“Беларусь, Нясвіжскі край і Эдвард Вайніловіч”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

журналисты

26 жніўня ў Нясвіжы, у будынку кінатэатра “Салют”, адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя “Беларусь, Нясвіжскі край і Эдвард Вайніловіч”. Правядзенне гэтага навуковага форуму прысвечана Нясвіжскаму краю і знакамітай гістарычнай постаці нашай краіны — Эдварду Адаму Вайніловічу (1847—1928 гг.), жыццё і дзейнасць якога цесна звязаны з Нясвіжчынай.

Арганізатарамі канферэнцыі супольна выступілі Нясвіжскі раённы выканаўчы камітэт, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Рыма-каталіцкі касцёл у Беларусі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Удзел у рабоце канферэнцыі прымуць старшыня Нясвіжскага раённага выканаўчага камі-тэта Іван Крупко, акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Каваленя, архіепіскап-мітрапаліт Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Даніловіч, ксёндз-магістр, пробашч касцёла св. Сымона і Алены ў Мінску Уладзіслаў Завальнюк.

Эдвард Вайніловіч зрабіў вялікі ўклад у культуру, эканоміку, канфесійнае жыццё Беларусі, праславіўся сваёй дабрачыннасцю. Фактычна ўзначаліўшы ў 1888 г. Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі, ён даў магчымасць мець сваю ўласную зямлю вялікай колькасці гаспадароў на Міншчыне. Ён быў адным з заснавальнікаў таннага зямельнага крэдыту і сістэмы страхавання ў Беларусі. На пачатку ХХ ст., калі стала магчымым будаваць новыя касцёлы, ён стаў фундатарам касцёла св. Сымона і Алены ў Мінску, пабудаванага ў неараманскім стылі, які сімвалізаваў еднасць хрысціянскіх канфесій Беларусі, паколькі гэты стыль выкарыстоўваўся пры пабудове хрысціянскіх храмаў яшчэ да падзелу хрысціянства на праваслаўе і каталіцтва. Э. Вайніловіч быў гарачым патрыётам Беларусі, сведчаннем чаго стала падтрымка ім нацыянальных выданняў   газет “Наша Ніва” і “Беларус” на пачатку ХХ ст. І нават калі прэм’ер-міністр Расійскай імперыі Пётр Сталыпін прапанаваў яму стаць сваім намеснікам, Э. Вайніловіч адмовіўся, бо хацеў усе свае сілы прысвяціць Беларусі, а прапанову ён атрымаў у той час, калі працаваў у Нясвіжы.

Нясвіжчына — славуты на ўсю Беларусь і далёка за межамі край, з гісторыяй якога звязана мноства выдатных асобаў і падзей. Але, нягледзячы на гэта, многія пытанні яго гісторыі  застаюцца малавядомымі, мала даследаванымі да нашага часу. Да такіх пытанняў адносіцца перыяд апекі Эдварда Вайніловіча над Нясвіжскай ардынацыяй князёў Радзі-вілаў, якую ён ажыццяўляў на працягу 10 гадоў (1904—1914 гг.) і якая закранула фактычна ўсе пытанні гаспадарчага жыцця сучаснага Няс-віжскага раёна. Таксама застаюцца малавядомымі шырокаму колу грамадскасці пытанні адносінаў Эдварда Вайніловіча і сям’і Радзівілаў, якія ўтрымліваюць шмат цікавых момантаў.

Адказаць на гэтыя пытанні паспрабуюць гісторыкі, якія доўгі час займаюцца даследаваннем гісторыі Беларусі ХІХ – ХХ стст. Удзел у канферэнцыі прыме акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Касцюк, які раскажа пра род Вайніловічаў. Кандыдат гістарычных навук Віктар Кахновіч з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў сваім дакладзе распавядзе пра падзеі, звязаныя з апекай Э. Вайніловіча над нясвіжскімі ўладаннямі Радзівілаў. Адна з найбольш вядомых даследчыкаў канфесійнай гісторыі Беларусі, кандыдат гістарычных навук Валянціна Яноўская раскрые перад слухачамі панараму канфесійнага жыцця Нясвіжскага краю ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. Кандыдат гістарычных навук Наталля Анофранка раскажа пра вельмі цікавыя падзеі, якія адбыліся ў Нясвіжы ў 1813 г., а спецыяліст па гісторыі адукацыі, кандыдат гістарычных навук  Наталля Новік раскрые гісторыю Нясвіж-скай настаўніцкай семінарыі. Даследчык з БДУ, кандыдат гістарычных навук Віталь Макарэвіч раскажа дэтэктыўную, прыгодніцкую гісторыю, як нясвіжская шляхта ў ХІХ ст. пацвярджала сваё дваранскае паходжанне перад расійскімі ўладамі. І гэта далёка не ўсе з тых дакладаў, якія будуць прадстаўлены ўвазе зацікаўленага слухача.

Апроч навуковай часткі, ва ўдзельнікаў канферэнцыі будзе магчымасць наведаць выставу мёду на Ратушнай плошчы і паслухаць выступленне ансамбля “Тутэйшая шляхта” з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Завершыцца праграма канферэнцыі ўрачыстай Боскай літургіяй у Нясвіжскім касцёле Божага Цела, якая пачнецца а 13-й гадзіне.

Андрэй УНУЧАК,

кандыдат гістарычных навук,

загадчык аддзела гісторыі

Беларусі Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.