“Сафія Асмолаўская”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Сафія Ігнацьеўна Плакса (злева)  з роднай сястрой Марыяй Ігнацьеўнай Хілімон. 2008 г.

Сафія Ігнацьеўна Плакса (злева)
з роднай сястрой Марыяй Ігнацьеўнай Хілімон. 2008 г.

(Працяг. Пачатак у № 63 “НН”)

Другая  кніга сямейнага летапісу роду Плакса з вёскі Асмолава  — фаліянт на 600 старонках — “Сафія Асмолаўская”. Пошта даставіла яе з Харкава ад аўтара, Міхаіла Васільевіча Плакса, палкоўніка запасу, ураджэнца гэтай вёскі, яго старэйшаму брату Васілю Васільевічу ў Нясвіж. Кніга прысвечана маці Галіны, Ва-сіля, Марыі і Міхаіла Плакса — Сафіі Ігнацьеўне (1913—2010 гг.). Яна пражыла доўгае, няпростае  і ў той жа час шчаслівае жыццё, бо была акружана любоўю мужа, дзяцей і ўнукаў.

Кніга “Сафія Асмолаўская” складаецца з некалькіх раздзелаў. Два з іх апавядаюць пра старэйшых жанчын роду — пра бабулю Алену Андрэеўну і маці Сафію Ігнацьеўну Плакса. Іх вобразы адлюстроўваюць лёсы многіх і многіх жанчын беларускіх вёсак. Няспынная цяжкая ручная  праца на ўласнай гаспадарцы. Выхаванне  дзяцей — а сем’і ў большасці былі шматдзетныя. Ваенныя ліхалецці. І жанчына-беларуска паўстае перад чытачом моцнай целам і духам, няскоранай нягодамі, працавітай і адначасова — добрай, спагадлівай, пяшчотнай. Аповед аб іх вядзецца ў вершаванай форме. Аўтарам паэмы, верша і балады з’яўляецца калега і сябар М.В. Плакса палкоўнік запасу Віктар Клімянкоў.

008

Алена Андрэеўна (у дзявоцтве — Русак) з самага дзяцінства дапамагала бацькам па гаспадарцы. У сям’і было вялікае поле і ветраны  млын. А ў святы ўсе разам ішлі на службу ў Свята-Пакроў-скую царкву ў яе роднай вёсцы Лань. Там Алену і прыкмеціў яе будучы муж —  Ігнат Плакса з вёскі Асмолава, які таксама быў з заможнай, добрай і набожнай сям’і. Вялікая гаспадарка патрабавала шмат намаганняў. Усе работы выконвалі  ўручную і з дапамогай каня: сеялі, палолі, жалі сярпамі, сушылі снапы, абмалочвалі іх цапамі. Дачка Сафія пазней успамінала: працавалі ўсе — і дзеці, і дарослыя, пастаянна, не прысядаючы. Нават калі яна  прыганяла з пашы кароў і авечак і хацела прыбраць у доме, мама гаварыла ёй, што вясной і летам трэба працаваць на зямлі, каб усё добра вырасла, а прыбіраць у хаце будуць зімой. Пачынаючы з позняй восені, Алена Андрэеўна апрацоў-вала  лён, потым дапазна ся-  дзела пад газавай лямпай і прала. Пад канец зімы ткала. Ранняй вясной у канавах вымочвала палатно. Потым шыла бялізну і прасціны, шыла ўручную, бо швейнай машыны ў яе не было. Летам, акрамя працы ў полі, трэба было накапаць і насушыць на балоце торфу. З дочкамі і ўнукамі збірала ў Карцэвіцкім лесе  ягады. У кожнага быў гліняны збанок, і пакуль па поўным не назбіраюць, дамоў не вярталіся. Дачок вучыла: “Не прымушайце дзяцей есці, а прымушайце працаваць. Калі добра папрацуюць, то самі прыйдуць прасіць есці”. Да таго ж, Алена Андрэеўна была добрым, спагадлівым чалавекам.

Вось у такой атмасферы  дабрыні, павагі да працы расла Сафія Ігнацьеўна. Расла працавітай, а таксама пявунняй і танцоркай, за што і ўпадабаў дзяўчыну  аднавясковец Васіль Плакса. Згулялі вяселле. Пабудавалі хату. Пасадзілі сад. Толькі Другая сусветная вайна чорнай  маланкай уварвалася ў думы і справы. Фашысцкія боты ўжо тапталі Польшчу. “Ці прыйдзе нам хто-небудзь на дапамогу?” — з трывогай чакалі жыхары Заходняй Беларусі, якая воляй лёсу  амаль два дзясяткі гадоў таму  апынулася пад польскай уладай. Выратаванне прыйшло з усходу. Армія Краіны Саветаў вызваліла нашы землі ад польскага прыгнёту. А ў 41-м пачалася  Вялікая Айчынная вайна. Нясоладка жылося ў акупацыі. Мужа мабілізавалі на фронт. Сафія Ігнацьеўна чакала яго с трыма дзецьмі. Пасля ранення і лячэння ў шпіталі Васіль Іосіфавіч вярнуўся дамоў. Працавалі на ўласнай гаспадарцы, потым — у калгасе. Сафія Ігнацьеўна даглядала цялят. Жывёла размяшчалася на хутары ў гумне, якое было іх уласнасцю, а стала калгаснай. Дзеці дружна дапамагалі маме даглядаць цялят, пасвіць іх.

Васіль Іосіфавіч пайшоў з жыцця ў 1969-м. Сафія Ігнацьеўна — у 2010-м. 40 гадоў жыла яна без мужа, з Богам у сэрцы. Клопатамі, любоўю і ласкай акружалі яе дзеці і ўнукі. Прыязджалі на выхадныя, у водпускі, а сын Васіль з Нясвіжа наведваўся і вечарам у будзённыя дні. Сям’я дружна збіралася на юбілеі, дні нараджэння мамы,  бабулі, прабабулі. У красавіку 2008-га адзначылі яе 95-годдзе. На 97-м годзе жыцця маці не стала. Цяпер родныя прыязджаюць на яе і бацькаву магілы. У 2013 годзе хата Сафіі Ігнацьеўны ў Лані, пры гасцінцы, пад “кацярынінскай” бярэзінай, прыняла ўсіх, хто прыехаў, каб успомніць пра свайго  роднага, паважанага  чалавека ў яе 100-гадовы юбілей.

У кнізе прыведзены пісьмы  і паштоўкі, якія дасылалі  маме і бабулі яе дзеці і ўнукі. Сафія Ігнацьеўна зберагала іх, бо гэта былі часцінкі той вялікай любові, якую яна адчувала пастаянна. Змешчаны ў кнізе таксама  некаторыя звесткі радаслоўнай гэтай сям’і.

“Мама — самы дарагі чалавек. Што б з табой  ні зрабілася, лепш за ўсіх зразумее цябе мама. Зразумее і даруе, і абароніць, і акажа табе самую неабходную дапамогу. Для маці ты назаўсёды застанешся яе крывінкай…” — піша ў прадмове да кнігі пра маці Міхаіл Плакса, малодшы сын Сафіі Ігнацьеўны.

Хіба скажаш лепей?!

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота з архіва сям’і Плакса.

P.S. Трэцюю кнігу сямейнага летапісу  — “Родам з Асмолава” — аўтары мяркуюць выдаць у канцы бягучага ці ў пачатку наступнага года. Яна будзе пра выхадцаў з гэтай вёскі, цікавых, працавітых лю-дзей. Адным словам — беларусаў.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.