Бадзёрасць і любоў да жыцця

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

1

Ужо  25 гадоў раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” узначальвае Галіна Антонаўна Галабурда. Нягледзячы на паважаны ўзрост, гэта абаяльная няўрымслівая жанчына можа стаць добрым прыкладам бадзёрасці і любові да жыцця і для нашмат маладзейшых сваіх зямлячак.

У яе жыцці, як і ў многіх з нас, былі шчыльна сплецены радасці і нягоды, працоўныя будні і святы, якія яна і зараз стараецца, па-магчымасці, ствараць для іншых. Адразу пасля школы пайшла працаваць бібліятэкарам у Нялепаўскую сельскую бібліятэку. Тады гэта была яшчэ хата-чытальня (цяпер нават слова такое вельмі рэдка даводзіцца чуць), якая працавала да адзінаццаці вечара. Затым выйшла замуж за хлопца з суседніх Сваяціч Ляхавіцкага раёна і працягвала хадзіць на работу з хаты мужа за шэсць кіламетраў пешшу па палявой дарозе ў любое надвор’е. Летам выручаў мапед.

Ужо маючы сям’ю, дзякуючы пад-трымцы мужа, Галіна Антонаўна скончыла завочна Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, увогуле заўсёды любіла быць, як кажуць, у гушчыні жыцця — была сакратаром камсамольскай ячэйкі, дэпутатам сельскага Савета. 20 гадоў жыцця прысвяціла Нялепаўскай бібліятэцы, а калі ў Нясвіжы стварылася цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, яе перавялі ў райцэнтр, дзе яна адпрацавала яшчэ 20 год — бібліятэкарам-класіфікатарам у аддзеле камплектавання цэнтральнай раённай бібліятэкі. Усяго яе працоўны стаж — 41 год.

Зараз яна, даўно ўжо выйшаўшы на заслужаны адпачынак, працягвае што-дня хадзіць на работу — працаваць на карысць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, імкнуцца калі не падарункам, то хаця б добрым словам і ўвагай паказаць ім, што яны не пакінутыя, не забытыя ў гэтым свеце. Вопыт такой работы ў яе быў ужо даўно: яшчэ да абрання на пасаду старшыні раённай арганізацыі ГА “БелТІ”, калі яе ўзначальваў Антон Антонавіч Сабірай, Галіна Антонаўна адпрацавала тры гады інструктарам таварыства, работу асвоіла і зразумела.

Напярэдадні Дня пажылых людзей карэспандэнт “НН” сустрэўся з ёю, каб распытаць, як яна ставіцца да гэтай даты і з якім настроем яе сустракае.

— Лічу, што гэта вельмі добра, што ў нас адзначаецца такі дзень, — сказала Галіна Антонаўна. —  Гэта сведчанне павагі дзяржавы да людзей шаноўнага ўзросту, да ўкладу, які яны ўносілі і працягваюць уносіць у наш агульны дабрабыт. Што ж тычыцца ўдзелу нашай арганізацыі ў святкаванні гэтай даты, то мы рыхтуемся да яе грунтоўна і загадзя: сумесна з раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва складаем план мерапрыемстваў, падбіраем удзельнікаў, рыхтуем прызы і падарункі. Вось, напрыклад,  тры дні таму, у аўторак, у фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Замкавы” прайшла спартландыя “Разам весела ісці…” для членаў клубаў для пажылых людзей “Альбом майго жыцця” і “Універсітэт трэцяга ўзросту”, што працуюць пры РТЦСАН,  дзе ўсе мы вельмі ўзбадзёрыліся і атрымалі мноства добрых, цёплых эмоцый. А перад гэтым, у той жа дзень, мы разам з удзельнікамі хору ветэранаў “Аптымісты”, многія з якіх уваходзяць у валанцёрскую групу “Пажылыя — пажылым”, і членамі валанцёрскай групы РТЦСАН “Міласэрнасць” сумесна з раённай арганізацыяй Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа наведалі пацыентаў аддзялення сястрынскага догляду Гарадзейскай гарадской бальніцы, выступілі перад імі з канцэртам, уручылі падарункі.

У сераду наведвальнікі “Універсітэта трэцяга ўзросту”, многія з якіх уваходзяць у наша таварыства, пабывалі на сустрэчы з урачом-кардыёлагам “Сакрэты здаровага сэрца”, што праходзіла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы, дзе пачулі шмат цікавай і карыснай інфармацыі, а таксама паўдзельнічалі ў міжрэгіянальным вечары адпачынку “З усмешкай па жыцці” для пажылых людзей з нашага і суседняга Клецкага раёнаў. Учора цудоўны танцавальны вечар “Рэтра-нью-батл” прайшоў для нас  у гарадскім маладзёжным цэнтры. І гэта далёка не поўны пералік усяго, што робіцца для маіх землякоў шаноўнага ўзросту з нагоды дня пажылых людзей.

Таму хачу заклікаць усіх, хто будзе чытаць гэтыя радкі, цаніць свой узрост, які б ён ні быў, і памятаць: калі мы будзем любіць жыццё, то яно абавязкова адкажа нам узаемнасцю!

P.S. Рэдакцыя “НН” далучаецца да гэтых цёплых слоў і нагадвае, што анонс мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня пажылых людзей, апублікаваны ў №74 ад 28.09.2016 г.        

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.