Восень — работ восем

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Фото 1

Фота 1

Восеньская пара для работнікаў сельскай гаспадаркі не менш “гарачая”, чым летняе жніво. Шмат чаго трэба паспець да зімовых халадоў. Аб клопатах у сваім сельгаспрадпрыемстве карэспандэнту “НН” расказаў дырэктар ААТ “Сейлавічы” Сяргей Міхайлавіч Пілішчык (фота 1):

— Зараз у гаспадарцы вядуцца асеннія палявыя работы, сярод якіх — уздым зябліва, азімая сяўба на плошчы 715 га, уборка кукурузы на сілас, уборка цукровых буракоў на плошчы 403 га. Паралельна ідзе ўнясенне ў глебу гліфасатаў, арганікі, мінеральных угнаенняў, а таксама догляд азімых пасеваў — праполка, апрацоўка сродкамі аховы раслін.

Сяргей Міхайлавіч назваў тых работнікаў, хто нясе асноўную нагрузку ў даны перыяд. Сярод іх — механізатар Уладзімір Праневіч, які ўбірае салодкі корань на сваім “Кляйнэ SF 102” шмат гадоў. Зараз буракі капаюцца з невялікім напружаннем, асноўная ж іх уборка запланавана на кастрычнік. На ворыве задзейнічаны Аляксандр Хвіцька на трактары МТЗ-1523, Анатоль Навоша і Мікалай Кісун на сваіх МТЗ-3022, Уладзімір Астроўскі (фота 2) на “Фэндце”. На сяўбе азімых збожжавых культур — Анатоль Навоша, які засявае па 40—50 га плошчы ў дзень. Пастаяннае звяно на ўнясенні арганікі —  ад 800 да 1000 тон на працягу дня — Мікалай Гасюк, Мікалай Кісун, Яўген Таратута, Аляксандр Серада.

Фота 2

Фота 2

Уборкай кукурузы займаюцца механізатары Генадзь Бярнацкі і Юрый Зубовіч, на адвозцы зялёнай масы задзейнічаны механізатары Уладзімір Якавец, Уладзімір Пяцігор, Сяргей Шыбіцкі, вадзіцелі Вадзім Турко і Уладзімір Шабалдзін. Трамбуе сіласную масу Дзмітрый Варанковіч. Кукуруза ўбрана на плошчы 282 га, з іх 36 — на корм і 246 — на сілас. Сярэдняя ўраджайнасць масы складае 429 ц/га.

Зябліва паднята на 80 % плошчы. Работа ў гэтым кірунку пастаянна вядзецца, дабаўляюцца палі. Займацца ворывам будуць і ў кастрычніку.

Прыбліжаецца да завяршэння сяўба азімых.

Для работнікаў, занятых у полі, у гаспадарцы наладжана гарачае двухразовае харчаванне — абед і падвячорак. Аб гэтым клапоціцца загадчыца сталовай Людміла Аляксееўна Бярнацкая — прафесіянал сваёй справы, як адзначыў дырэктар сельгас-прадпрыемства Сяргей Пілішчык.

У гэтыя восеньскія дні ў гаспадарцы актыўна рыхтуюцца і да зімоўкі жывёлы. Уцяпляюцца кароўнікі, правяраюцца дахі, каб не было шчылін і скразнякоў. У ААТ “Сейлавічы” — чатыры малочнатаварныя фермы і свінатаварная на 5 тысяч галоў. Дойны статак складае 1068 галоў, сярэдні надой на карову ў гэтыя дні — 21 літр. У бягучым годзе будзе надоена ў межах 7050 — 7100 л на карову. Лепшы паказчык — на малочнатаварнай ферме №4. Тут сёлета плануецца надаіць больш за 8000 л. За 25 дзён верасня прадуктыўнасць адной фуражнай каровы вырасла ў гаспадарцы на 57,4 кг малака ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. А валавая вытворчасць за гэтыя дні павялічылася на 12 %. У гэтай галіне стараюцца аператары машыннага даення Алена Ванагель, Ганна Цар, Ганна Шыбіцкая, Ірына Шкода, Галіна Юрчанка, Валянціна Антановіч.

Выручка ў дзень ад рэалізацыі малака складае 110 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Хапае на заробак, на гаруча-змазачныя матэрыялы, угнаенні, на  вырашэнне розных цякучых пытанняў.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.