На сустрэчу з “Дакрананнем”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Удзельнікі адкрыцця выставы. Справа — дырэктар  Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея Інэса Піваварчык

Удзельнікі адкрыцця выставы. Справа — дырэктар
Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея Інэса Піваварчык

У Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы жывапісу мастака Алеся Квяткоў-скага “Дакрананне”. Як патлумачыў сам аўтар, гэта назва сімвалізуе дакрананне творчасцю да Радзімы, да свайго роду, да знаёмых людзей.

Цягу да творчасці ён адчуў даволі рана — у пяць гадоў пачаў вучыцца маляванню ў студыі Рэспубліканскага палаца піянераў у Мінску, у выдатнага педагога і мастака Сяргея Каткова. З гэтым імем звязана стварэнне Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве (цяпер — каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка), які і скончыў Алесь Квяткоўскі. На гэтым мастак не спыніўся і працягнуў сваю адукацыю ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, на кафедры манументальнага жывапісу, вучыўся ў выдатных майстроў беларускага мастацтва Гаўрылы Вашчанкі і Уладзіміра Стэльмашонка. Пасля заканчэння інстытута ў 1975 годзе працаваў рэстаўратарам, іканапісцам. З 1978 по 2013 год узначальваў студыю выяўленчага мастацтва “Квецень”, аддзяленні якой дзейнічалі пры Мінскім палацы чыгуначнікаў, Цэнтры эстэтычнага выхавання, Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Амаль 40 гадоў Алесь Квяткоўскі прысвяціў выкладчыцкай дзейнасці, цяпер выкладае малюнак і жывапіс на архітэктурным факультэце БНТУ. З 1990 года ён з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. Працуе ў станковым жывапісе, графіцы, манументальным мастацтве. У актыве мастака больш за 40 персанальных выстаў, а яго творы знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях у Беларусі, Францыі, Швейцарыі, Германіі, Ірландыі, ЗША і іншых краінах.

Алесь Квяткоўскі  каля сваёй карціны “Дамінік Квяткоўскі едзе на Грунвальд”,  прысвечанай унуку

Алесь Квяткоўскі каля сваёй карціны “Дамінік Квяткоўскі едзе на Грунвальд”, прысвечанай унуку

З адкрыццём выставы ў Нясвіжы мастака павіншавалі і яго сябры — мастацтвазнаўца, член Саюза мастакоў Беларусі Мікалай Паграноўскі, гісторык, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гістрыі і культуры Антон Астаповіч, галоўны захавальнік фонду саюза мастакоў Беларусі Іна Сітніца, мастакі Вера і Аляксандр Салдатавы. У сваіх выступленнях яны, кожны па-свойму, адзначылі, што творчасці мастака ўласцівы выразная дэкаратыўнасць і лаканічнасць, асаблівы паэтычны сімвалізм, і што часта яго карціны нараджаюцца ў сімбіёзе з паэзіяй. Сам мастак расказаў, што, напрыклад, штуршком для ўзнікнення так званай “мядовай” серыі работ стаў верш беларускага паэта Анатоля Сыса “Начаваў я ў вуллі…”, а “Песні дрыгвы” з’явіліся дзякуючы вандроўкам па Палессі і вершу  Віктара Шніпа “Балота”.

Гэтыя і іншыя карціны, у якіх адлюстраваны вобразы беларускай прыроды і родных людзей мастака, можна ўбачыць на выставе “Дакрананне”, якая будзе дзейнічаць у Нясвіжскім гісторыка-края-знаўчым музеі да 17 ліпеня.

На памяць аб вернісажы Алесь Квяткоўскі падараваў Нясвіжскаму гісторыка-краязнаўчаму музею сваю карціну “Лес”, а пасля ўрачыстага адкрыцця выставы аўтар і яго сябры наведалі кватэру-музей Міхася Сеўрука, дзе былі вельмі прыемна ўражаны якасцю захавання памяці пра выдатнага мастака.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.