Няхай дабрыня выратуе свет

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

духовность

…60-гадовы бабруйчанін накінуўся на сваю 59-гадовую жонку з нажніцамі і смяротна параніў яе ў грудзі…

…36-гадовы жыхар гэтага ж горада ў прыступе лютасці нажом зрэзаў на патыліцы жонкі валасы, заадно прыхапіўшы вялікі шматок скуры…

…Жыхар Навагрудка да смерці збіў стрыечнага брата…

…Жыхар Гомеля катаваў свайго пажылога бацьку-інваліда…

…30-гадовы беспрацоўны мінчанін украў у роднай маці халадзільнік, які прадаў, каб купіць спіртное…

…У Полацку 19-гадовая рабочая забіла 23-гадовую сястру малатком…

…Несвіжане — муж і жонка — у стане алкагольнага ап’янення ўчынілі сварку. Мужчына ўдарыў нажом жанчыну, якая памерла на месцы здарэння…

…25-гадовы жыхар Магілёва двойчы ўдарыў маці па галаве шкляной вазай, што прывяло да лятальнага зыходу…

…У Мінску ідзе суд па справе аб жорсткім забойстве вядомай спарт-сменкі Юліі Балыкінай. Абвінавачваецца былы яе хлопец, расіянін. Будучы пад уздзеяннем наркотыкаў, ён ударыў дзяўчыну малатком не меней 12 разоў, 11 удараў прыйшлося ў галаву…

Рэдка які нумар рэспубліканскіх газет выходзіць без такіх вось “чорных” навін. На тэлеканале “Беларусь 1” крымінальнай хроніцы прысвечана перадача “Зона Х”, якая выходзіць у эфір 4 разы ў суткі па буднях. Хапае фактаў…

Стужкі навін такога кшталту выклікаюць жудасць і страх. Што ж гэта робіцца з людзьмі?! Не, забойца — гэта нелюдзь. Кат, мучыцель — гэта нелюдзі. Гэта пачвары, якія інакш не ўмеюць, не могуць прадэманстраваць свае сілы і розум. Яны жывуць з эйфарыяй адчування сваёй магутнасці, кіруюцца толькі вострым жаданнем быць уладарамі над іншымі, распараджацца чужымі лёсамі. Хаця не маюцьдля гэтага ні маральнага, ні юрыдычнага права.

А як жа нейкая магутная ўнутраная патрэба абараняць і аберагаць?! Яе няма.

Баль правіць яркая ўспышка нянавісці, неўтаймаваная лютасць, калі чалавек не ўмее і не хоча стрымліваць свае адмоўныя эмоцыі. Тактам, інтэлектам, выхаваннем, спагадай, прымірымасцю там і не пахне…

Прычыны такіх паводзін могуць быць розныя. Магчыма, ахвяра сама давяла, справакавала забойцу на такі крайні крок. Усяляк бывае. Не нам судзіць. Але жыццё адбіраць у чалавека — нельга.

На шчасце, не ўсё так змрочна. Бо можна прывесці і супрацьлеглыя прыклады. Калі шчырая любоў, ласка, дабрыня, клопат праяўляюцца ад усяго сэрца, ад шчодрай душы, ад усвядомленасці таго, што “гэта трэба зрабіць”, “хто, як не я?”, “мая дапамога неабходна”, або проста — без усялякіх баз і фундаментаў чалавек ратуе другога, акружае цяплом і ўвагай. І я веру, што такіх фактаў значна болей. Можа, пра іх меней паведамляюць. Альтруісты не любяць хваліцца сваімі добрымі справамі.

…У хірургічным аддзяленні райбальніцы сын даглядаў сваю пажылую маці, якая прайшла складаную аперацыю. Праводзіў побач з ёй ночы. Выконваў усе гігіенічныя працэдуры (кожны разумее, што такое — ляжачы хворы). Пры патрэбе звяртаўся па нейкую дапамогу да са-нітарачкі. Потым прысаджваў жанчыну, карміў. У калідоры па тэлефоне “дакладваў” камусьці са сваякоў аб стане роднага чалавека…

…У неўралагічнае аддзяленне баль-ніцы нявестка двойчы ў дзень прыязджала да хворай свекрыві, якая ляжала з дыягназам “інсульт”. Варочала яе, ляжачую, змазвала цела, каб не было пролежняў, абмывала, мяняла начныя кашулі і прасціны, падбівала падушку, карміла, пазней пачала садзіць бабулю, потым ставіць на ногі каля ложка. І ўсё гэта рабіла няспешна, грунтоўна. З добрым словам “мама”. Побач быў, дапамагаў і муж несвіжанкі, сын хворай кабеты. Бабуля не гаварыла, толькі асобнымі гукамі нешта давала знаць. Ды час ад часу сарамліва ўсміхалася, адчуваючы сябе, мусіць, ніякавата ад такой бездапаможнасці, ад таго, што прыносіць столькі клопатаў. А ўсмешка яе была такой лагоднай. Нявестка размаўляла з хворай, здагадваючыся, што тая мела сказаць, а можа, проста гаварыла добрыя словы, бо хворы чалавек хоча чуць голас блізкага, ведаць, што ён патрэбны, не забыты, не пакінуты.

Пазней я на бальнічным двары сустрэлася з Аленай (так завуць нявестку). Яна сказала, што бабуля памерла: адбыўся збой у іншых органах, прыйшлося перавесці ў іншае аддзяленне, але зношаны, спрацаваны арганізм ужо не вытрымаў… Толькі мая знаёмая ні на хвілінку не пашкадавала, што столькі часу “дарэмна” выходжвала свякроў, што ўсё роўна тая не паправілася. Не, яна рабіла па-чалавечы, з дабрынёй і душэўнасцю, можа, нават не па абавязку, а іменна — ад чыстага сэрца…

…У сям’і несвіжан Сухаверх жыве бяда. Дачушка Ульянка нарадзілася са шматлікімі цяжкімі дыягназамі. Каб яе можна даглядаць дома, а не ў бальніцы, патрэбен быў апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх. Каб сабраць неабходныя на яго грошы, бацькі звярнуліся па дапамогу да грамадскасці. УКантакце  была створана група “Не прайдзіце міма!!! Дапаможам Ульянцы!!!” Банкаўскія рэквізіты для пералічэння сродкаў з’явіліся ў інтэрнэце 27 красавіка. 24 мая збор быў закрыты — неабходная сума набралася. У дабрачыннай акцыі ўдзельнічалі жыхары Беларусі і іншых краін. У Баранавічах прайшоў дабрачынны канцэрт “Музыка дзеля жыцця”. Інтэрнэтная група “Жалюзі, Рольшторы. Нясвіж” правяла 16 — 23 мая акцыю: пры заказе ў гэтыя дні іх тавараў усе выручаныя грошы пайшлі на дапамогу хворай дзяўчынцы. Свой унёсак зрабілі групы “Нясвіжскае Аўтамабільнае Згуртаванне” і “Салігорскія аўтааматары”… І яшчэ многія іншыя неабыякавыя людзі, якія не ачарсцвелі душой…

На днях на вочы трапіліся газетныя радкі. Беларускі пісьменнік Артур Вольскі сказаў: “Кожны добры позірк — набыццё, а кожны злосны позірк — гэта страта”.

Дык давайце жыць, каб не страчваць. З дабрынёй у душы і сэрцы.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.