“Імгненні паміж мінулым і будучыняй належаць усім нам”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У.Н. Дражын трымае памятны знак  “Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа”

У.Н. Дражын трымае памятны знак
“Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа”

Пасля святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у  г. Несвіжы і Нясвіжскім раёне “НН” звярнулася да ганаровага грамадзяніна горада Нясвіжа, Жо-дзіна і Мінскай вобласці Уладзіміра Дражына з просьбай даць інтэрв’ю.

Сёння мы маем магчымасць сустрэцца з У.Н. Дражыным на старонках нашай газеты.

— Уладзімір Несцеравіч, Вы і Ваша сям’я па запрашэнні райвыканкама прынялі ўдзел у святкаванні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у г. Нясвіжы. Якія ўражанні ў Вас асабіста пакінулі мерапрыемствы 2-3 ліпеня бягучага года?

— Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — гэта галоўнае свята, якому надаецца асаблівае значэнне у маштабах усёй краіны. Мерапрыемствы праходзяць у гарадах, пасёлках, сельскіх населеных пунктах. Нясвіжчына таксама заўсёды рыхтавалася  і праводзіла свята на высокім узроўні.

Апошнія восем гадоў я працаваў Паслом нашай краіны ў Літоўскай Рэспубліцы і Фінляндыі і не меў магчымасці прымаць удзел у такіх мерапрыемствах. На гэты раз я і мая сям’я з вялікім задавальненнем прынялі запрашэнне паўдзельнічаць у святочных мерапрыемствах  у Нясвіжы і Нясвіжскім раёне.

Галоўнае — уразіла маштабнасць гэтых мерапрыемстваў. Адкрыццё праваслаўнага храма ў г. Нясвіжы, сустрэчы з дэлегацыямі гарадоў-пабрацімаў у гарадской  Ратушы, дзіцячай бібліятэцы, на Ратушнай плошчы, святочнае шэсце жыхароў горада і раёна да брацкай магілы воінаў Чырвонай Арміі і партызан, культурна-масавыя мерапрыемствы ў парку, на стадыёне  “Ураджай” былі праведзены на высокім духоўным, патрыятычным і арганізацыйным узроўні. На мой погляд, усё гэта натхняе жыхароў горада і раёна на паспяховае вырашэнне задач сацыяльна-эканамічнага развіцця аднаго з самых развітых рэгіёнаў Мінскай вобласці.

Таксама хачу адзначыць, што мерапрыемствы суправаджаліся еўрапейскім бляскам, з запрашэннем дэлегацый гарадоў-па-брацімаў, што, безумоўна, пацвярджае: горад Нясвіж з’яўляецца культурнай сталіцай нашай дзяржавы.

— Што Вы можаце сказаць пра людзей і кадры Нясвіжчыны?

— У народзе гавораць: “Справы ладзяцца людзьмі”. Усё, што дасягнула Нясвіжчына за апошнюю чвэрць стагоддзя — гэта вынік руплівай працы работнікаў прамысловасці, будаўніцтва, асабліва сельскай гаспадаркі, сферы паслуг, сацыяльнай сферы. Безумоўна, гэта старанная праца кіраўнікоў усіх узроўняў. А таксама хацелася б сёння адзначыць  стваральную і выніковую працу старшыні раённага выканаўчага камітэта Івана Іванавіча Крупко і яго каманды аднадумцаў. Яны працягваюць лепшыя традыцыі кіраўнікоў раёна на працягу яго гісторыі са студзеня 1940 года.

— Шаноўны Уладзімір Несцеравіч, вы працавалі ў Нясвіжскім раёне на розных пасадах амаль 18 гадоў.  Гэта вялікі адрэзак жыцця. Як, на Вашу думку, змяніліся наш  горад і раён сёння?

— Так, з 8 жніўня 1981 года я працаваў сакратаром, другім, першым сакратаром РК КПБ. У 1990 годзе жыхары раёна выбралі мяне народным дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. З 1991 па 1998 год працаваў старшынёй раённага выканаўчага камітэта. Лічу,  што для мяне гэта быў найлепшы час працы і жыцця. Галоўнае, што знайшоў тут — цудоўных людзей, якія самааддана працавалі на прадпрыемствах прамысловасці, у сельскай гаспадарцы, у абслугоўванні, сацыяльнай сферы.

І сёння вынікі працы на Нясвіжчыне, як і раней, высокія і неаднаразова адзначаліся кіраўніцтвам нашай краіны, Мінскай вобласці. Асабліва ганаруся нашым Нясвіжам. Старажытны горад з аднаўленнем палацава-паркавага комплексу стаў мекай для турыстаў і культурнай сталіцай Беларусі. Гэта заслуга ўсіх тых, хто працаваў і працуе сёння, і тых, хто дапамагаў нам у гэтай справе.

Развіццё эканомікі раёна ідзе паслядоўна і, безумоўна, вынікова. Прыемна адзначыць, што вядучыя прамысловыя прадпрыемствы шмат зрабілі па мадэр-нізацыі  вытворчасці і сталі флагманамі ў сваіх галінах.

Гарадзейскі цукровы камбінат правёў маштабную мадэрнізацыю вытворчасці,  стаў шматгаліновым прадпрыемствам, аб’яднаў вакол сябе сельска-гаспадарчыя кааператывы і дасягнуў высокіх эканамічных паказчыкаў. Шмат зроблена ў сацыяльнай сферы прадпрыемства. Усіх несвіжан захапляе і натхняе на добрыя справы цудоўная  самабытная футбольная каманда “Гарадзея”, якая ўвайшла ў вышэйшую лігу беларускага футбола. Мы ёю ганарымся і жадаем вялікіх поспехаў у будучыні.

Флагманам сельгасвытворчасці застаюцца лепшыя сельгаспрадпрыемствы: СВК “Агракамбінат Сноў”, ААТ “Новае жыццё”,  СВК “Гарадзея”,  ААТ “Лань-Нясвіж” і іншыя.

Шмат зроблена ў адукацыі, ахове здароўя, культуры, спорце, сацыяльнай абароне.

Хацеў бы выказаць словы шчырай удзячнасці ўсім, хто працаваў над узнаўленнем праваслаўнага храма ў Нясвіжы. Патрыяршы экзарх усея Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт у 1990 годзе, калі мы з ім былі абраны  народнымі дэпутатамі Рэспублікі Беларусь, пры наведванні Нясвіжа ўнёс прапанову аб адраджэнні храма. Потым ішлі перамовы, узгадненне, абмеркаванне праекта, і ў 2004 годзе кіраўніцтвам раёна і Беларускай праваслаўнай царквой было прынята рашэнне аб яго ўзнаўленні. Праз 72 гады пасля яго разбурэння адступаючымі войскамі вермахта храм у Нясвіжы стаў яшчэ адным з сімвалаў старажытнага горада. Вялікі дзякуй усім, хто ўнёс свой уклад у яго адраджэнне.

— Уладзімір Несцеравіч, Вы былі адным з ініцыятараў адра-джэння культурнай спадчыны старажытнага Нясвіжа. Якім Вы бачыце перспектывы далейшай работы ў гэтым напрамку?

— Сапраўды, мы ўсе разам адраджалі помнікі старажытнасці на Нясвіжчыне, ініцыіравалі стварэнне палацава-паркавага ансамбля, праводзілі ў 1993 годзе святкаванне 770-годдзя г. Нясвіжа, чарговыя юбілеі з дня стварэння раёна, у 1997 годзе правялі свята беларускага пісьменства, у 1998 годзе — фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі”. Далей была працягнута стваральная праца па рэканструкцыі і ўзнаўленні аб’ектаў                г. Нясвіжа.

Сёння, на мой погляд, трэба працягваць сістэмную работу  па ўзнаўленні гістарычнай спадчыны, над вядомымі брэндамі Нясвіжа — святам мастацтваў “Музы Няс-віжа”, цудоўнымі вечарамі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь у замку Радзівілаў і цэлым шэрагам другіх накірункаў дзейнасці. Чакае лепшага лёсу лесапаркавая зона “Альба”. Гэтым старшыня райвыканкама Іван Крупко падзяліўся з намі ў час свята 2-3 ліпеня гэтага года. Планы маштабныя і перспектыўныя, і ўсе госці іх падтрымалі.

— Шаноўны Уладзімір Несцеравіч, а Вы ініцыіравалі свае прапановы ў гэтым напрамку?

— Безумоўна. У пачатку 2014 года мной і групай архітэктараў была ўнесена прапанова па ўзнаўленні езуіцкага калегіума ў г. Нясвіжы, побач з фарным касцёлам Божага цела. Ідэю пад-трымалі міністр культуры  Б.У. Святлоў і кіраўніцтва раёна. Канцэпцыя праекта дазваляе развіць у Нясвіжы цэлы шэраг турыстычных паслуг. Цяпер ідзе пошук інвестара. Неабходна каля 15 мільёнаў долараў для рэалізацыі праекта. З цягам часу, спадзяюся, што інвестар знойдзецца. 22 мая 2015 года ў г. Вільнюсе разам з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эвалдасам Ігнатавічусам мы ініцыіравалі перад дырэктарам Дэпартамента гісторыка-культурнай спадчыны Літвы Дыянай Варнайце праект па рэстаўрацыі радавой усыпальніцы князёў Радзівілаў у фарным касцёле за кошт сродкаў Еўрапейскага Саюза. Справа мела працяг. На дадзены момант выдзелены сродкі на складанне праект-най дакументацыі. А далей з дапамогай літоўскіх сяброў мы маем магчымасць рэалізаваць гэты праект.

Дарэчы, Дыяна Варнайце з’яўляецца выпускніцай першага набору Нясвіж-скай акадэміі ландшафтнай  архітэктуры, якая была створана ў 1995 годзе па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нясвіжскага райвыканкама.

Згодна з рашэннем міністра культуры Рэспублікі Беларусь Б.У. Святлова, з 2014 года я з’яўляюся старшынёй апякунскага савета Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”. На сённяшні дзень ёсць шмат напрацовак. Хацелася б  на гэтай пасадзе мець магчымасць прадаўжаць стваральную працу па ўзнаўленні гісторыка-культурнай спадчыны г. Нясвіжа і Нясвіж-скага раёна.

— Якія пажаданні, Уладзімір Несцеравіч, Вы хацелі б выказаць несвіжанам напрыканцы інтэрв’ю?

— Я заўсёды жадаў жыхарам раёна поспехаў у развіцці эканомікі, аб’яднання трох кітоў: творчай працы кадраў усіх узроўняў, укаранення новых тэхналогій у вытворчасць і паслядоўнага папаўненя матэрыяльнай базы, ад якіх залежыць развіццё горада і раёна.

Але не хлебам адзіным жыве чалавек. Патрэбна і далейшае развіццё сацыяльнай сферы — адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры, спорту, турызму, сацыяльнай абароны, а таксама зберажэнне і ўзнаўленне гістарычнай спадчыны.

На мой погляд, наша краіна, Рэспубліка Беларусь, можа ганарыцца дзяржаўнымі сімваламі, помнікамі архітэктуры, якія ўзноўлены за апошнюю чвэрць стагоддзя. Сярод іх асабліва ярка ззяе зорка Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля. Адзін з маіх самых любімых паэтаў XX стагоддзя Роберт Раждзественскі сказаў “Імгненні паміж мінулым і будучыняй належаць усім нам”. А гэта і ёсць імклівы час стваральнай працы несвіжан на карысць роднай Айчыны.

— Дзякуй, Уладзімір Несцеравіч, за інтэрв’ю. Хацелася, каб сустрэчы на старонках  нашай газеты сталі рэгулярнымі.

—       Я згодзен. З вялікім задавальненнем прымаю Вашу прапанову.

Гутарыла  Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.