Роднымі сцяжынамі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

001

Можна сказаць, што вёсцы Асмолава пашанцавала ў плане вядомасці. Аб гэтым населеным пункце, яе жыхарах сабраны і апублікаваны  багацейшы матэрыял. Такога я не сустракала ні пра адну іншую вёску нашага раёна. А ўсё таму, што сярод яе  ўра-джэнцаў ёсць вельмі  энергічныя, неабыякавыя людзі, якім дарагія і вясковае наваколле, і родны падворак, і памяць аб продках; яны паважаюць суседзяў  і ўсіх вяскоўцаў. Гэта — дружная сям’я Плакса: браты і сёстры Галіна, Васіль, Марыя, Міхаіл. Яны са-бралі вялікую колькасць фотаздымкаў і сваёй радні, і аднавяскоўцаў, хаця жывуць у іншых месцах: Галіна Васільеўна і Марыя Васільеўна — у Мінску, Васіль Васільевіч — на Нясвіжчыне, Міхаіл Васільевіч  — ва ўкраінскім Харкаве. Галіна закончыла інстытут народнай гаспадаркі, стала эканамістам. Васіль — Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, стаў аграномам. Марыя — інстытут замежных моў, выкладае іх у мінскай гімназіі. Міхаіл закончыў Мінскае вышэйшае інжынернае ракетна-тэхнічнае вучылішча, стаў афіцэрам. Палкоўнік запасу, працуе старшым выкладчыкам кафедры  ўзбраення зенітных ракетных войскаў Харкаўскага ўніверсітэта Паветраных Сіл імя  Івана Кажадуба.

Іменна Міхаіл Васільевіч і з’яўляецца адным з аўтараў кніг пра роднае Асмолава, родных лю-дзей і аднавяскоўцаў. Другі аўтар — яго калега, выкладчык  таго ж універсітэта, сябар, зямляк-беларус з Чавусаў палкоўнік запасу Віктар Міхайлавіч Клімянкоў.

Нагадаю: 25 сакавіка гэтага года мы публікавалі артыкул пра іх кнігу “Асмолава”. Цяпер аўтары ажыццяўляюць задумку стварэння трылогіі “Сямейны летапіс”. Яе першая кніга “Асмолавец” убачыла свет у 2010 годзе. Яна — пра галаву сям’і, простага селяніна калгаса “Ленінскі шлях” Нясвіжскага раёна Васіля Іосіфавіча Плакса (1909—1969 гг.) і яго родных. Аб іх у сваёй баладзе расказаў вершаванымі радкамі  Віктар Клімянкоў.

Быў Васіль хваткі, дзелавы чалавек, сябраваў з работай, стараўся для дому, для гаспадаркі. За польскім часам княгіня Радзівіл узяла яго ў Нясвіжскі палац апальшчыкам. Акрамя таго, навучыўшыся добра страляць, Васіль хадзіў на паляванне. Ажаніўшыся на прыгажуні Зосі Плакса са сваёй жа вёскі, купіў хатку, перанёс яе на хутар з дапамогай брата Міхаіла, сяброў, паставіў хлеў, гумно. А потым зрубілі ў сваім  Хвой-ніку (так называецца ўрочышча) новы дом. Паспеў Васіль Іосіфавіч давесці да ладу толькі кухню, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. У ліпені 1944-га Васіля і яго брата прызвалі ў армію. Курс байца Васіль Плакса праходзіў у Варонежы. Са студзеня 1945 года  служыў кавалерыстам у 31-м гвардзейскім Каўказскім палку на ІІ Украінскім фронце. Першы бой з фашыстамі прыняў у Карпатах. Затым вызваляў Венгрыю. У красавіку 45-га быў цяжка паранены ў нагу, лячыўся ў шпіталі ў Махачкале. Дэмабілізаваўся ў кастрычніку 1945-га. Узнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” А яго брат Міхаіл загінуў у Латвіі. У кнізе змешчана копія паведамлення аб яго гібелі, якое атрымала жонка Міхаіла Іосіфавіча, Сцепаніда Сцяпанаўна, а таксама апісанне  воінскіх брацкіх могілак у горадзе Добеле, фотаздымкі  помнікаў і памятных пліт на мемарыяльнай сцяне, на адной з якіх у спісах пахаваных значыцца: “Радавы Плакса М.І.” Звесткі ўзяты  з архіўных да-дзеных латвійскага таварыства “Мемарыял”. У век інтэрнэта падобныя пошукі весці стала значна лягчэй.

DSC078666

Выклікаюць цікавасць і маюць пэўную гістарычную каштоўнасць  артыкулы пра ваенныя дзеянні баявых злучэнняў, у якіх служылі Васіль Плакса і Міхаіл Плакса. Дарэчы, іх старэйшы брат  Фёдар прапаў без вестак яшчэ ў Першую  сусветную…

…Васіль Іосіфавіч увесь аддаваўся  працы. Закончыў дом. Даглядаў зямлю, каб радзіла. Ён любіў сваю сям’ю і ствараў для яе  дабрабыт. Пасадзіў сад, завёў пчол. Потым уступіў у калгас, каб разам, талакой спраўляцца з сялянскімі клопатамі. Як добрага майстра, яго паставілі кіраваць будаўнічай брыгадай. Узвялі мужчыны ў калгасе канюшню, ферму, свірны і — клуб, школу ў вёсцы Асмолава. Гаспадарчы двор і лазню пабудавалі для дзіцячага дома, што  месціўся ў іх жа вёсцы. Рабілі ўсё дыхтоўна, сумленна — Васіль Плакса не цярпеў браку. У сенакосную пару брыгада працавала на сенажаці. У час жніва — на ўборцы збожжа.

Быў Васіль Іосіфавіч  сваім чалавекам — не госцем, а памоч-нікам — у школах (Асмолаўскай пачатковай і Ланскай сярэдняй), дзе вучыліся яго дзеці. Узначальваў бацькоўскі камітэт.

Ляцеў час. Дзеці, нібы птушкі, сталі на крыло, пакінулі роднае гняздо. На іх хутар у Асмолаве  пачалі прыязджаць унукі  Юра і Ігар, першыя, старэйшыя. Калі канчалася лета, бацькі забіралі малых дамоў, у Мінск, і дзядулю Васілю станавілася так маркотна…

Яго лёс адлюстроўвае лёсы тысячаў беларускіх сялян. З гісторыі кожнай такой сям,і і складаецца гісторыя нашай краіны.

… Жыццёвы шлях Васіля Іосіфавіча спыніўся марозным сту-дзенем 1969-га, у дзень святога Васілія. Памяць пра бацьку і дзядулю — жыве. І бацькоўскі дом  стаіць, дагледжаны — крыху пазней, ужо без Васіля Іосіфавіча, яго  перавезлі з хутара ў вёску Лань. Іх сямейнае гняздо, звітае працавітымі бацькоўскімі рукамі.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота з архіву сям’і ПЛАКСА.

(Працяг тэмы — у наступных нумарах “НН”).


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.