Вытворчасць шаўкатканых паясоў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

пояс

Слуцкія паясы як унікальныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва займаюць у гісторыі Нясвіжа асабліва значнае месца. Менавіта ў нашым горадзе была створана мануфактура па іх вытворчасці — адна з першых у Рэчы Паспалітай. З цягам часу паясы, вырабленыя на радзівілаўскай персіярні ў Слуцку, набылі статус брэнда Беларусі — гістарычнага і культурнага сімвала.

Узнікненню вытворчасці шаўкатканых паясоў мы абавязаны модзе XVІIІ стагоддзя. А дакладней, “польскаму” комплексу мужчын-скага касцюма з падпаясаным кунтушом. Шырокія і мяккія паясы з узорыстых шаўковых тканін у вялікай колькасці імпартавалі з Персіі, Асманскай Імперыі, Кітая і Індыі. Самымі дарагімі былі так званыя “адліваныя” ці “багатыя” паясы, вырабленыя з шаўковых і залатых або срэбных нітак. Яны маглі каштаваць да пяцісот дукатаў, а адзін дукат быў роўны прыкладна тром залатым рублям. Некалькі танней былі “паўлітыя” паясы, дзе залатыя ці сярэбраныя ніткі дадаваліся да шоўку толькі ва ўзорах арнаментаў.

Вялікі попыт на ўсходнія паясы, іх высокі кошт  сталі галоўнымі фактарамі стварэння персіярняў у Нясвіжы і Слуцку. На пачатку 40-х гадоў ХVІІІ стагоддзя Міхаіл Казімір Радзівіл Рыбанька заснаваў у Нясвіжы мануфактуру кунтушовых паясоў, для чаго запрасіў з Персіі і Турцыі майстроў па іх вытворчасці. Для  падрыхтоўкі майстроў шаўкаткацтва князь накіраваў у Станіслаў прыдворных мастакоў Тамаша Хаецкага і Яна Галадоўскага, якія пасля навучання паспяхова кіравалі вытворчасцю паясоў у Нясвіжы. Гаспадарчыя рэестры Нясвіжскай ардынацыі сведчаць, што Міхаіл Казімір ахвотна дарыў розным вяльможам “персідскія паясы”, зробленыя ў Нясвіжы. 24 студзеня 1758 года была падпісана знакамітая дамова паміж Міхаілам Казімірам Радзівілам і Янам Маджарскім, таленавітым майстрам, які атрымаў высокую прафесійную загартоўку на лепшых турэцкіх мануфактурах. Згодна з дамовай, Маджарскі абавязваўся ткаць: “макаты, даўдыкі (пакрывалы на каня), дываны, паясы рабіць, з кветкамі, асобамі, лічбамі, золатам, срэбрам, шоўкам, паводле пададзенага абрысу”, а таксама браўся навучаць радзівілаўскіх майстроў сакрэтам усходняга ткацтва. Акрамя тыднёвай пенсіі ў адзін чырвоны злоты, у якасці ўзнагароды майстру дазвалялася ткаць вырабы з уласных матэрыялаў і атрымліваць прыбытак з іх для сваёй выгады.

Пасля смерці Іераніма Фларыяна Радзівіла ў 1760-м годзе Міхаіл Казімір аб’яднаў нясвіжскую мануфактуру са слуцкай. Кіраваць вытворчасцю быў прызначаны Ян Маджарскі.

Менавіта Маджарскім быў створаны тып пояса, якi пазней атрымаў назву “слуцкі”. Даўжыня яго вагалася ад двух да чатырох з паловай метраў, шырыня — 20-40 сантыметраў. Паводле ніцянога складу паясы падзяляліся на простыя, паўлітыя, літыя. Слуцкім паясам характэрны спалучэнні блакітных, зеленаватых, ружовых колераў, наяўнасць махры. Было распрацавана сем новых тыпаў арнаментацыі з сучаснымі асацыятыўнымі назвамі: “карумфіль” (“гваздзік”), “сухарык” (“расада”), “кітайскае воблачка”, “васілёк”, “букет”, “квітнеючыя пні” і “вянкова-медальённы”. Пад кіраўніцтвам Яна Маджарскага была наладжана вытворчасць “двухасноўных”, альбо чатырохбаковых паясоў, у якіх адрозніваліся па колеры паловы кожнага з бакоў. Пояс мог быць і святочным (залатая ці белая палова), і што-дзённым (зялёная, чырвоная паловы), і жалобным.

На аблямоўцы паясоў змяшчалі ткацкую марку з вытканым імем майстра (“Ян Мажарскі”, “Лео Маджарскі”), ці месцам вытворчасці (“Слуцкъ”, “Въ грдъ Слуцкъ”).

У выніку канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай (1795) і далучэння этнічных зямель Беларусі да Расійскай імперыі, асартымент Слуцкай мануфактуры значна скараціўся. Пасля паўстання 1831 года царскі ўрад забараніў выкарыстанне традыцыйнага касцюма шляхты, разам з ім выйшаў з ужывання і кунтушовы пояс. Апошнія сведчанні аб ткацтве шаўковых паясоў у Слуцку адносяцца да 1846 года, у гэты час мануфактура была закрыта.

У Нясвіжскім замку шаўкатканыя паясы захоў-валіся як сямейныя рэлiквii роду Радзівілаў да 1939 года, калі замак быў нацыяналізаваны. Згодна з вопісам маёмасці замка ад 6 кастрычніка 1939 года, “у рыцарскай зале знаходзілася 32 слуцкіх паясы, якія прадстаўлялі вялікую мастацкую каштоўнасць”.

Цікавасць да слуцкіх паясоў значна ўзрасла пасля Дэкады выяўленчага мастацтва ў Маскве, якая адбылася з 6 па 15 чэрвеня 1940 года. На выставе было прадстаўлена 34 паясы кунтушовыя, у тым ліку з нясвіжскай калекцыі Ра-дзівілаў. Газеты “Літаратура і мастацтва”, “Звязда” надрукавалі артыкулы, у якіх паясы ўпамінаюцца як вырабы “выключна цікавыя тэхнікай сваёй вытворчасці і незвычайна высокім майстэрствам”, а калекцыя па сваёй паўнаце і разнастайнасці малюнка была названа адзінай у свеце.

Амаль адразу пасля выставы, 5 ліпеня 1940 года, на чарговым пасяджэнні Бюро ЦК КП (б) Б калекцыю паясоў з Нясвіжскага замка было вырашана перадаць Дзяржаўнай карціннай галерэі.

Аднак, у фондах галерэі паясы значыліся адносна кароткі час. У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны скарбы музея падрыхтавалі да эвакуацыі. Самае каштоўнае, у тым ліку і 48 паясоў, упакавалі ў драўляныя скрыні для транспар-ціроўкі, але ўратаваць іх не ўдалося. Далейшы лёс іх невядомы. Даследчыкі мяркуюць, што паясы былі адпраўлены ў Германію. Аднак існуюць і іншыя версіі, напрыклад, што скрыні са скарбамі музея былі засыпаны зямлёй падчас бамбёжкі ў адным з падземных хадоў пад Мінскам, якія выкарыстоўваліся як бамбасховішчы. Такім чынам, калекцыю слуцкіх паясоў з Нясвіжскага замка можна лічыць страчанай рэліквіяй Беларусі — неразгаданай тайнай гісторыі.

Людміла ЖУК,

малодшы навуковы супрацоўнік

ДУ “НГКМЗ”Нясвіж”.

(Працяг тэмы будзе).

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.