Завоблачны палёт

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

спайс

У адным горадзе, дарэчы, не так далёка ад Нясвіжа, жыла дзяўчына, маладая, прыгожая, як  веснавая кветка.

Колькі было радасці на выпускным вечары: школьны развітальны вальс, наперадзе самастойная дарога ў светлую будучыню, мары, каханне. Так і было адразу, бо Ната падабалася аднаму добраму хлопцу і адказвала яму ўзаемнасцю. Але яна разам з тым сур,ёзна рыхтавалася да паступлення на факультэт міжнародных адносін Белдзяржуніверсітэта. Залаты медаль і мэтанакіраванасць садзейнічалі ажыццяўленню мары. І вось дзяўчына ўжо студэнтка, радасць перапаўняе сэрца: яна будзе дыпламатам, аб чым марыла даўно. Вучылася старанна, не прапускала заняткаў, ёй было ўсё цікава. Выдатна здала зімовую сесію і паехала да бацькоў. Тыя парадаваліся за дачушку.

І ўсё было б добра, калі б не выпадак… Ната пазнаёмілася ў сталіцы з цікавым маладым чалавекам, які быў начытаны, па модзе апрануты, сучасны ва ўсіх адносінах. Ён узяў над дзяўчынай своеасаблівае шэфства, пазнаёміў са сваімі сябрамі, якія заўсёды былі вясёлымі і бесклапотнымі, ахвотна ішлі на кантакт. Ната ж аказалася крыху скаванай, сціплай. Аднойчы яе знаёмы, Фелікс, сказаў дзяўчыне:

— Паслухай, Натка, пара табе больш прывыкаць да сталічнага жыцця, да розных навінак. Вось бачыш, якія ў нас хлопцы прасунутыя, а ты? Хочаш быць як мы?

Дзяўчына павагалася і спытала:

— А што ты маеш на ўвазе?

— Ёсць такая вясёлая траўка, ад якой нібы лятаеш на воблаках, эйфарыя яшчэ тая…

— А гэта не шкодна? — засумнявалася Ната.

— Што ты! У нас паўкурса гэтым забаўляецца, і нічога. Давай, станавіся абсалютнай мінчанкай. Заўтра прыходзь да мяне на кватэру, я прадэманструю табе гэты цудоўны маладзёжны сродак.

Вечарам дзяўчына думала над прапановай Фелікса і доўга вагалася, але  цікаўнасць узяла верх і назаўтра яна была ў гасцях. Спачатку хлопец пачаставаў яе чаем з пячэннем, потым прапанаваў:

— А цяпер давай расслабімся, атрымаем кайф. Бяры вось гэту цыгарэтку і памаленьку цягні. Смялей, тут нічога страшнага, варта толькі паспрабаваць, а там пойдзе як па масле.

Ната ўцягнула ў сябе тую курыльную сумесь, адчула лёгкае галавакружэнне і сказала:

— Мне чамусьці нядобра, не трэба…

Хлопец падбадзёрыў:

— Ну, першы раз усім цяжка, затое потым будзе лёгка і добра.

Дзяўчына пацягнула яшчэ раз і раптам упала. Фелікс схіліўся над ёй, стараўся прывесці ў прытомнасць, але яна не рэагавала. Яшчэ па сутнасці дзіцячы арганізм не вытрываў моцнага атрутнага ўздзеяння, дзяўчына аказалася ў коме і не выйшла з яе…

Віноўнік-агітатар выклікаў “хуткую”, урачы канстатавалі смерць. Фелікс, вядомы ў пэўных колах мажор, пачаў апраўдвацца:

— Яе ніхто не прымушаў, сама прыйшла, палятаць хацела…

У родным горадзе Нату праводзіла ў апошні шлях вялікая колькасць людзей, усе плакалі, спачувалі, бо дзяўчына была слаўная, сціплая. І раптам такое.

Бацькі рвалі на сабе валасы ад гора — не стала адзі-най дачушкі, любімай, разумнай. Цяжка змірыцца з такім горам, і самае горшае, што невядома чаму яе прывяла дарога да апошняга, чужога парога.

Бацька потым доўга думаў, як магло здарыцца такое з яго Натай, чаму ніхто не адгаварыў, навошта ёй было спрабаваць нейкую атруту. Няўжо паддалася на агульнае, “сучаснае” захапленне моладзі тым кайфам, які прыводзіць да трагічнага фіналу? Няўжо ім мала розных добрых мерапрыемстваў і спраў, забавак нармальных? Што робіцца з сучаснай моладдзю, якая губіць сябе ў пагоні за сумніўнымі радасцямі?

А што прыняла Ната? Аказалася, папулярны ў пэўнай часткі моладзі спайс, які ўтрымлівае наркатычныя рэчывы. Шкодныя рэчывы канабіноіды, штучныя заменнікі траў, моцна ўздзейнічаюць на арганізм. Атрута выклікае псіхалагічную і фізічную залежнасць, разбурае печань і лёгкія, згушчае кроў, ад чаго мозг пакутуе з-за недахопу кіслароду. Псіхаактыўныя рэчывы даводзяць чалавека да галюцынацый. Аматары спайса кідаюцца пад машыны, скачуць з балкона. Адбываюцца параліч мышцаў, сутаргі, страта прытомнасці, кома. Тыя, хто спадзяецца, што падобнага з імі не здарыцца і прадаўжаюць курыць атруту, моцна памыляюцца, сведчаннем чаго з’яўляюцца шматлікія паведамленні ў сродках масавай інфармацыі пра згубнае ўздзеянне спайса і трагічныя фіналы. Акрамя таго, нават невялікае ўжыванне атруты прыводзіць мужчын да імпатэнцыі, а жанчын — да бясплоддзя. Жаданне асобнай групы маладых не адстаць ад “новага” і атрымаць эйфарыю прыводзіць да непапраўных вынікаў.

Між тым, у жыцці можна знайсці нямала добрага і вясёлага і не шукаць крывых сцежак, бо завоблачны палёт можа аказацца апошнім у жыцці, якое  даецца ўсяго адзін раз.

Раіса ХВІР,

 г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.