“…I за гарою пакланюся”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Невялічкая   вёсачка.   На    горачцы — школа.    Наша  школа.   Казлоў-ская   сярэдняя. Праходзім у думках па ёй. Шырокі калідор сустракае цішынёй. Глядзім у акно. Па дарозе снуюць машыны, спяшаюцца на працу людзі. А тут, у нашай школе, жыццё спынілася. У выніку рэарганізацыі нашу школу аб’ядналі з суседняй, Аношкаўскай, бо вучняў стала няшмат. А калісьці сюды хадзілі набываць веды не толькі дзеці з суседніх вёсак, а нават з Клецкага раёна.

Вось кабінет дырэктара. Мар’ян Францавіч Гутаровіч кожную раніцу сустракаў нас з усмешкаю. Бывае, пакладзе руку на плячук і скажа: «Ці падрыхтаваў сёння ўрокі? Калі так, то бяжы хуценька ў клас, паўтарай».  I ты ціхенька «выпаўзаеш» з-пад рукі і ляціш на ўрок.

Кабінет фізікі. Гаспадарылі тут Галіна Аляксандраўна Ігнатчык і Валянцін Барысавіч Рабко. Яны так проста маглі расказаць матэрыял, што яго ўсе разумелі. А тры законы Ньютана ведаў кожны вучань.

У сённяшні час дзеці чытаюць мала, больш у інтэрнэт заглядаюць. А гадоў дзесяць — дваццаць таму чыталі многа. I цікавыя кніжкі раіла ўзяць Станіслава Іванаўна Шарапа. Менавіта ў бібліятэцы мы часта бавілі час.

Крок чалавека да ведаў пачынаецца з пачатковых класаў. Марыя Сяргееўна Твароўская, Пётр Пятровіч Рудзешка, Маргарыта Аляксандраўна Новік, Валянціна Аляксееўна Тышчанка вучылі нас выводзіць першыя літары, чытаць словы.

Кабінет роднай мовы. Непаўторны ўрок роднага слова. Настаўнік бярэ з паліцы кніжку, разгортвае яе. Без слова просіць увагі. Чытае. А ты ціхенька сядзіш і слухаеш. Так праводзілі ўрокі Фаіна Антонаўна Рабко і Леаніда Аляксандраўна Майсеня.

Як вы ведаеце, адно з любімых месцаў вучняў — сталовая. Тут працавала спецыяліст сваёй справы Леаніда Васільеўна Шарапа. А якія смачныя піражкі яна пякла!

Спяшаемся ў спартыўную залу. Многа было настаўнікаў фізічнай культуры. Успамінаюцца ўрокі Алега Яўгенавіча Касача і Надзеі Мікалаеўны Ганчар. Дзякуючы ім, многія з нас і зараз «у форме».

Падымаемся на другі паверх. Зноў сустракае цішыня. А ўспа-міны бяруць сваё.

Тут, у  кабінеце  хіміі,  Аляксандр  Іванавіч  Гесь  паказваў  нам   «фокусы»,  вучыў адрозніваць металы і неметалы. Справядлівы, тактоўны чалавек.

А ўрокі біялогіі ў гэтым жа ка-  бінеце вялі Людміла Міхайлаўна Гарачкоўская і Вольга Іосіфаўна Лабажэвіч. Помніцца, як дасканала, падрабязна яны расказвалі нам пра будову чалавека і дадавалі: «Вам гэта спатрэбіцца». Мы толькі дарослымі, клапоцячыся пра здароўе сваё і блізкіх, зразумелі глыбокі сэнс іх слоў.

Адзін дзень на тыдзень адзенне вучняў старэйшых класаў адрознівалася ад іншых: яны хадзілі ў гімнасцёрках, гальштуках і пілотках. Мы — юнакі і дзяўчаты — маршыравалі, вучыліся страляць, умелі адрозніваць па пагонах маёра ад генерала. Вучылі, умелі, ведалі, дзякуючы Валянціну Барысавічу Рабко і Апалінару Іванавічу Лабажэвічу, якія выкладалі пачатковую ваенную падрыхтоўку.

Стужка часу… Грунвальдская бітва. Паўстанне Тадэвуша Касцюшкі… Усё трэба ведаць, бо гэта наша мінуўшчына, наша гісторыя. А гісторыя ў руках спецыя-лістаў — Уладзіміра Іванавіча Новіка, Людмілы Васільеўны Ганчарык, Міхаіла Міхайлавіча і Алены Аляксееўны Мацэль, Уладзіміра Канстанцінавіча Камлача — сапраўдны цуд.

Тут жа, у гэтым кабінеце, мы вывучалі моры і акіяны, краіны і кантыненты. Галіна Пятроўна Шымкаловіч навучыла нас любіць цэлы свет, паважаць і разумець звычаі і абрады розных народаў.

«Любите великий, могучий русский язык» — гэтыя словы былі напісаны над дошкай у наступным кабінеце. Умець аналізаваць учынкі кніжных герояў, даваць уласную ацэнку падзеям вучылі нас Ніна Аркадзьеўна Гутаровіч, Марыя Віктараўна Камлач, Лідзія Сямёнаўна Баўтрэль.

Кажуць: «Сухая навука матэматыка». А мы можам паспрачацца. Бо так выкладаць матэматыку, як Уладзімір Паўлавіч і Соф’я Канстанцінаўна Аляксейчык, трэба ўмець. Прафесіяналізм, павага, адказнасць да сваей справы, уменне па-добраму пасмяяцца — якасці гэтых настаўнікаў. Нават і зараз, дзякуючы ім, мы можам сваім дзецям і ўнукам дапамагаць рашаць задачы і прыклады.

Кабінет замежнай мовы апошні на другім паверсе. Іосіф Фёдаравіч Майсеня і Таццяна Іванаўна Краўцова імкнуліся навучыць нас размаўляць на англій-скай мове, разумець яе.

Прывіць любоў да працы на зямлі, навучыць шыць і вышываць — гэта задача настаўніка працы. Тамара Адольфаўна Ялковіч выканала яе на выдатна.

Прабачце, шаноўныя нашы настаўнікі, што не ўсіх успомнілі. Але ведайце: усім вам нізка кланяемся за навуку, за парады, шчырасць і дабрыню. Ды і проста за тое, што былі ў нашым жыцці. Вашы рукі паднялі нас, далі шлях у самастойнасць.

Многіх нашых настаўнікаў ужо няма. Але яны жывуць у нашай памяці, у нашых сэрцах.

На памяць прыходзяць словы Ф.М. Янкоўскага: «Я Вам і за гарою пакланюся». Вам, настаўнікі, вам, нашы дзіцячыя і юнацкія гады, табе, родная школа…Кланяемся.

Выпускнікі Казлоўскай школы.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.