Ланцы — за здаровы лад жыцця

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

спорт22

Прайшло пасяджэнне Нясвіжскага раённага міжведамаснага савета па фарміраванні  здаровага ладу жыцця, кантролі за неінфекцыйнымі захворваннямі, папярэджанні і прафілактыцы п’янства, алкага-лізму, наркаманіі і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых  вырабаў  у Нясвіжскім раёне. Адно з пытанняў, што на ім разглядалася, — “Аб рабоце па фарміраванні здаровага ладу жыцця ў адкрытым акцыя-нерным  таварыстве “Лань-Нясвіж”. З дакладам па ім выступіў першы намеснік дырэктара Сяргей Сямашка. Рэдакцыі раённай газеты даручана асвятліць  вопыт работы ААТ “Лань-Нясвіж” па фарміраванні здаровага ладу жыцця ў работнікаў сельгаспрадпрыемства.

Мы папрасілі старшыню прафсаюзнага камітэта, намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Галіну Салавей — іменна ў яе кампетэнцыі знаходзіцца гэты накірунак дзейнасці — падрабязна расказаць аб ім на старонках газеты.

— Штогод на прадпрыемстве складаецца  Праграма фарміравання здаровага ладу жыцця. Яна ўтрым-лівае галоўныя накірункі дзейнасці, не дазваляе выпусціць штосьці з-пад увагі. А пазней, калі жыццё ўносіць нейкія карэктывы, мы прымаем новыя захады, вырашаем пытанні, — расказала Галіна Станіславаўна. —  Адзін з накірункаў работы — прафілактыка захворванняў. Людзі павінны клапаціцца  пра сваё здароўе, цаніць яго, берагчы. Ставіцца больш адказна, адмаўляцца ад шкодных звычак, пазбягаць фактараў рызыкі. Таму ў структурных падраздзяленнях  праводзіцца растлумачальная  работа. Як напамінак кожнаму аб шкодзе тытуню, алкаголю і наркотыкаў, аформлены стэнд па здаровым ладзе жыцця.

Работнікі акцыянернага таварыства рэгулярна праходзяць  медыцынскія  прафілактычныя агляды ў райбальніцы. Адпачываюць і папраўляюць здароўе ў санаторыях. Так, сёлета пуцёўкамі скарысталіся дзевяць чалавек. Аператар машыннага  даення МТФ “Пукелеўшчына” Га-ліна Інаятаўна Страцкевіч пабывала ў санаторыі “Буг”, асемянатар Таццяна  Мікалаеўна Бобрык і спецыяліст  па кадрах Ірына Мікалаеўна Гардзіевіч — у санаторыі  “Энергетык”. 6 пуцёвак было набыта ў санаторыі для дзяцей, столькі ж — у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Бо калі дома ўсё ў парадку, калі дзеці здаровыя і дагледжаныя, то і прадукцыйнасць працы дарослых знаходзіцца, вядома, на высокім узроўні.

Рэгулярна, раз у квартал, у акцыя-нерным таварыстве  аналізуюць   узровень захворваемасці работнікаў. Такі аналіз дапамагае, падказвае: на што  ў дадзены момант трэба звярнуць  больш пільную ўвагу.

Для захавання здароўя і жыцця людзей, правілаў  тэхнікі бяспекі штодзень праходзяць медыцынскія агляды  трактарыстаў-машыністаў і вадзіцеляў перад пачаткам рабочага дня. Выбарачна праводзяцца такія медагляды і на жывёлагадоўчых фермах. Гэтым займаюцца фельчар-акушэр Ланскай урачэбнай амбулаторыі Галіна Казіміраўна Біч і загадчык склада гаруча-змазачных матэрыялаў  в. Вялікая Быхаўшчына Наталля Чаславаўна Русак. І гэта не проста алкатэсты — у чалавека можа быць павышаны ці паніжаны ціск, іншае недамаганне. Таму вялікае значэнне  маюць своечасова прынятыя меры.

З людзьмі, якія пасябравалі з алкаголем, парушаюць дысцыпліну, у гаспадарцы вядуць  пэўную работу: ушчуваюць, растлумачваюць. Калі чалавек не выпраўляецца — звальняюць. І потым прымаюць на працу паўторна далёка не ўсіх — толькі тых, хто зразумеў свае недахопы, перамог шкодную звычку.

— Другі накірунак работы — стварэнне належных умоў працы людзей, — працягвае аповед Галіна Станіславаўна. — Калі на рабочых месцах камфортна, калі ёсць усё неабходнае, то і працаваць хочацца лепей.

Гэтаму ў многім спрыяе рэканструкцыя і рамонт фермаў. Рэканструкцыя — у Лані, бягучы рамонт бытавых памяшканняў — на МТФ “Міцькавічы” і ферме “Асмолава”. Па-першае, з устанаўленнем новага абсталявання  меней становіцца ручной працы — тым жа цялятніцам з МТФ “Лань”, напрыклад, выпойваць цялят дапамагае  цяпер малочнае таксі. Цяплей стала ў памяшканнях, няма скразнякоў. Адрамантаваны душавыя, пастаўлены новыя  прыбіральні. На свінакомплекс купілі новую сушыльную шафу, большага аб’ёму, для сушкі спец-адзення. Кожны дзень усе працаўнікі комплексу пераапранаюцца ў спец-адзенне з пральні. Яго маюць усе, хто заняты ў вытворчых структурных падраздзяленнях. Рабочым выдаюцца ручнікі, мыйныя сродкі.

Для забеспячэння работнікаў якаснай пітной вадой яе, бутыляваную, гаспадарка закупляе ў Нясвіжскай ЖКГ. Устаноўлены чатыры апараты для карыстання пітной вадой: на свінагадоўчым комплексе і малочнатаварнай ферме “Лань”, у машынна-трактарным  парку “Лань”, адміністрацыйным будынку.

Арганізавана гарачае харчаванне. Для тых, у каго падоўжаны рабочы дзень (на сяўбе, падрыхтоўцы глебы, жніве, корманарыхтоўцы) яно — двухразовае. Дастаўляюцца абеды таксама будаўнічым брыгадам, жывёлаводам, занятым на ўзважванні жывёлы, дзяжурным свінагадоўчага комплексу. У ААТ “Лань-Нясвіж” свая сталовая. Доўгі час у ёй працуюць повары — загадчык сталовай Ларыса Юльянаўна Лабоцкая і загадчык буфета Таццяна  Іванаўна Чычко, гатуюць яны смачна.

Харчаванне аплачваецца работнікамі толькі ў размеры 10 працэнтаў ад усяго яго кошту. А гаспадарка ў першым паўгоддзі затраціла на яго 140277607 недэнамінаваных рублёў.

Людзям, занятым працай у шкодных умовах, бясплатна выдаецца малако. Гэта вадзіцелі бензавозаў, зваршчыкі, байцы жывёлы, млынары, тыя, хто праводзіць дэзінфекцыі, хто займаецца хімахоўнымі работамі на пасевах. На малако за 6 месяцаў затрачана 12497500 недэнамінаваных рублёў.

Значная ўвага ў ААТ “Лань-Нясвіж” надаецца спартыўнай і культурна-масавай рабоце. Заўсёды добра выступае на раённых спаборніцтвах іх сандружына, каман-дзірам якой з’яўляецца Галіна Салавей. Сёлета ў ланцаў — трэцяе месца. А было і першае — калектыў некалькі разоў браў удзел у абласных спаборніцтвах. Актыўныя ўдзельнікі — бухгалтары  Тамара Мікалаеўна Плакса і Жана Леанідаўна Гузаеўская, ветурач свінакомплексу Галіна Мікалаеўна Татур, начальнік цэха свінагадоўчага комплексу Людміла Яўгенаўна Арэхва, сакратар Кацярына Анатольеўна  Чычко.

Калектыў штогод удзельнічае  ў раённых спартакіядах. Вадзіцель Сяргей Сяргеевіч Чычко ў плаванні адстойваў гонар  раёна на абласных спаборніцтвах. Лёгкай атлетыкай захапляецца слесар свінакомплексу Славік Сямёнавіч Лапцеў. Добрым тэнісістам з’яўляецца галоўны ветурач Валянцін Генадзьевіч Клокель. Па падняцці гіры няма роўных вадзіцелю Віктару Юр’евічу Драздову. А аграном-хімік Васіль Канстанцінавіч Здрок захапляецца  міні-футболам.

Сёлета ў Лані правялі конкурс маладых сем’яў. Удзельнічала пяць пар. Першае месца занялі Надзея Васільеўна і Мікалай Юр’евіч Бандарэнка. Яна — аператар  свінакомплексу. Ён працуе там жа слесарам.

Колькі гадоў таму на раённым конкурсе “Уладар сяла” Іван Мікалаевіч Булыга, слесар свінакомплексу “Лань”, заняў другое месца.

Каб заняць вольны час людзей, прафкам арганізуе таксама экскурсіі  па розных цікавых мясцінах, паездкі на канцэрты і спектаклі ў Нясвіж, на хакейныя матчы — у Мінск. Аддаючы даніну павагі народным традыцыям, шануючы набыткі продкаў, ярка, весела святкуюць зажынкі, дажынкі, Масленіцу і іншыя святы. Вось і нядаўна ў аграгарадку Лань прайшло свята вулі-цы. Прайшло хораша, годна. І мы кры-ху пазней абавязкова раскажам аб ім нашым чытачам. Уся работа вядзецца ў цесным кантакце з Ланскім сельскім выканкамам, з установамі культуры. Пры гэтым не забываюць пра ветэранаў вытворчасці, хто доўгія гады паказваў прыклад добрасумленнай працы, прыклад беражлівых адносін да  грамадскага дабра, да роднай зямлі.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.