Забытая сцежка

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

802022

— Ты дзе? — сярдзіта кінула  ў трубку Мілена. — Колькі часу прайшло, а не дазваніцца.

На другім канцы провада  абазваўся  мужчынскі  тэнар:

— Ды я ж ля кінатэатра “Партызан”, гаварыў табе, што зайду ў “Каменную кветку”, дагаваруся наконт  твайго юбілею.

— О, які добры, — праспявала Мілена, — вось бы ты, Макс, заўсёды быў такім.

— А то я дрэнны… ну не бываюць жа ідэальнымі людзі, не заводзься, дарагая.

Мілена злітавалася і сказала:

— Добра, чакаю праз паўгадзіны ў нас.

Дзяўчына завяла машыну і паехала ў напрамку свайго дому, апусціла бакавое шкло. Вецер развяваў яе чорныя доўгія валасы, цёмныя вочы былі ўсмешлівыя, цёплыя. Дагледжаныя рукі з  доўгімі  пазногцямі з рознакаляровым лакам абдымалі  руль, з магнітафона несліся гукі моднай песні. Мужчыны, што праязджали міма, заглядаліся на прыгожую даму, некаторыя кідалі вясёлыя рэплікі,  накшталт:

— Давайце пазнаёмімся, Вы такая гламурная. Магчыма, нам па дарозе?

Мілена прапускала міма вушэй іх словы, яна думала сваё: як доўга яны сустракаюцца з Максам, а ён не спяшаецца з прапановай рукі і сэрца. Паспяховы праграміст, відны мужчына, элегантна апрануты, і пачуццё гумару ёсць. Кватэру яны маглі б купіць, у дзяўчыны свой  касметычны салон, грошы  зарабляе нядрэнныя. Мілена ўздыхнула і  пачала паркавацца ля  пад’езда. Дома была адна маці, яна глядзела чарговую слёзную меладраму.

Дачка падышла да яе і сказала:

— Мама, ты не пакрыўдзіся, я табе раскажу анекдот у тэму. У Амерыцы праходзіць тэлешоу і вядучы  аб’яўляе: — А зараз, дамы і панове, я пазнаёмлю вас з жанчынай, якая памятае першую серыю “Санта Барбары”. Пад  дружныя воплескі на сцэну падымаецца старэнькая дама, ёй уручаюць пульт ад тэле-візара і… вялікую насоўку.

— Я не ў крыўдзе, — з усмешкай адказала Ангеліна Сцяпанаўна. — А ведаеш, дачушка, я чытала, што ў хуткім часе псіхолагі будуць прыпісваць пажылым і адзінокім людзям прагляд  тэлесерыялаў у якасці заспакаяльнага і расслабляючага сродку.

— Магчыма, магчыма, —  згадзілася Мілена. — А пакуль давай з табой абмяркуем мой юбілей. Божа, як хутка ляцяць гады, мне ўжо трыццаць і я не замужам.

— Ну, дык ты ж перабірала жаніхоў. Вось Дзіма, напрыклад, чым быў кепскі хлопец?! Сціплы, працавіты, а якімі вачамі ён глядзеў на цябе!

— Ах, мама, дык ён жа з вёскі быў, усяго толькі вадзіцель аўтобуса. А мне трэба, каб гарадскі, і з сучаснай, добра аплачваемай работай.

— Але ж вы сустракаліся тым летам, калі ты прыязджала на канікулы да бабулі. Хадзілі роснымі сцежкамі, вам было весела і добра разам, я ж бачыла.

— Ну так, але я была маладая, нічога не думала. Толькі памятаю, як Дзіма саромеўся мяне, нават пацалаваць баяўся. А на стромкі ўзгорак забраўся, каб нарваць  мне чаромхі. Яго вочы гаварылі больш, чым словы некаторых  шустрых  лавеласаў. Але тая сцежка, па якой хадзілі мы, ужо зарасла, напэўна, ды я ўжо забылася на яе…

Затым дзяўчына ўзяла ручку і пачала складаць спіс гасцей. А за-прасіць трэба было самавітых лю-дзей: загадчыка кафедры інфарматыкі  і праграмавання БДУІР Алега Пятровіча, хірурга першай клінічнай бальніцы Ігара Аляксеевіча, рэжысёра-купалаўца Сцяпана Залескага, гаспадыню моднага салона Віялету Альбертаўну, ну і яшчэ чалавек дзесяць прасцейшых асоб.

І абавязкова Максавых бацькоў, сяброўку Лізу. Усяго набіраецца чалавек трыццаць, хопіць. Яна паказала спіс маці, тая згадзілася і дадала:

— Гэта ж тваё свята, табе і рашаць. А што табе падарыць, маё сонейка?

— Пытанне складанае, мама, я вось думала і нешта не прыдумваецца. Хаця, я ўдзячна ўжо за тое, што ты мне падарыла жыццё і прыгажосць, ну і розуму колькі трэба. А ты мне падары добрую кнігу і прыгожую мяккую цацку.

— Цацку? Мая ты дачушка непрадказальная. Ну добра, як скажаш.

Пазваніў Макс, сказаў, што ўжо ля дзвярэй. Мілена адчыніла яму і паведаміла, што склала спісак за-прошаных. Мужчына сказаў:

— Вось і добра, я заказаў іспанскае віно, шампанскае “Мадам Кліко”, каньяк дарагі. Ну, а салаты на твой густ.

— Добра, —  адказала Мілена. — А цяпер давай падумаем наконт забаўляльнай часткі. Банальныя шарыкі мне не даспадобы, вось бы гірлянду якую…

— І як ты сабе ўяўляеш такі цуд сярод лета?

— Затое госці будуць шакіраваны. А яшчэ мы прывязём клоўна, няхай насыпле анекдотаў, але не грубых, а інтэлектуальных.

Макс згадзіўся:

— Ну няхай сабе, ты ж непрадказальная. Магчыма, будзе весела.

Калі ён пайшоў, Ангеліна Сцяпанаўна сказала:

— Можа, твой кавалер зробіць табе прапанову на  свята.

— Ой, не ведаю, мама. Хаця, праўду кажучы, і сама чакаю. Не  разумею,  чаго ён  марудзіць. Ну, паглядзім.

Урачысты дзень настаў, і Мілена паехала ў салон прыгажосці пачысціць пёрцы. Выйшла адтуль — нібы з карціны мастака, які малюе прыгажунь.

Пад’ехаў Максім на цёмным БМВ, выйшаў і ўзрушана прамовіў:

— Каго я тут бачу? Няўжо мая Мілена ці каралева?

— А я — і тая, і другая.

Ён пацалаваў дзяўчыне руку і адчыніў дзверцы машыны. Вясёлыя і ўзрушаныя, яны накіраваліся да рэстарана. Там ужо чакалі бацькі маладых людзей. Мілена вытрымала паток кампліментаў у свой  адрас і запрасіла да стала. Паступова збіраліся госці, модна апранутыя, некаторыя дамы ў брыльянтах, мужчыны ў смокінгах. Кампанія была элітнай, хоць і разбаўленая  дзвюма сціплымі парамі ў недарагіх, але прыстойных уборах.

Сяброўка Ліза, фарбаваная бландзінка, прыйшла ў сукенцы з глыбокім дэкальтэ, кароткай спадніцы і залатых з рубінам завушніцах. Махала наклеенымі  вейкамі і страляла вочкамі ў мужчын. Паднесла імянінніцы набор  дарагой касметыкі  і адну ружу. Цмокнула ў шчаку і пайшла паходкай мадэлі за стол. Затым з падарункамі пайшлі другія запрошаныя, цырымонія ўручэння крыху зацягнулася, нарэшце ўселіся і пайшла гулянка…

З цягам часу алкаголь зрабіў сваю справу і  ўсе зашумелі, языкі развязаліся, пасыпаліся анекдоты, жарты над яркімі гірляндамі. Ліза яўна фліртавала з Максам, калі той выйшаў з-за стала і  накіраваўся на вуліцу:

— Што, горача?

— Ёсць крыху , — адказаў ён.— А ты  чаго за мной ідзеш?

П’янаватая  дзяўчына смела сказала, гледзячы Максу ў вочы:

— Падабаешся ты мне, і даўно…

—І што? Ты ж ведаеш пра нашы адносіны з Міленай.

— А ты не думаеш, што яны ў вас нешта зацягнуліся і нічога канкрэтнага не відаць?

—Не твая справа, — адрэзаў Макс. — Ідзі ў залу, тут табе нічога не абломіцца, спакушальніца, чорт пабяры…

Аднак Ліза не пакрыўдзілася, а хутка абняла яго за шыю і пацалавала ў губы.

У той момант на вуліцу выйшла Мілена, яна глянула на іх і развярнулася. Макс адштурхнуў Лізу і пабег за каханай, схапіў за руку:

— Пастой, яна сама кінулася да мяне, я і не думаў…

Але дзяўчына не слухала, яна вырвала руку і нічога не кажучы пайшла за стол і села ля маці. Тая глянула на яе ўзрушаны твар і спытала:

— Што з табой, дачушка?

— Нічога, мама, усё ў парадку, не хвалюйся.

Ангеліна Сцяпанаўна памаўчала, а потым дадала:

— Нічога, мая харошая, усё бу-дзе добра.

Да  Мілены падышоў Макс, але яна ўстала і пайшла  да Аліка, свайго аднакурсніка:

— Давай патанцуем.

І яны закружыліся ў вальсе, які так дарэчы зайгралі музыкі. Хлопец сказаў:

— Міленка, ты такая прыгожая ў гэтай зялёнай сукенцы, нагадваеш каралеву малахітавай гары.

— Дзякуй, Алік, хоць ты заўважыў маю абноўку.

— Ведаеш, а ты мне падабалася ў інстытуце, але ж да цябе было не падступіцца, кавалеры віліся роем.

— Ну, ты перабольшваеш, каб хацеў, то адагнаў бы ўсіх.

— Я не пасмеў.

— Вось вы такія, мужчыны-хлопцы, нерашучыя, а потым шкадуеце. Ну нічога, ты шчаслівы ў шлюбе і я рада.

Алік уздыхнуў і не адказаў.

Разгарачаныя госці спявалі песні, расказвалі анекдоты, дамы абмахваліся веерамі. У перапынку выйшлі на вуліцу, а да Мілены падышоў незнаёмы мужчына, павітаўся і спытаў:

— Ты мяне не пазнаеш?

Дзяўчына глядзела на мужны твар, кранутыя сівізной скроні і штосьці ў ёй адазвалася. Яна ўсклікнула:

— Дзімка? Няўжо ты? Такі самавіты стаў, маладзец, я адразу і не пазнала.   Дзе ты, што?

— Я працую ў канструктарскім бюро трактарнага завода. Закончыў політэхнічны, жыву ў інтэрнаце. А ты як?

— Я  маю касметычны салон, жыву з мамай.  Ёсць  кавалер, але штосьці ў нас зацягнуты раман…

— Ну, ты такая прыгожая, разумная, думаю,  будзеш шчаслівай.

— Каб шчасце заключалася ў прыгажосці ці розуме. .. На жаль, не так…

Мілена задумалася, крыху спахмурнела. Яе вочы былі сумныя, дзяўчына церабіла пальцамі яркі веер і маўчала. Цішыню парушыў Дзіма:

— Давай сустрэнемся з табой, пагаворым, успомнім мінулае…

— А чаму б і не? У сераду, ля цырка, на беразе Свіслачы.

Дзіма расцвіў ва ўсмешцы і сказаў, што будзе чакаць яе ў восем вечара.

На тым і разышліся. Мілена адчула, што на душы ў яе стала лёгка, яна з вясёлай усмешкай пайшла да гасцей. А тыя ўжо добра на падпітку былі, танчылі і смяяліся. Хтосьці закруціў сабе гірлянду на шыю. Другі трымаў над галавой шампанскае і крычаў: «О, мадам Кліко, пакліч мяне да сябе!”

Дзяўчына падышла да маці і сказала:

— Штосьці я стамілася, хачу дадому. Як бы гэта зрабіць ціха, па-англійску…

Ангеліна Сцяпанаўна сумелася:

— Ну, як ты зможаш? Віноўніцы ўрачыстасці трэба сядзець да канца.

— Хто сказаў і дзе запісаў? Я пайду, скажаш, што ў мяне галава разбалелася.

І непрыкметна пайшла да дзвярэй, але там яе дагнаў Макс:

—Ты ўжо дадому? Пабудзем яшчэ.

— Ты будзь, а я пайшла. Між намі ўсё скончана.

— Ды ты што? З-за такой дробязі, як Лізкіна выхадка, рвеш нашы адносіны?

— Былі нашы, сталі вашы. Усяго добрага.

Мілена скінула яго руку з пляча і выйшла. На вуліцы было цёпла, летні вецер злёгку кранаў лісце дрэў, рэкламныя агні і святло ліхтароў стваралі ўтульнасць і святочнасць. Мілена ішла па вуліцы і думала, што будзе далей. Яе сэрца білася спакойна і рытмічна, душу апанавала нейкае ціхае адчуванне новага і прыемнага. Ёй хацелася несці гэта пачуццё лёгкасці ў сабе і нічога не рабіць, проста радавацца гэтаму вечару, любімаму Мінску. Яна дзівілася, чаму не адчувае прыкрасці ці шкадавання за ўчынак сяброўкі і адсутнасць Максіма. “Значыць, не было ў нас з ім моцнага пачуцця ці кахання, таму і лёгка развітвацца. Як сказаў паэт: “Была без радости любовь, разлука будет без печали”. Дзяўчына падскочыла ад  паўнаты пачуццяў і  накіравалася ў метро.

Раіса  ХВІР,

г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.