ЗАКЛЮЧНЫЯ АКОРДЫ ЛЕТА

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

2016_1

Тры летнія месяцы праляцелі птушкай з рознакаляровымі крыламі, разам з імі адышлі ў гісторыю выступленні ў гарадскім парку аматарскіх калектываў Нясвіжчыны ў гэты перыяд. Заключнымі акордамі сталі канцэрты калектываў раённага цэнтра культуры (у апошнюю суботу жніўня) і Астроўскага сельскага цэнтра культуры (у ня-дзелю).

Народны ансамбль песні “Млечны шлях” пад кіраўніцтвам Таццяны Казловай выконваў самыя любімыя народам творы: “Лісце жоўтае”, “У краі магнолій”, “Сіні іней”, “Птушка шчасця” і іншыя. Гледачы бурна рэагавалі на знаёмыя мелодыі, што выражалася ў падпеўках і падтанцоўках, вясёлым настроі. Ды і быць раўнадушным, калі спяваюць Алена Дзідзінёва ці Сяргей Хвалько, проста немагчыма. Дастойна выступілі салісты Аляксей Наумовіч, Таццяна Мароз, Анатоль Мамчыц. Несумненна, гледачы атрымалі добры зарад бадзёрасці і весялосці, разыходзіліся з усмешкамі і словамі ўдзячнасці артыстам за прафесіяналізм. Прахожыя і госці горада фатаграфавалі выступоўцаў. Спыняліся яны і каля выставы работ майстроў народнай творчасці раённага цэнтра культуры Алены Хоміч і Алены Івахнінай. А паглядзець было на што: рознакаляровыя кветкі з фаамерану, валёнкі і кошык  з саломкі, дэкаратыўны куфар з дрэва, інкруставаны саломай. Апошні матэрыял выкарыстала для сваіх карцін “Тры волаты”, “Тройка” і “Гепарды” Алена Івахніна, хаця на першы погляд здаецца, што гэта бліскучы бісер.

Ад самадзейных артыстаў   Астроўскага сельскага цэнтра культуры прысутных цёпла прывітала загадчыца ўстановы Святлана Майсейчык. Іх вакальная група “Спатканне”, якая дзейнічае ўжо дзесяць гадоў, выконвала лірычныя і патрыятычныя творы. Гледачы былі розных узростаў: ад 18-і да 70-і гадоў і вышэй, і ўсе адгукаліся на песні, што ліліся са сцэны. Пра маму, пра родны край і каханне, пра школьныя кантрольныя  (юная выканаўца Ірына Кішко), аўтарскія — Сяргея Шарапы, дарэчы, галоўнага інжынера ААТ ”Нясвіжскія Астроўкі”. Увогуле, аматары мастацкай самадзейнасці маюць розныя статусы: педагогі, бухгалтары, пенсіянеры.

У рэпертуары знайшлося месца байкам, якія чытала Зінаіда Валочнік.  Гэты жанр заўсёды падабаецца гледачам. Заслужаныя апладысменты атрымалі салісты Ірына Акулава і Таццяна Гунько, Святлана Цімафейчык.

Варта адзначыць і астроўскую рукадзельніцу Наталлю Рэбянок, якая прывезла свае арыгінальныя работы. Вабілі вока дэкаратыўныя вазачкі з кветкамі, для чаго былі выкарыстаны яркія стужкі, бісер, пацеркі і карункі, каляровая папера. Уражвае творчая фантазія аўтара, яе жаданне рабіць прыгожае.

Адбыўся апошні канцэрт з вялікай праграмы, прысвечанай Году культуры. І ўжо нават сумна, што выступленні творчых калектываў раёна ў парку закончыліся, бо яны стваралі цудоўную атмасферу, давалі магчымасць несвіжанам і гасцям горада падчас адпачынку паслухаць добрыя песні і жарты, разам паспяваць ды патанцаваць, яшчэ раз дакрануцца да вялікай сілы мастацтва.

 Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.