца за “кожнага чалавека, які ідзе ў гэты свет”, за сваю краіну, за свой народ, прызываючы на яго Божае благаславенне.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.