Каб ведалі і памяталі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

271

Формы работы калектыву Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея з насельніцтвам самыя розныя.

— Апошнім часам больш працуем для дзяцей школьнага ўзросту, — апавядае старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Шкрабіна. — Болей распрацавалі тэм. Напрыклад, у зале этнаграфіі — “Калі ласка ў нашу хатку” і “Цікавыя і невядомыя рэчы ў сялянскай хаце”. Гэта для школьнікаў 1 — 4 класаў, каб дзеткі з маленства бачылі, ведалі, цікавіліся: а што гэта за рэчы, якімі карысталіся нашы прабабулі і бабулі, дзядулі і прадзядулі? Мы загадваем юным наведвальнікам розныя загадкі па тэмах, адгадкі ж яны могуць адшукаць у зале музея, вакол сябе.

Гэтак жа ў зале гісторыі горада адказы на віктарыны і загадкі па гарадской тэме можна знайсці побач.

У гэтым годзе была распрацавана музычная гульня таксама для пачаткоўцаў “Вандроўкі ў мінулае”, зарыентаваная на гісторыю нашага горада і раёна. Дзеці займаліся ў зале пошукамі клада.

Распаўсюджанай формай работы музейшчыкаў сталі ўрокі. Напрыклад, 30-годдзю з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС прысвечаны ўрок “Званы Чарнобыля”. Назва ўрока “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны” таксама гаворыць сама за сябе. Ён прысвечаны Дню Перамогі, 75-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Дню вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наогул, гэта тэма не можа мець нейкіх часовых рамак, бо яна святая… Вольга Шкрабіна падабрала для аповеду дзеткам успаміны чатырох удзель-нікаў Вялікай Айчыннай вайны: Дзмітрыя Пятровіча Хмеля, Адольфа Мікалаевіча Макавоза, Аляксандры Гаўрылаўны Мельнікавай і Захара Паўлавіча Петрачкова. Гэта людзі розных лёсаў, як у ваенны час, так і ў мірны: святар, салдат Чырвонай Арміі, партызанка… Робячы спачатку агульны агляд-экскурс у гісторыю Вялікай Айчыннай, Вольга Уладзіміраўна паступова пераходзіць на асобы. Яркія, эмацыянальныя ўспа-міны ветэранаў аказваюць пэўнае ўражанне на слухачоў, застаюцца ў памяці.

Урок абавязкова праходзіць у зале вайны. Тут зусім іншая атмасфера, не як у школе. Дзеці могуць памераць каску, патрымаць у руках гільзу, кацялок, флягу, відэлец, лыжку, партупею… Тое, што дазваляецца. Урок суправа-джаецца і фотапрэзентацыяй. Юныя наведвальнікі даведваюцца, як цяжка даводзілася падчас вайны дзецям, як яны галадалі, як многа і знясілена працавалі, былі сувязнымі партызанскіх атрадаў, дапамагаючы дарослым каваць перамогу. Жудасць таго, што стварылі фашысцкія карнікі на савецкай зямлі, адлюстроўваюць здымкі блакаднага Ленінграда. А на завяршэнне — сустрэча пераможцаў са слязьмі на вачах, аднаўленне разбураных фабрык і заводаў, гарадоў і вёсак…

Развітваючыся, Вольга Шкрабіна дае дзецям заданне:

— Распытайце ў сваіх родных, як ваша сям’я перажыла вайну. Гісторыя кожнай сям’і — гэта гісторыя нашай краіны.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.