Музычнае асарці

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

2016_1

Так можна назваць канцэрты, якія праходзяць кожныя выхадныя ў гарадскім парку. На іх можна пачуць і ўбачыць самыя розныя жанры і розных выканаўцаў: ад 10-і да 80-і гадоў. Так, напрыклад, у мінулую суботу выступаў хор ветэранаў працы г.Нясвіжа “Аптымісты”. Праграма была складзена з улікам самых разнастайных густаў, у канцэрце гучалі народныя, лірычныя, жартоўныя творы. Хіба можна быць раўнадушным, слухаючы неўміручую “Смуглянку” ці хітовую “Галіну”, або “Недзе ў пасёлку”?! Спадабалася прысутным рытмічная песня “Спявай, гітара!”, тэмпераментная “Серэнада” і пяшчотная “Зорка пунсовая” ў выкананні мужчынскай групы хору. Не скупіліся на апладысменты гледачы і ў час, калі гучалі песні “Лёс”, “А ён мне падабаецца”,  “Ехаў Ясь на кані”, байкі “Кемлівы зяць” у выкананні Ганны Бянькоўскай і “Павячэралі” — яе на ўкраінскай мове  прачытаў дэбютант, навічок хору Віктар Андросенка.  Дастойна выступілі і нашы салісты Тамара Зубрыцкая і Лідзія Дыкіна, Ганна Ярмалінская і Віталь Раманчук, Нэлі Сінішова. Прыемна, калі бачыш, што выступленне прыносіць людзям добры настрой і ажыўленасць, нагадвае пра тое, што жыць трэба з аптымізмам і весела. А яшчэ хачу прывесці словы адной глядачкі па імені Галіна: ”Ужо сам факт, што на сцэну выходзяць людзі “залатога”  ўзросту, заслугоўвае павагі і вымушае нас усіх быць заўжды пазітыўнымі. Малайцы, “Аптымісты”!

У нядзелю выступалі аматарскія калектывы з Сейлавіч і Карцэвіч. Іх музычна-забаўляльнае прадстаўленне было вясёлым і разнапланавым. Варта адзначыць і прыгожыя касцюмы ансамбля песні і пляскі “Вдохновение” Сейлавіцкага сельскага клуба, песні з падтанцоўкамі гэтага калектыву. хораша спявала Людміла Юрашчык.

Артысты Карцэвіцкага СДК праводзілі тэатралізаваныя гульні,  ролю забаўніка Несцеркі выконваў школьнік Паша Крыварот. Прыемныя эмоцыі выклікала і выступленне юнай спявачкі Насці Куніцынай.

Словам, усе былі на ўзроўні. Хачу зазначыць, што калектывы, якія мне даводзілася чуць і бачыць, пастаянна ўдасканальваюць сваё выканаўчае майстэрства.

Раіса ХВІР,

 г.Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.