Два юбілеі аднаго жыцця

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

nesv_31

Протаіерэй Аляксандр Данчанка падчас святочнай службы, прысвечанай адкрыццю новага храма Узнясення Гасподня

У надыходзячую нядзелю адзначыць свой 60-гадовы юбілей благачынны Нясвіжскай царкоўнай акругі, настаяцель храма Узнясення Гасподня, протаіерэй Аляксандр Данчанка. Гэты год асаблівы для яго не толькі з-за круглай даты з дня нараджэння, але і дзякуючы яшчэ аднаму  юбілею — 25-годдзю служэння Богу і людзям. Да таго ж менавіта 2016-ы назаўсёды ўвайшоў у гісторыю Нясвіжа як год заканчэння будаўніцтва новага храма Узнясення Гасподня, які быў задуманы не толькі як галоўны храм Узнясенскага прыхода, але і як галоўны храм раёна. 

Шмат ужо было сказана аб тым, што будоўля гэтага храма стала сапраўднай справай жыцця для айца Аляксандра, якая запатрабавала вельмі шмат сіл і часу, але вынік быў таго варты — зараз залатыя купалы новай царквы сваім сонечным бляскам нагадваюць усім пра Божую міласэрнасць і радасць вечнага жыцця. І на кожнай службе настаяцель сустракае вернікаў, абвяшчае Божае слова і прымае споведзі, знаходзячы для кожнага словы суцяшэння і падтрымкі.

А пачыналася ўсё 60 гадоў таму ў сям’і мінчан, дзе ў таты інжынера і мамы настаўніцы нарадзіўся маленькі Саша. Рос, як і ўсе дзеці, магчыма, толькі з той розніцай, што ў тыя савецкія часы ваяўнічага атэізму сам ён “ваяўнічым атэістам” так і не вырас — нібы няўлоўны водар, ад маці зыходзіла павага да паняццяў “Бог” і “вера”, якую сын і ўвабраў нават незаўважна для сябе самога.

Пасля заканчэння школы атрымаў прафесію тэхніка лясной гаспадаркі у Полацкім тэхнікуме, бо жывая прырода здавалася вялікім дзівосным светам, які хацелася аберагаць і ўзнаўляць. Тры гады пасля заканчэння тэхнікума, як належыць, адпрацаваў у лесе, але пытанні аб сэнсе жыцця і месцы чалавека ў гэтым складаным свеце, якія вярэдзілі душу яшчэ са школы, усё мацней не давалі спакою. Тады будучы святар вырашыў вывучыць паняцце  “чалавек” з навуковым падыходам і паступіў на аддзяленне псіхалогіі ў Мінскі педінстытут. Аднойчы на адной з лекцый прыезджага псіхолага пачуў словы “свет створаны”, якія сталі для яго своеасаблівай успышкай, азарэннем, пасля якога немагчыма было заставацца такім, як раней. Пры першай жа магчымасці паехаў у Маскву, адтуль — у старадаўні Угліч, дзе ўпершыню паспавядаўся і прычасціўся. Праз год быў рукапакладзены  ў іерэя. Такая паспешлівасць тлумачылася тым, што якраз на тыя гады прыйшоўся масавы паварот людзей да веры, а святароў элементарна не хапала.

25-гадовы Аляксандр Данчанка ў перыяд пошукаў ісціны

25-гадовы Аляксандр Данчанка ў перыяд пошукаў ісціны

Пасля атрымання сану іерэй Аляксандр быў накіраваны ў вёску Лысіца. Паства патрабавала тут добрага павадыра, а храм — немалога рамонту. І малады святар узяўся за справу з усёй адказнасцю перад Богам і людзьмі: вёў службы, спавядаў, хрысціў, суправаджаў у апошні шлях. І разам з гэтым дбаў пра аздабленне храма, пра тое, каб ён быў дастойным Домам Божым. Паралельна з гэтым ён з благаслаўлення Уладыкі Філарэта паступіў у Жыровіцкую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1994 годзе.  Калі дадаць, што тады ў іх з матушкай Ірынай сям’і з’явіліся першыя дзеці, то можна сабе ўявіць, што клопатаў было хоць адбаўляй. І, напэўна, так бы і застаўся ён у Лысіцы, каб не візіт мітрапаліта Філарэта, які, убачыўшы старанні іерэя па добраўпарадкаванні прыхода, вырашыў перавесці яго ў Нясвіж і даверыць будаўніцтва новага вялікага храма.

Малады святар здзяйсняе свой першы чын вянчання. Ліпень 1991 года

Малады святар здзяйсняе свой першы чын вянчання. Ліпень 1991 года

18 гадоў мінула з таго часу, як протаіерэй Аляксандр Данчанка ўзначальвае Нясвіжскую царкоўную акругу. Наўрад ці магчыма падлічыць, колькі людзей за гэты час ён прывітаў са з,яўленнем на гэты свет і колькі правёў у апошні шлях, колькі павянчаў, паспавядаў, прычасціў і пасабораваў. Гэта праца называецца асабліва — служэнне. І яе ніяк не вымераць ні тонамі, ні кіламетрамі, ні амперамі, ні якімі-небудзь іншымі фізічнымі адзінкамі, таму што яна вымяраецца толькі сумленнем і сіламі, аддадзенымі на карысць Богу  і людзям. А сіл гэтых за 25 гадоў было аддадзена ой як нямала.

Няхай жа цудоўны ўзрост, які сустракае зараз наш айцец Аляксандр, стане для яго новым часам  у жыцці, калі мудрасць і вопыт выдатна спалучаюцца з сіламі для служэння Богу і лю-дзям, а новы храм, у будаўніцтва якога было ўкладзена столькі намаганняў, яшчэ доўга-доўга сустракае свайго настаяцеля!

“НН”

Фота з архіва сям’і Данчанка і сайта Слуцкай епархіі


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.