Кошт імгненняў — жыццё

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

С.В. Цвірка  ў сваім садзе

С.В. Цвірка ў сваім садзе

Як мы паведамлялі раней, у адзін з сонечных летніх дзён, 25 жніўня, у вёсцы Качановічы адбыўся пажар у жылым доме. У час узнікнення пажара ў ім  знаходзілася жанчына, якая пачула сігнал аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, што быў устаноўлены ў адным з пакояў, але самастойна выйсці на вуліцу не змагла. Жыхарку вёскі выратаваў сусед.

Пра чалавека, які праявіў грамадзянскую свядомасць, гэты аповед.

Выратавальнікі. Яны там, дзе катастрофы, надзвычайныя сітуацыі, пажары, страшныя аварыі. Яны спяшаюцца на дапамогу людзям, каб паспець за лічаныя хвіліны. Для тых, каго яны выратавалі, яны становяцца анёламі-ахоўнікамі. Для адной з жанчын, якая аказалася ў доме, дзе пачаўся пажар, сапраўдным анёлам-ахоўнікам стаў яе сусед, які своечасова заўважыў у доме праз дарогу задымленне.

— Да мяне тады якраз пляменнік прыехаў, — расказвае мой суразмоўца і герой гэтай шчаслівай гісторыі Сцяфанід Вячаслававіч Цвірко з вёскі Качановічы. І працягвае: — Мы зайшлі з вуліцы ў залу, вокны якой выходзяць на вясковую вуліцу. Кажу пляменніку: “Глянь ты, нехта смецце паліць”. Густы шэры дым слаўся з-за вугла хаты на дарогу. Прыгледзеўся — бачу, што выбіваецца ён з-пад шыферу дома суседкі. Я да яе “Іванаўна” заўсёды звяртаюся. Кажу пляменніку, каб званіў выратавальнікам — хата гарыць. А сам накіраваўся праз дарогу, бо ведаў — яна дома і апошнім часам дрэнна сябе адчувала. Іншы раз зайду, калі дачка яе папросіць, праведаю. Гляджу — спіць, значыць, усё добра. А на гэты раз і не памятаю ўсяго. Прыйшоў да сябе, калі хлопцы забралі яе з маіх рук і сказалі: “Давай мы яе на лаўку завядзём”.

Пляменнік расказваў, што пакуль ён прыбег, пазваніўшы “101”, я ўжо стаяў з жанчынай на ганку. Цяпер думаю, добра, што ведаў, у якім пакоі яна звычайна адпачывае. Не памятаю — бег туды ці ішоў. Помню, шторка вісела на дзвярах. Сарваў яе поўнасцю. Глянуў — пад дахам гарыць. Далей — на сцяне ў пакоі верхні брус каля газавай пліты ахоплены полымем. На ўсё гэта не звяртаў увагі. Адразу накіраваўся да чалавека.

Іванаўна сядзела на ложку зусім разгубленая. На ўсю хату пішчаў аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Я ёй кінуў: “Іванаўна, пайшлі!” — і падхапіў яе пад рукі… Далей — не памятаю. Ведаю пра астатняе з расказа сваяка.

Вынес жанчыну, а да пляменніка  і іншых хлопцаў звярнуўся: “Давайце, можа, што вынесем”, — працягвае Сцяфанід Вячаслававіч.

Так за некалькі хвілін на вуліцы апынуліся тэлевізар, радыёапаратура. А потым, калі Іванаўна адказала, у якім месцы могуць знаходзіцца дакументы, Сцяфанід Вячаслававіч у трэці раз зайшоў у хату і знайшоў сумачку з важнымі паперамі. Больш у памяшканне зайсці было нельга…

— Што я такога зрабіў? Можа і пажарныя паспелі б. Прыехалі яны хутка. Але ў тую хвіліну я не думаў, а рабіў усё хутчэй на падсвядомым узроўні, — сціпла апраўдваўся мой суразмоўца. І дадаў: — Кожны так зрабіў бы. Бо гэта бяда, а думка, што ў такую бяду патрапіў чалавек, накіроўвае ногі куды трэба.

Вось такі ён наш герой — карэнны жыхар Нясвіжчыны. Смелы, дужы, адважны, здольны рызыкаваць сваім жыццём, каб выратаваць жыццё другога. І ў той жа час ён самы звычайны чалавек, які сёння знаходзіцца на заслужаным адпачынку. У свае шэсцьдзясят успамінае бацькоў, у чыёй хаце жыве і сёння, а таксама працоўныя будні “за баранкай”.

— Нарадзіўся я недалёка, на хутары, на “Замкавішчы”, — дзеліцца біяграфічнымі звесткамі мужчына па нашай просьбе. — Усе раней тут на хутарах жылі. Бацька мой таксама шафёрам быў. Мама проста працавала ў калгасе. Дзяцей у сям’і было двое — я і сястра. Мы да сённяшняга дня вельмі дружныя — бацькі добра выхавалі. І хата гэта бацькоўская. Тады многія з хутароў перавозілі іх. Але толькі з сястрой нас некалі на розныя імя па бацьку запі-салі. Бацьку ў вёсцы звалі Чэсь, вось ёй у дакументы і занеслі “Марыя Чаславаўна”, а я — “Вячаслававіч” застаўся.

Праз дарогу некалі таксама Цвіркі жылі. Тут многа аднавяскоўцаў з такімі прозвішчамі жыло. Добрыя суседзі былі ў нас заўсёды, няма чаго крыўдзіцца. А вучыўся я адразу ў мясцовай школе чатыры класы. Потым — у трэцяй Нясвіжскай. Вырашыўшы стаць вадзіцелем, пайшоў у аўташколу ды так і застаўся ў гэтай прафесіі. Пасля арміі працаваў 25 гадоў у аўтапарку за рулём ЗІЛа і МАЗа, затым 15 гадоў — на ГАЗелі ў ДЭУ-65…

Вось такая простая біяграфія ў нашага героя, які жыве ў звычайнай вёсцы, успамінае, як некалі многа моладзі тут было. Маёўкі наладжвалі, кастры на Купалле палілі. А яшчэ Сцяфанід Вячаслававіч расказвае пра тое, як заўсёды любіў дарогі Беларусі — нікуды больш не хацелася.

З жартам ён гаворыць пра паходжанне свайго імя. 

— Бацькі-католікі хацелі назваць мяне Стэфан, а пры афармленні дакументаў сказалі, што няма такога імя і запісалі па-свойму, як прыдумалі, — з усмешкай тлумачыць Сцяфанід Вячаслававіч і з сумам у голасе дадае аб тым, што шкадуе, што дзеці забралі з вёскі яго суседку Іванаўну, бо за некалькі гадоў прывык, што яна з самага рання працуе ў агародчыку або рухава завіхаецца на падворку. А калі ўбачыць яго, свайго суседа, на двары, то здалёк аклікне: “Сцёпачка, як справы?”…

Іна ВАСІЛЕВІЧ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.