Добры след на зямлі

Поделитесь с друзьями
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

007

Пачынаў ён у гэтай будаўнічай арганізацыі — тады яна называлася Міжкалгасбудам — у 1965 годзе. Прыйшоў аўтакранаўшчыком, першакласным вадзіцелем. Потым прызначылі  майстрам, начальнікам участка, галоўным інжынерам. Апошнія тры гады  ён — намеснік кіраўніка. Уздыму па службовай лесвіцы спрыялі высокі  прафесіяналізм, скрупулёзнасць, энергічнасць, уменне арганізаваць работу людзей і — любоў да выбранай прафесіі.

З работай будаўнікоў ушчыльную сутыкнуўся іменна ў Міжкалгасбудзе. З кабіны аўтакрана назіраў за мантажом  канструкцый, як рабочыя раўнялі іх па адвесу, па грунтвазе, падказваў, як лепш павярнуць, каб калона  стала ці пліта лягла роўна. З’явілася цікавасць да ўсяго  гэтага працэсу. Кіраўнік арганізацыі Міхаіл Ігнацьевіч Карвіга заўважыў гэтую схільнасць маладога чалавека да іх справы і накіраваў  М.І. Татаржынскага на гадавыя  курсы майстроў-будаўнікоў у вучэбны кам-бінат, што ў Гомелі. Веды па тэхналогіі будаўнічай вытворчасці, па будмантажы давалі там грунтоўныя, глыбокія. Вывучаў геадэзію, нівеліраванне, будаўнічыя матэрыялы, канструкцыі, чытаў праектныя чарцяжы, чарціў сам. Шэсць месяцаў праходзіў практыку  на ўзвядзенні новага корпуса вучэбнага камбіната. Асвоіў кладку, бетанаванне, аддзелку. Закончыў курсы на “выдатна”.

У Нясвіж вярнуўся добра падкаваным спецыялістам. Пачаў працаваць майстрам. Атрымаўшы накіраванне ад дырэкцыі вучэбнага камбіната, чатыры гады  завочна павышаў свае веды ў Бранскім будаўнічым тэхнікуме імя Жукоўскага.

Самымі першымі аб’ектамі  Мар’яна Татаржынскага  падчас работы ў Міжкалгасбудзе  былі жылыя ведамасныя дамы іх арганізацыі па вуліцы Ленінскай — двухпавярховы і тры трохпавярховыя. А самым запамінальным аб’ектам, які пакінуў у душы пачуццё свята, радасці, вялікага задавальнення, стала цэнтральная раённая бібліятэка. Так атрымалася, што ўся нагрузка пры яе ўзвядзенні  лягла на яго, начальніка ўчастка. А дапамагаў вырашаць узнікшыя пытанні галоўны інжынер праекта Генадзь Антонавіч Дулевіч з Мінска. Пранікся М.І. Татаржынскі ўсім, што датычыла гэтага аб’екта. І яно таго каштавала: сёння раённая бібліятэка — візітная картачка горада. Яна разам з іншымі будынкамі ўпрыгожвае цэнтральную частку Нясвіжа.

— Ці можна вы-дзеліць ваш самы адказны аб’ект? — пацікавілася  я ў свайго суразмоўцы.

— Усе — адказныя, любыя, нават  самыя маленькія. Возьмем, напрыклад, будынак майстэрняў у калгасе, якіх мы раней шмат узвялі. Там жа працуюць людзі, ходзіць кран-бэлька, падымаюць грузы, стаіць тэхніка… І мы, будаўнікі, у адказе за іх бяспеку. Па-іншаму проста нельга.  Няякасным выкананне нашай работы  не можа быць, — адказаў Мар’ян Іосіфавіч.

— А самы цяжкі аб’ект?

— Лёгкага нічога не бывае. І немагчымага нічога няма. Калі ёсць жаданне — усё пад сілу, усё вырашаецца.

Далей наша гаворка зайшла пра людзей, з якімі даводзілася  раней працаваць Мар’яну Іосіфавічу Татаржынскаму. Якім кіраўніком, чалавекам застаўся ў памяці ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, старшыня Міжкалгасбуда Міхаіл Ігнацьевіч Карвіга?

— Ён трымаў дысцыпліну, быў гаспадаром свайго слова: сказаў — выканаў. Штодзённа  бываў на аб’ектах, сустракаўся з людзьмі, гутарыў. Калі да яго хто звяртаўся, нікому ні  ў чым не адмаўляў, дапамагаў або словам, або справай.

Пасля М.І. Карвігі  начальнікам стаў галоўны інжынер Міхаіл Іванавіч Мацэль.  Выдатны прафесіянал, заслужаны будаўнік Беларусі.  А колькі  добрых работ-нікаў назваў  Мар’ян Іосіфавіч з тых, хто ў тыя часы сваімі  рукамі клаў сцены — цаглінку да цаглінкі, манціраваў пера-крыцці, тынкаваў, фарбаваў, перавозіў будматэрыялы! Гэта брыгадзір муляраў Вячаслаў Канстанцінавіч Сень, яго жонка Любоў Пятроўна Сень, брыгадзір, потым — майстар аддзелачнікаў, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга; гэта  брыгадзіры муляраў Фока Аляксандравіч Жук і Уладзімір Ула-дзіміравіч Яроцкі. Адслужыўшы ў арміі, прыйшоў Алег Калоша: “Як бы на работу застацца?” Чаму ж не ўзяць?! Малады, энергічны. Мар’ян Іосіфавіч замацаваў Алега  вучнем да У.У. Яроцкага. За тры  месяцы юнак вывучыў кладку. Потым Алег Канстанцінавіч  сам доўгі час быў брыгадзірам муляраў. Усе яны з’яўляліся прыкладам высокага прафесіяналізму, крыніцай глыбокіх ведаў будаўнічай справы.

Слава пра Нясвіжскі міжкалгасбуд грымела ў савецкія часы далёка за межамі Беларусі. Калектыў узнагароджваўся  пераходнымі Чырвонымі Сцягамі і Дыпломамі рэспубліканскага  і саюзнага значэння. Таму што будавалі многа, якасна, укараняючы новыя метады планавання і эканамічнага стымулявання, перадавыя тэхналогіі, стваралі спецыялізаваныя  і комплексныя брыгады. Да несвіжан прыяз-джалі вучыцца майстэрству з Расіі, Латвіі.

— У нас былі аддзелачнікі на вагу золата, — з гонарам  гаворыць Мар’ян Іосіфавіч.

У актыве М.І. Татаржынскага шмат розных аб’ектаў: у 70-80-х гадах ва ўсіх калгасах і саўгасах раёна ўзводзілі фермы і майстэрні, у цяперашнім ААТ “Лань-Нясвіж” адміністрацыйны будынак, жылыя дамы і свінакомплекс — таксама справа рук будаўнікоў гэтай арганізацыі. Іменна тады Мар’яна Іосіфавіча ўзнагародзілі  медалём “За доблесную працу”. У яго шмат Ганаровых грамат, у тым ліку Мінскага аблвыканкама і Нясвіжскага райвыканкама.

Сёння ў калектыве ПМК-218 таксама ёсць людзі, пра якіх хочацца расказаць, пахваліць. Напрыклад, брыгадзірамі  муляраў працуюць Аляксандр Леанідавіч Астапенка, Валянцін Валянцінавіч  Атасаў — прадстаўнік  сямейнай дынастыі. Добра спраўляецца са сваімі абавязкамі  малады рабочы, муляр Арцём Іванавіч  Васілюк. Сярод аддзелачнікаў мой суразмоўца  назваў тынкоўшчыкаў-маляроў Ганну Яўгенаўну  Базаеву, Людмілу Уладзіміраўну Касухіну, Алену Віктараўну Асіповіч, Настассю  Іванаўну Сасіновіч.  Станоўча характарызуюцца тынкоўшчык-маляр, брыгадзір Станіслаў Іосіфавіч Ярмаліцкі, машыніст аўтамабільнага крана Сяргей Юльянавіч Кунаш, вадзіцель Анатоль Адамавіч Груша. Доўгія гады працуюць экскаватаршчык Віктар Аляксеевіч Гецман, вадзіцель трала Аляксандр Антонавіч Гурбан. Бездакорна выконвае даручанае вадзіцель Вячаслаў Барысавіч Бяганскі. Добрым спецыялістам з’яўляецца Леанід Канстанцінавіч Глобаж. Некалі ён працаваў на аўтакране. З часам перайшоў на “Газэль”. І тэхніку дасканала ведае, і любое заданне выканае.

Аб’екты рознага прызначэння ўзводзіць ПМК-218 і цяпер. І ўсюды трэба пабываць намесніку дырэктара  Мар’яну Татаржынскаму, вырашыць мноства пытанняў. Рамонт інтэрната ЖКГ на вул. Кутузава ў Нясвіжы неабходна завяршыць у жніўні. Ідуць рамонтныя работы на Нясвіжскім заводзе медыцынскіх прэпаратаў. Вялікі аб’ём там у зваршчыкаў, працуюць  па 3-4 чалавекі. Выканалі падмурак і засыпку на 50-кватэрным жылым доме па вул. 1 Мая, далей мантаж панэляў вядзе Салігорскі домабудаўнічы камбінат. Пачалі ўзводзіць 8-кватэрны  дом у аграгарадку Высокая Ліпа. На такім значным  гарадскім аб’екце, як  храм Узнясення Гасподня, людзі ПМК-218 рабілі падпорную сцяну з каменя-бесера. Працуюць нес-віжане і ў Клецкім  раёне: займаліся аддзелкай 80-кватэрнага жылога дома ў Клецку, на аб’ектах у лясгасе. Летась вялікі аб’ём выканалі на свінагадоўчым комплексе ў Дзяржынскім раёне.

Намеснік старшыні Нясвіж-скага райвыканкама М.В. Афанасік, які курыруе будаўнічую галіну, так сказаў пра М.І. Татаржынскага:

—  Ён — вялікі майстар сваёй справы. Прафесіянал. Нездарма ж фатаграфія на Дошцы гонару. І заўважце: паўвека на будоўлях, у адной арганізацыі. Самому — 75, а бегае па прыступках, як юнак.

Так, так, у лістападзе Мар’яну  Іосіфавічу споўніцца 75 гадоў. А ён жвавы, бадзёры, поўны сіл і энергіі. Адкуль такая фізічная загартоўка?

— Армейская. Я тры гады адслужыў у паветрана-дэ- сантных войсках, у знакамітай Віцебскай дывізіі. Нас вучылі і лятаць, і хадзіць — па бэлечцы, па нітачцы. Штодзённая 10-кіламетровая прабежка ў якасці ранішняй  зарадкі была для мяне, камандзіра ўзвода, нормай. І цяпер 2 жніўня, у Дзень  дэсантнікаў, успамінаюцца гады службы. Першы скачок з парашутам. Ці быў страх пры першым скачку? Нават калі ён тысячны, усё роўна пачуццё страху ёсць.  Гэта ж спачатку 1,5—2—3 кіламетры над зямлёй, потым 10—15 кіламетраў…

— Каб трапіць у такія войскі, патрэбна мець і добрае здароўе, і належную фізічную форму…

— А гэта закладвалася з маленства. Я сямігодку заканчваў у Слаўкаве, сярэднюю школу — у Салтанаўшчыне. (Мар’ян Іосіфавіч родам з вёскі Мысліва. — Аўт.) У летні час пастаянна ўдзельнічаў у раённых і абласных спаборніцтвах па веласпорце. Зімой усе выхадныя  праводзіў на спаборніцтвах па лыжах. Я і цяпер з задавальненнем зімой станаўлюся на лыжы — па азёрах нясвіжскіх кіламетраў па 10 праходжу. Адразу, калі дэмабілізаваўся, кожны дзень уставаў у 5—5.30 і рабіў прабежку вакол горада. Наогул, не мог хадзіць павольна. Азірнуся, ці ніхто не глядзіць, і “ўключаю” хуткасць. Такая засталася прывычка.

Другая добрая прывычка:  Мар’ян Іосіфавіч не курыць.  Быў момант некалі, у пачатку  работы, калі з-за хваляванняў браўся за папяросу. Але своечасова справіўся з гэтай  згубай.

Партрэт гэтага цікавага і неардынарнага чалавека  будзе няпоўным, калі не раскажу пра яшчэ адзін  адрэзак часу з яго жыцця.

Вадзіць машыну ён навучыўся ў Нясвіжскай аўташколе. З правамі 3 класа прыйшоў уладкоўвацца на працу ў калгас імя Кірава (з цэнтрам у в. Салтанаўшчына). Механік прывёў юнака на машынны  двор, паказаў: рухавік — тут, кузаў — тут, колы — вунь там, збірай. Сабраў Мар’ян Татаржынскі сабе самазвал, ГАЗ-93, месяцаў пяць на ім паездзіў. Потым старшыня калгаса ўзяў яго да сябе, на службовы аўтамабіль. Але юнаку хацелася на вытворчасць. Яго жаданне задаволілі, камандзіравалі атрымліваць  новую аўтамашыну — ГАЗ-51. На ёй і працаваў, пакуль не прызвалі ў армію.

Вось такім мэтанакіраваным, адказным ведаюць яго землякі, калегі, яго вучні, якім ён служыць добрым прыкладам.

Напрыканцы нашай гутаркі я павіншавала Мар’яна Іосіфавіча з прафесійным святам. А ён, у сваю чаргу, — калег-будаўнікоў, якія выконваюць пачэсную стваральную місію: узводзяць жылыя дамы, вытворчыя і сацыяльныя аб’екты, нясуць людзям радасць наваселляў, дабрабыт, камфорт і зручнасці ў рабоце. Пакідаюць на зямлі свой годны, адметны  след.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.

 


Поделитесь с друзьями
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.