Ад перакладаў да ўласнай творчасці

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

З аўтарам кнігі “Трэцяя Бярэзіна” Уладзімірам Бруем размаўляе кіраўнік рэспубліканскага хрысціянскага  літаратурнага аб,яднання “Благодать” Яўген Сергіеня

З аўтарам кнігі “Трэцяя Бярэзіна” Уладзімірам Бруем размаўляе кіраўнік рэспубліканскага хрысціянскага
літаратурнага аб,яднання “Благодать” Яўген Сергіеня

У фондзе Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы з’явілася кніга пісьменніка-земляка, перакладчыка Уладзіміра Бруя “Трэцяя Бярэзіна”, для выдання якой аказаў спонсарскую дапамогу  Міхаіл Васільевіч Крыштаповіч. Здымкі на вокладку падрыхтавала Святлана Польская.

Чалавек у пэўныя моманты свайго жыцця становіцца перад выбарам. А выбіраць трэба часта і многа, пачынаючы ад выбару жыццёвага шляху да выбару больш высокага кшталту: быць ці не быць веры ў нашым сэрцы. Калі гаварыць пра першае, то добрыя вынікі патрабуюць ад нас шмат намаганняў: выбраць прафесію па душы, атрымаць адпаведную адукацыю і пасля месца працы, неяк наладзіць асабістае жыццё, недзе сустрэць свой лёс…

Калі мы самі стараемся вырашыць усе гэтыя пытанні, атрымліваецца складана, калі-нікалі вельмі заблытана, а то і зусім нашы спробы прыводзяць да краху. І толькі калі чалавек да сваіх старанняў дадае веру, схіляе сваю галаву перад Яго Вялікасцю Госпадам, усё становіцца на свае месцы.

Ці думаў калі настаўнік замежнай мовы Карцэвіцкай сярэдняй школы Уладзімір Дзмітрыевіч Бруй, што стане калі-небудзь прафесійным пісьменнікам? Хутчэй за ўсё, не. А пра тое, што будзе перакладаць Прэзідэнту нашай краіны, амбасадарам Францыі ды Вялікабрытаніі, міністрам ды парламентарыям, мабыць, і не марыў. Ён проста рабіў сваю справу, а ў дадатак яшчэ ў свой час, калі было патрэбна,  быў “трэнерам і вартаўніком, грузчыкам і электрыкам, завучам школы і начальнікам піянерскага лагера, здымаўся ў некалькіх фільмах, вырошчваў бульбу і цукровыя буракі, разводзіў нутрый і свіней, пісаў дысертацыю, а таксама артыкулы і апавяданні ў газеты і часопісы, часам працаваў таксістам і масажыстам. Зрэдку — дыктарам футбольнага стадыёна і Палаца спорту, часцяком — перакладчыкам”. І калі пакідаў свае Карцэвічы для працы ў Сірыі ці Гвінеі, то заўжды моцна сумаваў па гэтым куточку бясконца дарагой роднай Беларусі. Новыя шляхі перад ім адкрыліся толькі з прыходам да веры, як быццам Гасподзь, які надзяліў гэтага чалавека многімі талентамі, у падзяку за ўсё добрае чакаў толькі яго пакаяння.

Падчас прэзентацыі кнігі “Трэцяя Бярэзіна” з водгукам на зборнік выступае зямлячка аўтара, краязнаўца Наталля Плакса

Падчас прэзентацыі кнігі “Трэцяя Бярэзіна” з водгукам на зборнік выступае зямлячка аўтара, краязнаўца Наталля Плакса

І тады, як кажа сам Уладзімір Дзмітрыевіч ва ўступным слове да чытача ў кнізе “Трэцяя Бярэзіна”, прэзентацыя якой адбылася 13 кастрычніка ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы, “пашчасці-ла мне ў Японіі ўдзельнічаць у чайнай цырымоніі, у алімпійскім Ліліхамеры назіраць першае ў 1995 годзе паўночнае ззянне і пралятаць над дзівоснымі нарвежскімі фіёрдамі, у Ірландыі — купацца ў горным возеры і любавацца першародным хараством бясконцых зялёных пагоркаў, у Парыжы — узбірацца на Эйфелеву вежу. У Грынвічы я стаяў на меднай пласціне нулявога мерыдыяна, у казачнай Венецыі перасякаў па драўляных кладках плошчу Св. Марка ў час прыліву, у Венскай оперы слухаў чароўную музыку Вердзі…”

Ужо з першых старонак кнігі становіцца зразумела, што напісана яна аўтарам-прафесіяналам, цудоўнай беларускай мовай. А галоўнае тое, што героі гэтай кнігі — землякі аўтара, мудрыя, таленавітыя, з тонкім пачуццём гумару, знакамітыя і не вельмі,  простыя працаўнікі і высокапастаўленыя асобы, але ўсе аднолькава дарагія і блізкія аўтару. Многія з іх, дарэчы, прыйшлі ў бібліятэку на прэзентацыю кнігі, напрыклад, гераіня апавядання “Чаму?!” Васіліса Натанаўна (настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Васільеўна Плакса). Пытанне, зададзенае Васілісай Натанаўнай сваёй маці “Чаму мы так жывём?”, з’яўляецца скразным, вакол яго пабудавана ўся кніга, якая змяшчае апавяданні і аповесць “Пацеркі лёсу”. Ва ўсіх астатніх творах аўтар спрабуе даць на гэтае пытанне свой адказ, паказвае сваё бачанне праблем сучаснасці. Адна з іх — праблема роднай мовы, лёс беларускай літаратуры. Пісьменнік, які ўсё жыццё ціка-віўся кнігай, асабліва напісанай па-беларуску, старанна збіраў уласную бібліятэку і вельмі спа-дзяваўся, што “некалі адна з маіх унучак падыдзе да гэтых кніжных шафаў, выме нейкі том, раскрые, ласкава пагладзіць пераплёт, як калісьці гэта рабіў я, перагорне некалькі старонак, прысядзе ў крэсла і паглыбіцца ў чытанне”. Але пярэчыць сабе аўтар: “Бач ты, чаго захацеў… непапраўны аптыміст (справа ў тым, што ў маёй малодшай унучкі амаль ад нара-джэння першая мова — нямецкая, у старэйшай апошнім часам такою становіцца кітайская)… але час ляціць хутка, аптымізм, як і ўсё іншае на гэтым свеце, паступова праходзіць”. Аптымізм, магчыма, і праходзіць, але зерне, пасеянае ў роднай сям’і, калі-небудзь і ўзыдзе, узрасце і дасць добрыя плады. Тым больш, што сейбіт слова Уладзімір Дзмітрыевіч выдатны. І сеяў ён не толькі для сваёй сям’і, а і для нас з вамі, яго землякоў, для ўсіх, каму надарыцца прачытаць кнігу “Трэцяя Бярэзіна”,  каб павучыцца ў герояў жыццю ва ўсіх яго праяўленнях.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

бібліятэкар І катэгорыі

аддзела інфармацыі

і абслугоўвання цэнтральнай раённай бібліятэкі

 імя Паўлюка Пранузы.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.