Санітарнай службе раёна – 70 гадоў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

106#санстанция_юбилей_16.06.2016

Санітарная служба раёна адсвяткавала 70 гадоў з дня свайго ўтварэння. Для правядзення ўрачыстага мерапрыемства прадаставіў сваю актавую залу Нясвіжскі каледж імя Якуба Коласа, навучэнцы якога арганізавалі для віноўнікаў урачыстасці сапраўднае свята, напоўненае цікавай інфармацыяй, музычнымі падарункамі і шчырымі віншаваннямі.

Калі зазірнуць у гісторыю, то свой пачатак санітарная служба бярэ яшчэ ў 70-я гады ХІХ стагоддзя. У перыяд тагачасных эпідэмій халеры і іншых інфекцый у губернях і паветах пачалі працаваць пастаянныя санітарныя камісіі.

У 1908 годзе Мінскі губернскі камітэт зацвердзіў палажэнне аб урачэбна-санітарных саветах, на якія ўскладаліся абавязкі барацьбы з эпідэміямі, а з арганізацыяй у 1919 годзе ў БССР са-нітарна-апідэміялагічнага аддзела былі закладзены асновы цяперашняй санітарнай службы.

Пачаткам станаўлення і далейшага развіцця гэтай службы на нясвіжскай зямлі можна лічыць 1946 год, калі ў раёне пры райгарздраўаддзеле пачалі працаваць санітарныя інспектары. Ад першых з іх у гісторыі засталіся толькі прозвішчы — Іванова і Дарашэвіч.

Матэрыяльная база ўстановы ў першыя гады работы была слабой — санэпідстанцыя размяшчалася ў былым жылым доме па завулку Савецкім з чатырма пакоямі, не мела свайго транспарту. Штат складаўся з 13 чалавек.

Асноўнай задачай санслужбы ў той час была барацьба з інфекцыйнай захворваемасцю, і яна паспяхова вырашалася. К 1957 году была ліквідавана захворваемасць на дыфтэрыю, што было адным з лепшых паказчыкаў у рэспубліцы. Са з’яўленнем вакцын удалося ліквідаваць поліяміеліт і сталбняк, звесці да мінімуму захворваемасць на  адзёр і коклюш. Быў знішчаны тыф, звяліся да мінімуму ўспышкі шкарлятыны і параціту, не рэгістраваліся ўспышкі вострых кішэчных інфекцый.

Нясвіжская санэпідстанцыя стала школай перадавога вопыту па імунапрафілактыцы насельніцтва, на яе базе праводзілася вучоба з галоўнымі ўрачамі і эпідэміёлагамі санэпідстанцый іншых раёнаў. Актыўны ўдзел у гэтай рабоце прымалі С.І. Токарава і яе памочнікі А.А. Аў-дзеева, Г.Дз. Драгун, У.А. Мінец і іншыя.

Ад імя ветэранаў санітарнай службы да прысутных звярнулася без перабольшвання можна сказаць легендарная Сцефаніда Ігнатаўна Кісялёва, якая 37 гадоў узначальвала Нясвіжскую санстанцыю, а ўвогуле аддала гэтай установе 47 гадоў жыцця. Прыйшоўшы сюды кіраўніком у вельмі няпростым па санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыі 1951 годзе, першы час яна ўсе свае сілы аддавала барацьбе з інфекцыямі, асабліва сярод дзяцей, і гэта праца мела выдатныя вынікі — вопыт Нясвіжскай санстанцыі па ліквідацыі дыфтэрыі ў раёне быў адлюстраваны ў часопісе “Эпідэміялогія. Мікрабіялогія. Імуналогія”.

У першым радзе — ветэраны санітарнай службы  Сцефаніда Ігнатаўна Кісялёва, Аляксандра Рыгораўна Куцэра, Зоя Мікалаеўна Цар, Ядзвіга Іосіфаўна Пявец

У першым радзе — ветэраны санітарнай службы
Сцефаніда Ігнатаўна Кісялёва, Аляксандра Рыгораўна Куцэра, Зоя Мікалаеўна Цар, Ядзвіга Іосіфаўна Пявец

За шматгадовую добрасумленную працу Сцефаніда Ігнатаўна адзначана званнямі “Выдатнік аховы здароўя”, “Ветэран працы”, “Ударнік 10-й пяцігодкі”. У красавіку яна адзначыла 90-гадовы юбілей і з радасцю скарысталася магчымасцю наведаць урачыстаць, прысвечаную любімай службе. У сваім прывітальным слове Сцефаніда Ігнатаўна ўзгадала шмат цікавага з амаль 50-гадовага вопыту работы, з радасцю адзначыла, як моцна змяніліся ў лепшы бок умовы працы калектыву санстанцыі і як шмат зроблена і пастаянна робіцца для захавання спакойнай санітарна-эпідэміялагічнай абстаноўкі ў раёне. Яна таксама выказала ўдзячнасць цяперашняму кіраўніцтву і ўсяму калектыву РЦГіЭ за ўвагу да ветэранаў і захаванне памяці аб іх рабоце, якая назаўсёды ўвайшла ў падмурак сучасных дасягненняў Цэнтра.

З імем С.І. Кісялёвай звязаны і другі этап дзейнасці санэпід-службы, падчас якога адбылося ўмацаванне матэрыяльна-тэхніч-най базы ўстановы. Яна перайшла ў будынак з большай плошчай, дзе мелася 16 пакояў, там адкрылася і бактэрыялагічная лабараторыя, якую ўзначаліла вопытны ўрач-бактэрыёлаг В.П. Пінькоўская. Да 40 чалавек павялічыўся кадравы склад, у штаце з’явіліся ўрач-эпідэміёлаг, урачы па гігіене харчавання, па гігіене дзяцей і падлеткаў.

Паступова пашыраліся і ўдасканальваліся ўсе функцыі сан-эпідслужбы. Здзяйсняўся кантроль за рэалізацыяй харчовых прадуктаў, грамадскім харчаваннем, камунальнымі аб’ектамі, водазабеспячэннем, умовамі працы на прадпрыемствах і ў сельскай гаспадарцы, за ўмовамі навучання і выхавання дзяцей і санітарным станам населеных пунктаў. У раёне разгарнулася барацьба за высокую санітарную культуру.

Нясвіжская санэпідстанцыя стала лепшай па арганізацыі харчавання сельгасработнікаў, па барацьбе з асоба небяспечнымі інфекцыямі, па імунапрафілактыцы, па арганізацыі кантролю за малакаперапрацоўчымі прадпрыемствамі.

Фельчар-лабарант  мікрабіялагічнай лабараторыі Цэнтра, старшыня  прафсаюзнага камітэта РЦГіЭ  Таццяна Ляташка

Фельчар-лабарант мікрабіялагічнай лабараторыі Цэнтра, старшыня
прафсаюзнага камітэта РЦГіЭ Таццяна Ляташка

Ганаровую грамату РЦГіЭ  атрымала ўрач-гігіеніст  Г.А. Хвіцько

Ганаровую грамату РЦГіЭ атрымала ўрач-гігіеніст Г.А. Хвіцько

Усе пачынанні райэпідстанцыі знаходзілі падтрымку і разуменне ў кіраўнікоў ведамстваў, прадпрыемстваў і арганізацый. Яна стала базай для інстытута ўдасканальвання ўрачоў па сацыяльнай гігіене. Прафесійным вопытам дзяліліся прызнаныя знаўцы сваёй справы — Н.К. Сарнацкая, Г.А. Хвіцько, З.М. Цар.

У 70-80-я гады Нясвіжская санэпідстанцыя працягвала быць адной з лепшых у вобласці, што неаднойчы пацвярджалі прызавыя месцы ў абласным конкурсе на лепшую санустанову. Як выдатных прафесіяналаў, на святочным мерапрыемстве ўзгадвалі С.П. Лагуна, В.М. Лагун, Г.А. Хвіцько, А.К. Аў-дзееву, Г.М. Кратовіч, Н.К. Сарнацкую, З.М. Цар, В.У. Турэйка, А.С. Ляха, Ф.І. Кухарэнка, Н.А. Калько, І.І. Івашкевіча, З.І. Гуль, З.А. Платун, Т.І. Мазур, А.Р. Куцэра і многіх другіх.

У 1990-м годзе раённая санстанцыя была пераўтворана ў Нясвіжскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Ёю тады кіраваў Валяр’ян Уладзіміравіч Касінскі. Дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, аўтар пяці навуковых публікацый, ён быў узнагароджаны знакам “Выдатнік аховы здароўя”, ганаровымі граматамі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Мінаблвыканкама і абласнога ўпраўлення аховы здароўя.

У 2000-м годзе санэпідслужбу раёна ўзначаліла Валянціна Мікалаеўна Лагун. Пасля заканчэння ў 1977 годзе Мінскага медінстытута, яна прайшла шлях ад урача па гігіене харчавання да загадчыка санітарнага аддзела і галоўнага ўрача Нясвіжскага РЦГіЭ. Валянціна Мікалаеўна ўзнагароджана граматамі Мінскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, Нясвіжскагарайвыканкама, упраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама.

З 2011 года РЦГіЭ узначальвае Яўген Вячаслававіч Белаус. Ад імя кіраўніцтва ўстановы ён звярнуўся з цёплымі словамі віншаванняў да свайго калектыву і ветэранаў службы, а таксама выканаў пачэсную місію ўзнагароджвання.

Выдатным мастацкім сюрпрызам для ўдзельнікаў  урачыстасці стала выступленне народнага ансамбля  “Нясвіжскія лыжкары”

Выдатным мастацкім сюрпрызам для ўдзельнікаў
урачыстасці стала выступленне народнага ансамбля
“Нясвіжскія лыжкары”

Ганаровая грамата Мінскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі была ўручана фельчару-лабаранту мікрабіялагічнай лабараторыі Цэнтра, старшыні прафсаюзнага камітэта РЦГіЭ Таццяне Ляташка, Ганаровыя граматы РЦГіЭ атрымалі ўрач-гігіеніст Г.А. Хвіцько, памочнік урача-эпідэміёлага І.І. Івашкевіч, памочнік урача-гігіеніста А.С. Лях.

За гады фарміравання і развіцця санітарнай службы значна пашырыліся накірункі яе дзейнасці: сёння санітарная служба раёна каардынуе выкананне мерапрыемстваў рэспубліканскіх, абласных і раённых праграм, здзяйсняе пастаянны дзяржаўны нагляд за захаваннем санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства, за арганізацыяй і правядзеннем мерапрыемстваў па зніжэнні захворваемасці насельніцтва, рэгулюе пытанні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту, здзяйсняе санітарна-гігіенічную экспертызу і санітарна-гігіенічны маніторынг якасці асяроддзя жыцця і стану здароўя насельніц-тва, праводзіць гігіенічнае навучанне і работу па фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця, прымае меры па паляпшэнні ўмоў працы работнікаў. Пад санітарным кантролем знаходзіцца каля 100 аб’ектаў.

І хаця, як заўважыў галоўны ўрач РЦГіЭ Я.В. Белаус, работа санітарнай службы відна не так яскрава, як, напрыклад, работа ўрачоў, якія працуюць непасрэдна з чалавекам і яго хваробай, аднак менавіта працаўнікі сан-эпідслужбы прыкладваюць вельмі шмат намаганняў  для таго, каб гэтых хвароб было як можна менш, і каб нашы людзі маглі спакойна хадзіць па чыстай, прыгожай зямлі і заставацца здаровымі і на рабоце, і дома. І ў гэтым — асноўная задача іх працы, якую яны выконвалі і яшчэ доўга будуць выконваць з усёй адказнасцю і добрасумленнасцю, пільна стоячы на варце грамадскага здароўя.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.