“Я паміраю, але не здаюся…”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

холмские

75 гадоў назад пачалася Вялікая  Айчынная вайна.

Першапачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны і сёння выклікае шматлікія спрэчкі і дыскусіі, асабліва сярод тых псеўдагісторыкаў, хто хоча ачарніць гісторыю, а праўду падмяняе хлуснёю.  І вельмі горка і балюча, што многія з сучаснікаў абыякава ставяцца да падзей самай крывавай вайны ў гісторыі чалавецтва.

Чэрвень, лета 1941 года назаўсёды стануць для сінявокай Беларусі, бадай, адным з самых трагічных перыядаў.   З першых жа дзён вайна ператворыцца ў сапраўды Айчынную для кожнага беларуса, для  кожнага рэгіёна Бацькаўшчыны, дзе ўзняліся на барацьбу і маладыя, і старыя.

На тэрыторыю Беларусі наступала самая моцная з трох фашысцкіх груповак вермахта — група армій “Цэнтр”, якая мела сваёй канчатковай мэтай захоп Масквы. У першыя ж гадзіны вайны варожая авіяцыя   нанесла ўдары па значных ваенных аб’ектах у заходняй  памежнай паласе.

Чырвоная Армія рыхтавалася галоўным чынам да наступальных дзеянняў: многія прытрымліваліся  думкі аб магчымай вайне як скарацечнай і на чужой тэрыторыі. Не было поўнасцю праведзена пераўзбраенне войскаў, складанасці былі і з новай тэхнікай, якая толькі пачынала асвойвацца. Нельга забываць, што ўзброеныя сілы былі аслаблены рэпрэсіямі, якія пазбавілі Чырвоную Армію 45 тысяч вопытных камандзіраў. У выніку на пачатак вайны амаль 75 % камандзіраў палкоў і дывізій займалі свае пасады менш года.

Аднак, нягледзячы ні на што, нашы салдаты і афіцэры  аказвалі адчайнае супраціўленне, праяўляючы  ўзоры мужнасці. Насмерць, да апошняга патрона, стаялі  на мяжы пагранічнікі. За тыдзень першых баёў байцы пагранічнай заставы лейтэнанта А. Кіжаватава, што знаходзіліся ў Брэсцкай крэпасці, знішчылі каля батальёна гітлераўцаў. Сем атак адбіла  застава пагранатрада на чале з лейтэнантам В. Усавым: яго пяць разоў ранілі, але ён працягваў кіраваць боем…  Абаронцы крэпасці здолелі пратрымацца каля месяца, хаця па планах фашыстаў на захоп крэпасці адводзілася толькі некалькі гадзін. На сценах цытадэлі былі зроблены надпісы, якія сёння вядомы ў многіх куточках планеты Зямля: “Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма”.

У самыя  першыя гадзіны вайны разгарнуліся паветраныя баі і ў небе Беларусі. Каля Радашковічаў здзейснілі гераічны подзвіг камандзір эскадрыллі капітан М. Гастэла і члены яго экіпажа, накіраваўшы  палаючы самалёт на групу нямецкіх танкаў і аўтамашын.

Больш за месяц ішлі баі  за Гомель.  Толькі 19 жніўня  цаной вялікіх страт гітлераўцам удалося захапіць горад. Пры абароне  Гомеля здзейсніў свой першы паветраны таран лётчык  Б. Коўзан. Дарэчы, гэта адзіны ў свеце лётчык, які зрабіў чатыры паветраныя тараны і застаўся жывы.

Нашым войскам не ўдалося ўтрымаць Мінск, хоць вельмі стойка трымалі абарону 64-я, 100-я, 108-я стралковыя дывізіі. Сілы былі няроўныя, і 28 чэрвеня нямецкія танкі, пераадолеўшы  абарону, уварваліся ў сталіцу. У акружэнні ворага апынуліся   11 злучэнняў. Гэта пазбавіла магчымасці стрымліваць націск праціўніка ў цэнтральнай частцы Беларусі. У абароне Мінска брала ўдзел  100-я стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра І. Русіянава,  байцы якой упершыню ў  вайну выкарысталі  “шкляную артылерыю” —  бутэлькі з гаручай сумессю супраць танкаў.

Нягледзячы  на тое, што гітлераўцы акружылі савецкую групоўку каля Мінска, спроба “маланкава”  фарсіраваць водны рубеж на Бярэзіне і выйсці да Дняпра вермахту не ўдалася. Толькі 1 ліпеня часці 47-га германскага танкавага корпуса змаглі прарвацца на ўсходні бераг Бярэзіны. Мужна  абараняліся часці 47-га стралковага корпуса генерал-маёра С.Паветкіна і 4-га паветрана-дэсантнага корпуса генерал-маёра А. Жадава ў раёне Бабруйска. Гэта дазволіла заняць баявыя рубяжы свежым савецкім дывізіям, падцягнутым на лінію Дняпра з цэнтральных раёнаў СССР.

Вялікія баі вяліся  ў раёне Магілёва, стрымліваючы  націск танкавай групы Гудэрыяна. Дарэчы, абарона горада працягвалася ажно 23 дні (з 4 па 27 ліпеня).  Асабліва вызначыўся   стралковы полк  пад камандаваннем  палкоўніка С. Куцепава. Толькі за адзін дзень баёў яго байцы  знішчылі 39 фашысцкіх танкаў.

Праціўнік сканцэнтраваў ля Магілёва  4 пяхотныя і 1 танкавую дывізіі, матарызаваны полк СС “Вялікая Германія” і іншыя вайсковыя фарміраванні. Ім супрацьстаялі часці 61-га стралковага корпуса генерал-маёра Ф.Бакуніна і байцы народнага апалчэння. Толькі воінамі 172-й дывізіі генерал-маёра М. Раманава за 10 дзён  было знішчана 179 танкаў і броне-транспарцёраў, каля 4 тыс. салдат і        афіцэраў праціўніка. Асабліва ўпартыя баі разгарнуліся на Буйніцкім полі…

14 ліпеня 1941 г. пад Оршай упершыню батарэя мінамётаў пад камандаваннем капітана  І. Флёрава выкарыстала рэактыўную артылерыю — “кацюшы”. Каля тыдня працягваліся баі за Віцебск.

На жаль, да  канца жніўня — пачатку верасня  была акупіравана ўся тэрыторыя Беларусі. Аднак двухмесячныя абарончыя баі савецкіх войскаў не дазволілі праціўніку рэалізаваць план “маланкавай вайны”, далі магчымасць сканцэнтраваць рэзервы і падрыхтавацца да абароны на маскоўскім напрамку.

Ужо 22 чэрвеня 1941 г. Прэзідыум  Вярхоўнага Савета СССР прыняў Указ “Аб ваенным становішчы”. У краіне ўводзіліся абавязковая працоўная павіннасць, звыш-урочныя работы, устанаўліваўся надзвычайны распарадак работы для дзяржаўных устаноў і арганізацый, а таксама ваенныя нормы забеспячэння насельніцтва таварамі і прадуктамі харчавання, на тэрыторыі ўсіх пагранічных рэспублік уводзілася ваеннае становішча.

На ўсход эвакуіраваліся насельніцтва, абсталяванне прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, прадукты харчавання, маёмасць, матэрыяльныя і культурныя каштоўнасці. У выніку Урал, Заходняя Сібір і Сярэдняя Азія пераўтварыліся ў асноўную базу ваеннай эканомікі СССР: сюды за ліпень — снежань 1941 г. было эвакуіравана 2593 прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку 1523 буйныя, галоўным чынам з сістэмы ВПК.

Так што  не трэба верыць сёння заморскім дзядзькам, якія хлусліва апавядаюць з-за акіяна пра нашу Айчынную вайну.  Нам ніколі нельга забываць, што Бацькаўшчына, цалкам ці часткова, знаходзілася пад акупацыяй з чэрвеня 1941 г. да ліпеня 1944 г.  Трэба ўсведамляць, што акупацыйны рэжым у Беларусі — гэта сістэма жудасна-варварскіх мер, накіраваных на ліквідацыю савецкага грамадска-дзяржаўнага ладу, рабаванне нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, зняволенне і знішчэнне беларусаў як нацыі. У адпаведнасці  з планам “Барбароса” акупанты імкнуліся знішчыць дзяржаўнасць беларускага народа, тэрытарыяльную цэласнасць рэспублікі.

У  Беларусі фашысты арганізавалі шмат лагераў смерці, гета, якія дзейнічалі практычна ў кожным раёне. Сама палітыка каланізацыі і генацыду ўключала і гвалтоўны вываз беларусаў на катаржныя работы ў Германію.

У шматвекавой гісторыі ніколі не было столькі масавага гераізму, фізічнай і духоўнай стойкасці, якія праявіў наш народ у Вя-лікую Айчынную.  Усё менш застаецца сведак той жудаснай пары, але глыбокае асэнсаванне неўміручасці нашага народа, яго прагі да волі і незалежнасці, гераізму змагароў з фашызмам павінна быць актуальным  для ўсіх нас сёння і для нашых нашчадкаў.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог. 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.