Завітая была нянькаю, а Нясвіж — настаўнікам

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

духовность

Адданасць Бацькаўшчыне, роднаму беларускаму свету праз усё жыццё спадарожнічала нашаму земляку Антону Мартосу (архіепіскапу Афанасію).

 Калі глядзіш на яго даўні, яшчэ даваенны фотаздымак, можа падацца, што гэта няйнакш вучоны, калі не гісторык ці мовазнаўца, то даследчык-географ: высокі адкрыты лоб, акуляры з круглымі шкельцамі, уніклівы позірк. Хударлявы. Адно што адзенне выдае ў ім святара. Архіепіскап Афанасій (свецкае імя Антон Вікенцьевіч Мартос) — прыкметны рэлігійны дзеяч ХХ стагоддзя.

І разам з тым гэтыя першапачатковыя здагадкі — хто ён? — маюць свае падставы: нарадзіўшыся на самым пачатку мінулага стагоддзя і пакінуўшы свет на 80-м годзе жыцця, Антон Мартос знаходзіўся ў віры гістарычных падзей свайго часу, даследаваў гісторыю царквы, выдаваў кнігі, ведаў 5 моў, вандраваў  па свеце, пачынаючы з Польшчы, Германіі і завяршаючы гарадамі Аўстраліі, краінамі Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі. Усё, што ён рабіў, было шчыраваннем розуму і сэрца на ніве Хрыстовай.

Выходзіў жа  на святыя палеткі Антон Мартос  з Нясвіжчыны, бо нарадзіўся ў сялянскай сям’і праваслаўных вернікаў Евы і Вікенція ў вёсцы Завітая. Хрысцілі яго ў Свята-Пакроўскай царкве, што ў Вялікай Ліпе. Вучыўся  ў народнай школцы ў Крутым Беразе, пасля ў Нясвіжы. Ужо ў сталым веку, далёка за морам, пра  сваё  дзяцінства і ранняе  юнацтва ён напіша: “Завітая была маёй нянькаю, а Нясвіж — настаўнікам. Тут прайшлі мае маладыя гады. Старэнькі дзед Макаш казаў мне казкі пра былое, а Завітанскі лес разбудзіў у маім сэрцы любоў да красы прыроды ды навучыў Богу маліцца ў адзіноце…”

І далей, яшчэ раз: “У Завітой я навучыўся верыць і маліцца.”

Выкажу  здагадку, што прозвішча святара ў беларускім варыянце гучыць як Мартос, гэта значыць, па-нашаму, па-беларуску. Такіх прозвішчаў нямала і цяпер у Гарадзеі і навакольных вёсках, да якіх належыць Завітая, дый шмат дзе на Нясвіжчыне. Але за польскім часам па дакументах праходзіў польскамоўны варыянт — Мартас, з націскам на другім ад канца складзе (тым больш, што завітанскі хлопец служыў  у польскім войску, пасля вучыўся на факультэце праваслаўнай тэалогіі Варшаўскага ўніверсітэта). На жаль,  паланізаваны варыянт прозвішча захаваўся пасёння і застаецца ці не адзіна-ўжывальным у розных даведніках і энцыклапедыях.

Сам жа Антон (царкоўнае імя Афанасій) да скону дзён заставаўся беларусам: падкрэсліваў гэта ў анкетах; у гады вайны бараніў прыхаджан Наваградскай епархіі ад прымусовага вывазу ў Германію; у паваенным Гамбургу, прызначаны правячым архіерэем Паўночна-Германскай епархіі, духоўна апекаваў усходнеславянскіх эмігрантаў; сабраў багаты матэрыял і там жа, у Германіі, на беларускай мове выдаў кнігу “Гісторыя Беларускай Праваслаўнай Царквы”.

Пазней уладыка Афанасій прызначаецца епіскапам Мельбурнскім, вікарыем Аўстралій-скай епархіі, праз 6 гадоў пераве-дзены на Аргенціна-Парагвайскую кафедру, пасля атрымоўвае тытул архіепіскапа Буэнас-Айрэскага і Аргенцінскага — як і раней, напоўніцу шчыруе на ніве Хрыстовай. А ва ўспамінах піша:

“З заморскага краю чулае сэрца рвецца на родныя гоні, а душа імкнецца ў мінулае, шукаючы там супакою. Туга па роднай краіне мацнее на далёкай чужыне…”

Падрабязна прыгадвае наш зямляк сваю сустрэчу з Бацькаўшчынай ў 1928 годзе (калі Антону Афанасію было 24 гады).

“На летнія вакацыі …  я паехаў у вёску. …Усе мае даўнія сябры і знаёмыя ў Завітой былі ласкавыя і ўважлівыя да мяне. Суседзі-святары, якія раней не ведалі мяне, запрасілі да сябе на прастольныя святы: у Сноў — на першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла 12 ліпеня (29 чэрв. ст. ст.), і  ў            Гарадзею — на свята святога прарока Іллі 2 жніўня (20 ліп. ст. ст.). у гэтых храмах я браў удзел у служэнні Літургіі. Упершыню я пазнаёміўся бліжэй з прыходскімі бацюшкамі, з іх прыхаджанамі і багамольцамі, якія зрабілі на мяне глыбокае ўражанне сваёй набожнасцю. Прапаведнікі гаварылі змястоўныя павучанні, мне здалося — лепшыя, чым у Варшаве.

Расставаўся я з родным домам, з усімі месцамі і сцяжынкамі, па якіх хадзіў, са слязьмі. Душа адчувала, што апошні раз бачу іх. Так і не давялося мне пабываць яшчэ раз на радзіме. Мінула пасля таго ўжо 50 гадоў, цэлыя паўстагоддзя, а ўсе гэтыя месцы стаяць у мяне перад вачыма як наяве, у поўнай сваёй красе і прывабнасці”.

Да апошніх дзён Антон Мартос дасылаў у Завітую лісты і пасылкі, якія атрымоўвалі па адрасе: вул. Лясная, 63. Па ўспамінах Канстанціна Канстанцінавіча Мартоса, яго ўнучатага пляменніка, у гэтым доме  жыла з дзецьмі Вольга Мартос, братава жонка святара. Мяркуецца, што менавіта там нарадзіўся і пражыў раннія гады наш выбітны зямляк. У сваіх допісах нязменна цікавіўся жыццём на Бацькаў-шчыне, завітанскімі навінамі. Адказы цешылі: усе пляменнікі вывучыліся, выйшлі ў людзі, а ў вёсцы, на новай вуліцы,  паклалі асфальт… Характэрная асаблівасць гэтага ліставання з Домам у Завітой, якую адзначаюць родныя, — нязменная беларуская мова. І сёння для нас вельмі важна, што частка перапіскі захавалася, з часам лісты на роднай мове могуць стацца добрым наглядным матэрыялам для радзімазнаўства, патрыятычнага выхавання.

Прадмову да згаданай кнігі, якая вытрымала тры  выданні, у тым ліку, з Божае ласкі ды бласлаўлення мітрапаліта Філарэта  ў 2000 годзе, архіепіскап Афанасій заканчвае на асаблівай патрыятычнай ноце. Такое шчырае, глыбока мудрае і разам з тым простае ў сваёй сутнасці прызнанне да роднай старонкі мала калі і пачуеш: “Каб моцна яе любіць, трэба беларусам радзіцца і беларусам памерці, бо хто аброс чужым мясам, не ўмее любіць Беларусь”. Цудоўны прыклад для нашчадкаў і вернікаў!

Думаючы пра лёсы такіх лю-дзей, як Антон  Мартос, засмучаешся і радуешся адначасна.  Аднак і на чужыне яны змаглі пабудаваць свой лёс, годна прадставіўшы родны край і народ у вялікай шматнацыянальнай люд-ской супольнасці. Яны засталіся да скону дзён беларусамі, а  іх малая  радзіма — сціплыя мястэчкі ці вёсачкі, як Завітая ў Антона Мартоса, былі  самым святым, самым прыцягальным і мілым месцам у свеце.

Наталля ПЛАКСА,

краязнаўца.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.