Сённяшні дзень Слуцкіх паясоў у Нясвіжскім замку

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

pic_25

Радзівілаўская персiярня ў Слуцку ў другой палове XVIII стагоддзя з’яўлялася сапраўдным эпiцэнтрам моды на паясы, як прадметы адзення i раскошы. Папулярнасць і высокая мастацкая якасць шаўкатканых паясоў абумовілі з’яўленне шматлікіх копій, дзе захоўвалася агульная кампазіцыя, адметная арнаментацыя і ў асобных выпадках — нават ткацкая марка. Паясы, падобныя да слуцкіх, ткалі мануфактуры Антонія Тызенгаўза ў Гродне, Стэфана Філісьяна ў Кабылках, Пасхаліса Якубовіча ў Ліпкаве, на кракаўскіх майстэрнях Францішка Маслоўскага, Антонія Пуцілаўскага, Юзэфа Траяноўскага. У канцы XVIII стагоддзя на французскай тэкстыльнай мануфактуры Ліёна быў наладжаны выпуск паясоў, таксама зыходзячы са слуцкіх тканін.

Кунтушовых паясоў, вырабленых у Слуцку, захавалася да нашых дзён даволі шмат, але большасць з іх знаходзіцца за межамі Беларусі.  Толькі ў Нацыянальным музеі Варшавы іх налічваецца 58. Ёсць паясы і ў іншых гарадах Польшчы: Кракаве, Познані, Гданьску. Захаваліся паясы ва Украіне (Кіеў, Львоў), у Расіі (Масква, Санкт-Пецярбург, Смаленск), Літве (Вільнюс, Каўнас), Швецыі, Англіі, а таксама ў прыватных калекцыях.

Сучасныя музеі нашай краіны, якія маюць у сваіх фондах кунтушовыя паясы, ганарацца падобнымі артэфактамі, адносяць іх да асабліва каштоўных прадметаў. Захавальнікамі цэлых паясоў, вырабленых менавіта ў Слуцку, з’яўляюцца Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча ў Мінску (2 паясы, у тым ліку адзін са стратамі), Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Мінскі абласны краязнаўчы музей у Маладзечне, Гісторыка-археалагічны музей у Гродне, Слуцкі края-знаўчы музей.

У фондзе Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” налічваецца тры цэлыя і тры часткова захаваныя кунтушовыя паясы. Фрагменты толькі аднаго з іх належаць да вырабаў Слуцкай мануфактуры.

У 2009 годзе  старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі А.В. Іоў перадаў у Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” часткі двух шаўковых паясоў, якія былі здабыты падчас раскопак у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці ля касцёла “Нараджэння Дзевы Марыі” ў 2007 годзе. Экспертызу і навуковую атрыбуцыю знаходак правяла кандыдат мастацтвазнаўства І.М. Скварцова. Яна высветліла, што слуцкі пояс, вытканы з шаўковых нітак у 1760 — 1776 гадах. Дэкаратыўна-арнаментальнае рашэнне фрагментаў двухбаковага пояса стрыманае і лаканічнае. Сярэднік складаецца з гладкіх папярэчных палос, падзеленых вузкай аблямоўкай, затканых ланцужком маленькіх ромбаў. Бакавыя бардзюры  ўяўляюць раслінны арнамент у выглядзе стужкі доўгіх, вузкіх лістоў і чатырохпялёсткавых кветак у перапляценні з дробнымі лісткамі на тонкай галінцы, у абрамленні ажурнага ланцужка. Махра не захавалася.

Фрагменты другога двухбаковага пояса, вырабленага ў канцы ХVIIІ стагоддзя, належаць вытворчасці Гродзенскай мануфактуры Антонія Тызенгаўзена. “Галава” пояса дэкаравана дзвюмя вялікімі кветкамі на хвалепадобных галінках з зубчатымі пялёсткамі і бутонамі. Сярэднік выкананы ў выглядзе чаргавання сярэбраных палос і дэкараваных сэрцападобнымі кветкамі з закругленымі лісткамі. Такое ж чаргаванне трох палос паўтараецца на бардзюры. Часткова захавалася махра. У 2010 годзе рэстаўратар мастацкага тэкстылю Ілона Карліёнава правяла рэстаўрацыйна-кансервацыйныя работы: дакладнае даследаванне фрагментаў пояса, тэставанне, ачыстку, фіксаванне на тка-ніне, закрыццё з адваротнага боку газам. Працэс кансервацыі спыніў далейшае разбурэнне паясоў, дазволіў экспанаваць да-дзеныя артэфакты.

У ХІХ  стагоддзі, пасля таго, як польскі строй выйшаў з ужывання, вядомы выпадкі, калі шырокія паясы разразалі ўздоўж, каб атрымаць дзве вузкія часткі. Такі фрагмент паўлітога пояса ёсць і ў нашым музеі. Створаны ён на тэрыторыі Рэчы Паспалітай у канцы ХVIIІ стагоддзя (дакладнае месца вытворчасці невядома). Чырвона-бэжавы сярэднік вытканы папулярным узорам “карпава луска”.  “Галава” ўпрыгожана стылізаваным букетам кветак на тонкай галінцы з карэннем і паўраскрытымі бутонамі. На бардзюры выкананы арнамент з дробных кветак і лісця, у вуглах — сігнатура “S.F.”.

Значным здабыткам Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка  “Нясвіж” з’яўляецца расійскі шаўковы двухбаковы пояс з махрой. Сярэднік уяўляе сабой перамежаваныя арнаменты з пышнымі кветкамі і лістотай. Падобныя раслінныя ўзоры паўтараюцца на бардзюры. На “галавах” па шэрым  полі вытканы чатыры стылізаваныя букеты гваздзік на сцяблінах, павернутыя аснаваннем да цэнтра. Сігнатура “Р.Ш.Ф.С.” і “М.К.Г.К.”, сведчыць: “расійскай шаўковай фабрыкі  гаспадар (спадар) маскоўскі купец Рыгор Кір’якоў”. Шоўкавая ткацкая фабрыка Рыгора Кір’якова (1741—1812) дзейнічала ў Маскве на працягу ХVІІІ — ХІХ стагоддзяў.

Наступныя два кунтушовыя паясы належаць да вырабаў пер-сіярні купца і фабрыканта Пасхаліса Якубовіча. Дадзеная мануфактура дзейнічала спачатку на варшаўскім Павісле, а пазней у Ліпкаве з 1788 па 1794 гады. Каштоўным экспанатам з’яўляецца пояс, падораны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам падчас урачыстага адкрыцця другога пускавога комплексу “Палац” у 2012 годзе. Вытканы ён на Ліпкаўскай мануфактуры з шаўковых і залотных нітак. Дэкор галавы пояса падобны да слуцкага, будуецца на двухразовым паўторы малюнка стылізаванай пышнай кветкі з тонкім выцягнутым лісцем і галінкамі. Сярэднік, арнаментаваны ў выглядзе “карпавай лускі”, пры дапамозе колеру ўздоўж падзелены на дзве часткі: з чорнымі і чырвонымі малюнкамі “лускі” на залатым фоне з аднаго боку, залатым малюнкам на чорным і чырвоным фоне з другога. Шляхціч мог насіць такі пояс на ўсе чатыры бакі. Пры гэтым чырвона-залаты колер выкарыстоўваўся для святочнага ўбору, а чорна-залаты — для жалобнага. Бардзюр вытканы арнаментам з дробных кветак і лісця на тонкіх выгнутых галінках. У вуглах пояс пазначаны сігнатурай “Pascha/lis”. Дадзеныя меткі ўжываліся пры ткацтве паясоў на мануфактуры Пасхаліса з 1788 па 1790 год. Кампазіцыйнае рашэнне другога пояса традыцыйнае для вытворчасці мануфактур Рэчы Паспалітай. Дэкор “галавы” будуецца на двайным паўторы выявы стылізаванай кветкі з тонкімі выцягнутымі пялёсткамі і паўраскрытымі бутонамі. На сярэдніку папярочныя палосы асноўнага фону ў выглядзе кветак і завіткоў чаргуюцца з арнаментам, вытканым з блакітных і ружовых пышных кветак з бутонамі і вузкіх лісткоў. Арнамент бардзюра, у выглядзе пышных і паўраскрытых кветак на выгнутай тонкай сцябліне з вузкімі лісткамі. У ніжніх вуглах вытканы меткі: ягня з харугвай. Дзякуючы выяве можна дакладна вызначыць час вытворчасці. У 1791 годзе Пасхаліс Якубовіч атрымаў герб з выявай белага велікоднага ягняці з харугвай на зялёным пагорку, зверху — залатая карона і зламанае арлінае крыло. Фамільны герб уладальнік выкарыстоўваў для маркіроўкі ліпкаўскіх паясоў з 1791 года па 1794 год, калі фабрыка перастала існаваць.

Большасць пералічаных паясоў экспануецца на пастаяннай выставе ў калекцыйных кабінетах “Слуцкія паясы” музея-запаведніка “Нясвіж”. Вы зможаце бліжэй з імі пазнаёміцца, калі наведаеце замак.

Людміла ЖУК,

малодшы навуковы супрацоўнік  ДУ “НГКМЗ “Нясвіж”.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.