Мая прафесія — дойлід

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Калі твая справа — тваё прызванне, гэта найвялікшае шчасце. Але да ўпэўненасці ў тым, што лепш за цябе яе не зробіць ніхто — доўгія гады, нават, дзесяцігоддзі карпатлівай, не заўжды ўдзячнай работы. Ёсць усведамленне, якое радуе і насцярожвае адначасова: іншай дарогі ў гэтым жыцці для цябе няма. Пры такіх умовах, з аднаго боку, можна ўсім сэрцам аддацца рамяству, на якое цябе бла-славіў Бог. Але разам з гэтым — не пазбегнуць вялікай адказнасці, што кладзецца на твае плечы. Такая бескампраміснасць пад сілу толькі моцным цэльным асобам.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Я — дойлід, майстэрства маё вядома ў Беларусі і за яе межамі. Мой стаж у гэтай прафесіі налічвае ўжо амаль паўвека. А вучыўся я гэтай справе ў яўрэяў, да якіх трапіў 17-гадовым хлапчуком. Я прайшоў даволі суровую школу майстэрства, але менавіта гэта дазволіла стаць сапраўдным прафесіяналам — і рукамі, і душой, і сэрцам. Малы Толік разам з дарослымі  мулярамі, тынкоўшчыкамі, бляхарамі займаўся рэстаўрацыяй цэркваў. Справай у тыя часы не тое што няўдзячнай, а нават небяспечнай. Прыходзілася хавацца, а калі зловяць каго камсамольцы ці каму-ністы, дык стрыглі нагала, здзекаваліся. Вось так, дзень за днём, крок за крокам станавіўся я сапраўдным майстрам. З   удзячнасцю ўспамінаю дзядзьку Мішу (Мойшу), свайго настаўніка. Ён навучыў, як браць конус, круг, як захоўваць сіметрыю. І сёння шукаю я ў сваіх вучнях прагі да справы, жадання пераняць усе майстэрскія тонкасці рамяства. Але такое здараецца рэдка — няма і прыгажосці ў вачах чалавека. Грошы нас губяць. Дзе б я ні рабіў  купалы, заўжды набіраю “свежых” людзей. Паказваю, накіроў-ваю, выпраўляю хібы, але асноўную справу робяць яны. Я ж майстар,  па стуку малатка разумею, што яны робяць. Рабіць дрэнна нельга — нават, калі  ніхто не ўбачыць ці не зразумее. Стараюся давесці да чалавека, што ён будзе вельмі шкадаваць, калі спрацуе несумленна. Гэта ж купалы — яны ж стагоддзямі пасля нас стаяць будуць. Мы проста не маем права рабіць гэту справу няякасна, абы як. Бывае, можна адну дэталь падганяць дзень, а бывае, і за тыдзень удасца купал злажыць — вось такая справа. Наогул, я магу доўга расказваць пра асаблівасці, пра тонкасці іх стварэння, пра гісторыю, пра кожны купал. У мяне надзвычайна трапяткія адносіны да маіх купалаў, бы да  ўласных дзяцей. Крывёю і потам даецца “залатое” пакрыццё купалаў. Вялікія, залацістага колеру лісты ўручную трэба разрэзаць на сегменты пэўнай формы і памеру. Гэта фізічна дастаткова цяжкая праца. Наразаем мы сегменты ў форме ромбаў, потым з дапамогай спецыяльнага  агрэгата загінаем чатыры бакі кожнага сегмента такім чынам, каб потым была магчымасць “абшыць” імі купал. Ромбы ставяцца ўшчыльную па прынцыпу замка і  мацуюцца ўсяго адной клёпкай.

Самая няпростая задача — звесці ромбы  ў кола. Купалы задуманы круглымі ў форме “цыбулі”, а таму памыліцца  нельга нават на сантыметр. Прасцей робіцца  шмат-граннік — з шасці ці чатырох граняў. Дайшоў да грані, убачыў памылку, паправіў. А ў круглым — не, і пераробліваць  прыходзілася: павінна ж быць ідэальна, па праваслаўных канонах — “цыбулька”. І з Божай дапамогай усё атрымліваецца выдатна.

“Дарогаю добрай ідзі,” — раіць Рыгор Барадулін. Велічныя, з залатымі купаламі храмы дапамогуць нам трымацца правільнага шляху. Вось-вось і наш Храм у Нясвіжы расчыніць свае дзверы для вернікаў.

Анатоль КАМЕНКА,

г. Нясвіж. 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.