Вераснёўскі эцюд Нясвіжскай Купаліяны

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Ядвіга Іванаўна Дудзянкова сёння найстарэйшая з Купалавага роду

Ядвіга Іванаўна Дудзянкова сёння найстарэйшая з Купалавага роду

Сёлета ў яе не юбілей. Але ўзрост нагэтулькі паважаны, што кожны пражыты год і прыход  новага варта адзначаць як падзею, вялікае свята. Гэтым вераснем ёй споўнілася 96.

Мне пашчасціла: знаёмства з пляменніцай Янкі Купалы Ядвігай Іванаўнай Дудзянковай доўжыцца  дзясяткі гадоў. Спачатку з вучнямі-краязнаўцамі бывала на яе ранейшай кватэры па вуліцы Савецкай. Запомнілася дэталь інтэр’ера — у пакоі над шафкай вялікі партрэт народнага песняра. Разглядалі хатнюю бібліятэчку, гарталі альбом з рарытэтнымі здымкамі. На адным Марыя Дамінікаўна (маці Ядвігі Іванаўны) з жонкай Купалы Уладзіславай Францаўнай у мінскім дворыку, на другім Уладзіслава Францаўна ў Нясвіжы. “Бывала тут у нас”, — ахвотна тлумачыла гаспадыня.

З часам нашы сустрэчы перамясціліся ў кватэру дачкі і зяця, да якіх Ядвіга Іванаўна перабралася на сталае жыццё: гады бралі сваё. Размовы, да якіх з часам далучаліся і мае сябры, расцягваліся на непрыкметныя гадзіны.

Жыццё ў замку

У Нясвіж Ядвіга Іванаўна пераехала з Барысава адразу пасля вайны. Санаторый, у якім яна працавала, змяніў месца прапіскі. А да гэтага было вясковае дзяцінства ў Ляўшове пад Лагойскам, дзёрзкая дзявочая мара вывучыцца на шафёра (і не “так сабе”, а каб вазіць на бліскучым “шэўрале” свайго знакамітага дзядзьку!). Мара, бадай, не менш дзёрзкая, чым той купалаўскай класічнай дзяўчынкі Алесі, што “самалётавым крыллем воблакі калыша”. Пра сваю блакітную мару Ядвіга Іванаўна ўспамінае з нязменным гумарам і цёплым пачуццём. І тут жа, праз паўзу, прыгадвае зусім невясёлае. Вайна. Замест рамантычных мройных дарог на легкавым “шэўрале” яе чакаў лёс паланянкі, прымусовая праца на чужыне.

Разам з Ядвігай Іванаўнай з Барысава прыехалі і яе браты Эдуард  і Мар’ян з сям’ёй. Усе працавалі ў санаторыі. У нясвіжскім архіве знайшліся паперы, якія сведчаць пра гэты перыяд жыцця Купалавых нашчадкаў. Жылі тады яны ў замку. Дачка Ядвігі Іванаўны Валянціна Цімафееўна Рагалевіч расказвае: “Маё дзяцінства прайшло ў сціплым пакойчыку Радзівілаўскага палаца. А парк быў месцам нашых гульняў і забаў. Гулялі разам з дзецьмі дзядзькі Мар’яна. Сваю кватэру мама атрымала пазней, як мне было гадоў пад дванаццаць”.

З архіва сям’і. Бацькі Ядвігі Іванаўны — Марыя Дамінікаўна Луцэвіч і Іван Аўлачынскі

З архіва сям’і. Бацькі Ядвігі Іванаўны — Марыя Дамінікаўна Луцэвіч і Іван Аўлачынскі

Колькі разоў прыязджала ў Нясвіж паглядзець на пляменнікаў жонка Янкі Купалы цётка Уладзя (так яе называлі). Была клапатлівай і ўважлівай. Калі  сям’я Мар’яна прыбыла адразу  на двух хлопчыкаў, купіла ў падарунак з той прыемнай нагоды… карову — хай гадуюцца здаровыя!  А мінская кватэра Купалы, як  неаднойчы сведчыла Ядвіга Іванаўна, была “інтэрнатам” для ўсіх яго родзічаў, што ехалі ў сталіцу па веды. Гэта быў дзядзькаў наказ: дапамагаць усім вывучыцца. Гасцінным  домам стала яна на гады вучобы і  для яе дачкі Валянціны.

Партрэт

Вяртаюся ўспамінамі ў нашы апошнія летнія сустрэчы. Гартаю памятныя фотаздымкі — ужо нашы, сумесныя. Дзясяткі цудоўных імгненняў! Углядаюся ў прыгожы твар Ядвігі Іванаўны, шукаючы рысы Купалы ў яе вобразе і, зразумела ж, знаходжу. Перш-наперш, позірк. Цікаўны, часам неспакойна-пільны, нават пранізлівы, у куточках шэра-блакітных вачэй — мілы пучок іскрыстых маршчынак, якія  асабліва нагадваюць хрэстаматыйны фотаздымак-партрэт самога класіка, што запомніўся нам з ранніх школьных гадоў.

Гэтыя, як і шмат якія іншыя рысы аблічча Ядвігі Іванаўны, выхапіў спрактыкаваным вокам партрэтыста народны мастак Беларусі Уладзімір Стальмашонак. Адпачываў у Нясвіжскім санаторыі, а Ядвіга Іванаўна яшчэ працавала — там і пазнаёміліся. І не ўтрымаўся мастак, каб не скарыстаць шчаслівага выпадку ўзяцца за пастэльныя фарбы (менавіта імі, мяккімі крэйдавымі алоўкамі зроблены партрэтны эцюд, што  захоўваецца ў сям’і Дудзянковых-Рагалевічаў). Мастак паказаў, што гераіня яго цудоўнага  нясвіжскага партрэта вартая ўвагі не толькі праз яе сваяцтва з песняром. На яе твары, як у люстэрку, —  і характар народа, зычліва-мяккі, інтэлігентны, і  яго лёс на працягу стагоддзя. Хоць неяк падчас сустрэчы Ядвіга Іванаўна сціпла зазначыла: ”Што я! Вось мой дзядзька Янка!..”

Блакітная стужачка

За колькі дзён да свята патэлефанавала Рагалевічам, пацікавілася пра здароўе, настрой Ядвігі Іванаўны.  Даведалася, што жанчына, як і раней,  і па хаце паціхеньку пройдзе, і на лаўцы пры вуліцы пасядзіць, і газету разгорне.  Любіць, калі прыходзяць  госці, унукі,  цікавіцца хатнімі справамі, падзеямі ў свеце.

Падчас чарговых адведкаў радуюся: пляменніца класіка-песняра, аўтара “Паўлінкі” і неўміручай “Спадчыны” любаміла выглядае, дасціпная і жартаўлівая. А гарэзлі-вая блакітная стужачка ў прычосцы-кошыку сведчыць пра яе нязменны жыццёвы імпэт, дый — што там! — нораў самой Паўлінкі.

Адзначаю прыемную акалічнасць: нягледзячы на гады, Ядвіга Іванаўна трымае на сабе асаблівае хараство старой беларускай жанчыны, тую прывабнасць, якая не можа не прыцягваць, нават, сказала б, захапляць. Старасць, як вядома, бывае рознай, аднак радасна сведчу: перада мной у вобразе Купалавай пляменніцы старасць праменіць сваім непаўторным святлом.

Апошняе сямейнае інтэрв’ю. Ядвігу Іванаўну наведаў траю-радны пляменнік Янкі Купалы Віктар Мар’янавіч Аўлачынскі (другі злева)

Апошняе сямейнае інтэрв’ю. Ядвігу Іванаўну наведаў траю-радны пляменнік Янкі Купалы Віктар Мар’янавіч Аўлачынскі (другі злева)

Зноў фатаграфуемся на памяць; перад  аб’ектывам ані не пасуе, наадварот, стараецца  выглядаць непасрэдна і годна, з  нязменнай вясёлай жмурынкай не па гадах маладых вачэй.

Несвіжанка

Найстарэйшая ў вялікім  разгалінаванні Купалавага радаводнага дрэва, Ядвіга Іванаўна больш як семдзесят гадоў жыве ў Нясвіжы. Тут склаўся яе лёс, жыццёвая біяграфія. Нясвіжская прапіска, яе  тутэйшасць, сённяшняя прысутнасць сярод нас — несумненны яскравы радок  у летапісе Нясвіжа і Нясвіжчыны.

Ідучы на сустрэчу, я нясу кветкі. Кветкі пашаны і ўдзячнасці. Заўсёды радуюся, згадваючы духоўную купалаўскую спадчыну, з якой мужнела і адраджалася Беларусь. З днём нараджэння, Ядвіга Іванаўна!

Наталля ПЛАКСА, краязнаўца

Фота аўтара


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Вераснёўскі эцюд Нясвіжскай Купаліяны: 1 комментарий

  • 23.09.2016 в 11:24
    Permalink

    Dzień dobry! Z wielkim zainteresowaniem przeczytałam tę «wrześniową etiudę» poświęconą rodzinie wielkiego poety Janka Kupały. Podczas mego ostatniego pobytu w Nieświeżu, w sierpniu tego roku, poznałam pana Wiktora Marianowicza i spędziliśmy parę godzin na interesującej rozmowie w gościnnym domu pani Grażyny Ratomskiej, zaprzyjaźnionej z potomkiem Poety.Z informacji,które mam od prof, Jerzego Sudnika-Hrynkiewicza, matka Janka Kupały ma swoje korzenie w Kaczanowiczach.Profesor powołuje się na wspomnienia swojej nieżyjącej matki.Myślę ,ze warto ten wątek wyjaśnić.Pani Redaktor Natalii Płaksa dziękuję bardzo za ten piękny i nostalgiczny reportaż.Pozdrawiam Nieśwież. Wiktoria Żukiewicz — Stowarzyszenie Nieświeżan

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.