Даследчык, краязнаўца, музыкант

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

3f2073c10c

Сёлета, у Год культуры, які абвешчаны ў краіне ў мэтах аб’яднання інтэлектуальных і духоўных сіл грамадства для захавання гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця народных традыцый і выхавання ў грамадзян любові да Айчыны, споўнілася 85 год з дня нараджэння гарадзейскага даследчыка, музыканта і краязнаўцы Барыса Канстанцінавіча Скачко.

Наш зямляк займаўся вывучэннем гісторыі, папулярызацыяй ведаў пра свой край. Доўгія гады па крупіцах у архівах, музеях і бібліятэках збіраў матэрыялы па гісторыі Гарадзейшчыны.

На жаль, здарылася так, што даследчык мінуўшчыны  не паспеў аформіць свае знаходкі ў выглядзе кніг. Яго не стала 26 лютага 2003 года.  Кнігу мы атрымалі ў спадчыну праз два гады пасля смерці  аўтара, у 2005 годзе.  Яна была дапрацавана і дапоўнена сучаснымі матэрыяламі, але асноўная работа і  ідэя  — Б.К. Скачко.

Гарадзейская гарпасялковая бібліятэка яшчэ да яго 80-гадовага юбілею ў 2011 годзе рыхтавала біяграфічныя матэрыялы пра гэтага неардынарнага чалавека. Родныя падзяліліся ўспамінамі і фактамі з яго жыцця,  прынеслі ў бібліятэку фотаздымкі, успаміны. У бібліятэцы  аформлена папка, электронная прэзентацыя матэрыялаў пра жыццёвы шлях краязнаўцы.

Вельмі хочацца, каб жыхары пасёлка Гарадзея, Нясвіжскага раёна, чытачы газеты даведаліся пра жыццёвы шлях нашага земляка, успомнілі чалавека, які любіў свой край і Айчыну.

Барыс Канстанцінавіч Скачко нара-дзіўся 10 красавіка 1931 г. у г.п. Гарадзея ў сям’і селяніна. Бацька яго, Канстанцін Мацвеевіч, хацеў, каб сын стаў музыкантам. Для гэтага ён наняў настаўніка, бо цяга да музыкі з’явілася рана, калі хлапчуку было 7-8 гадоў.

У 1948 годзе Барыс Канстанцінавіч скончыў Гарадзейскую сярэднюю школу (цяпер гэта СШ №1). З акардэонам не разлучаўся ніколі. Быў вельмі папулярным у таварышаў як музыкант. Яго музыка гучала на школьных, а потым на дарослых вечарах, вяселлях.

 Малавядомым фактам біяграфіі з’яўляецца паступленне пасля заканчэння школы ў Мінскі медыцынскі інстытут. Як паведаміла дачка Святлана Барысаўна, бацька не любіў успамінаць пра памылку ў выбары прафесіі. Але  ёсць  фота 1949 года, дзе студэнт Скачко — за работай у анатамічцы  медінстытута.

З 1950 г. ён працаваў старшым піянерважатым у СШ №14 у Мінску. У 1954 годзе служыў на Чарнаморскім флоце. Пасля прадоўжыў службу на Балтыцы ў афіцэрскім званні. Пасля дэмабілізацыі быў накіраваны на працу ў ваенны шпіталь №435, які знаходзіўся ў Снове, начальнікам клуба.

У 1956 годзе паступіў у Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча, якое скончыў у 1958-м. Па заканчэнні яму прысвоілі кваліфікацыю арганізатара-метадыста клубнай работы. 

З 1957 па 1960 год Барыс Канстанцінавіч працаваў настаўнікам музыкі і спеваў сярэдняй школы вёскі Сталавічы Брэсц-        кай вобласці. Тут, у Сталавічах, сустрэў малады  настаўнік сваё каханне з першага погляду. Убачыў на ўроку настаўніцу — і прапаў.  20 красавіка 1957 года Аграфена Аляксандраўна Федаркевіч стала яго жонкай. Там жа, у Сталавічах, нарадзіліся іх дочкі Людміла  і Святлана.

У 1960 годзе сям’я пераехала ў Гара-дзею. Нарадзілася трэцяя дачка Наталля.  Разам з Аграфенай Аляксандраўнай  Барыс Канстанцінавіч выхаваў,  даў вышэйшую адукацыю ўсім дочкам, вельмі любіў сваіх пяцярых унукаў, дапамагаў выхоўваць і іх.

Выбар месца жыхарства быў зроблены невыпадкова. У  Гарадзеі Барыс Канстанцінавіч нарадзіўся, тут правёў дзяцін-ства. З сакавіка 1961 года пачаў працаваць настаўнікам музыкі ў Гарадзейскай СШ №1.

Працягнуў і сваю музычную адукацыю. З 1960 па 1965 гады вучыўся ў Мінскім музычным вучылішчы імя Глінкі, дзе атрымаў дыплом дырыжора хору, настаў-ніка спеваў. Шмат сіл, ведаў, умення і энергіі аддаў дзецям, вучыў іх любіць і разумець музыку. Больш за 40 годоў ад-працаваў у трох гарадзейскіх школах. Да 1968 г. — у СШ № 1 г.п. Гарадзея, дзе актыўна развіваў самадзейную творчасць.  Прыблізна на гэты час прыпадала зацікаўленасць  Б.К. Скачко гісторыка-краязнаўчай дзейнасцю.

Пачалося ўсё з вывучэння гісторыі помніка воінам,  якія загінулі пры  вызваленні пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе.  Гэта былі воіны  10-й дывізіі 4-га гвардзейскага кубанскага казацкага кавалерыйскага корпуса. Барыс Канстанцінавіч наладзіў ліставанне з ветэранамі гэтага злучэння, сабраў многія сведчанні пра вызваленне Гарадзеі. Пачалася яго работа ў архівах, бібліятэках, пошук матэрыялаў у газетах, кнігах, сустрэчы са старажыламі, ветэранамі. У гэтай рабоце яму дапамагалі вучні. Разам з імі ён наладжваў турпаходы, экскурсіі. З яго дапамогай быў адкрыты гісторыка-     краязнаўчы музей у СШ №1 г.п. Гара-дзея, а ў СШ №2 — музей 10-й кубанскай кавалерыйскай дывізіі, якая вызваліла пасёлак 3 ліпеня  1944 года.

Барыс Канстанцінавіч вывучаў і ранейшы перыяд жыцця гарадзеі. Ён перадрукаваў старонкі “Аповесці аб жыцці” К. Паўстоўскага, дзе рускі пісьменнік згадвае пра Гарадзею (у час першай сусветнай вайны яна называлася Замір’е) і Нясвіж.

Кропля па кроплі збіраў руплівы настаўнік гістарычныя звесткі пра Гара-дзею. Напрыклад, у Гарадзеі быў аркестр — ён узнавіў прозвішчы музыкантаў. таксама Барыс Канстанцінавіч ўзнавіў гарадзейскі перыяд жыцця знакамітага спевака Пятра Конюха, які, аказваецца, да 1939 г. працаваў на Баранавіцкім ільнокамбінаце і ў 1937 го-дзе нарыхтоўваў лён у Гарадзеі і ваколіцах, дастаўляў яго  на склады фірмы “Віленка”, адкуль адпраўлялі лён у Вільню на перапрацоўку. У канторы нарыхтоўчага пункта Пётр Конюх часта спяваў для работнікаў.

Барыс Канстанцінавіч Скачко стаў арганізатарам адкрыцця  Гарадзейскай музычнай школы. З 1 верасня 1968 г. да ліпеня 2002 ён — выкладчык па класе акардэона і тэарэтычных дысцыплін, адначасова завуч школы. Вёў плённую работу па эстэтычным выхаванні дзяцей, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці раёна, з’яўляўся рэктарам народнага ўніверсітэта культуры Гарадзейскага цукровага камбіната. Разам з раённым хорам выступаў на Нясвіжчыне, у вобласці, краінах СНД. Садзейнічаў арганізацыі канцэртаў Беларускай філармоніі. Быў членам прэзідыума Нясвіжскага райсавета па ахове помнікаў гісторыі і культуры, удзельнічаў у ВДНГ у Маскве. Узнагароджаны  значком “Выдатнік народнай асветы Беларусі”, граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і граматамі раённых улад.

Барыс Канстанцінавіч любіў сваю Гара-дзею, яго цікавіла ўсё: мінулае і будучыня сваёй зямлі, яе жыхароў. Менавіта для сваіх нашчадкаў працаваў і жыў гэты цікавы, неабыякавы, таленавіты, творчы чалавек.  У летапіс пасёлка  імя Барыса Канстанцінавіча Скачко назаўсёды ўпісана залатымі літарамі.

Таццяна НІКІЦІНА,

загадчык Гарадзейскай  гарпасялковай  бібліятэкі


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.