Ластаўка

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

lastochka

Мора было спакойным, і ў яго ахвотна ныралі адпачываючыя, плавалі, пырскаліся,  смяяліся. Жанчына ў блакітным купальніку ў гарошак глядзела на вясёлы тлум і ёй рабілася лягчэй. Цяпер яна зразумела, чаму дачка настойліва раіла ёй змяніць абстаноўку: сярод людзей забываеш свае непрыемнасці, інакш успрымаеш усё. Хвалі на бераг выносілі маленькія каменьчыкі і ракушкі, некаторыя з іх былі вельмі прыгожыя. Надзя збірала іх і, паклаўшы, на далонь, разглядала. “Дзесьці на дне яны жылі сваім жыццём, раслі, а вакол мітусіліся рыбкі, пагойдваліся марскія водарасці, — думалася ёй. — І перажываць не было аб чым, ніякага гора”. А людзі? Іх жыццёвая дарога заўсёды натыкаецца на вострыя каменні ці калючыя шыпы.

Справіцца, абысці гэтыя перашкоды і рухацца далей — нялёгкая задача чалавека.

Палемічныя спрэчкі аб тым, чаму ў нашым, увогуле кароткім, у параўнанні з вечнасцю, жыцці, столькі праблем, нічога не тлумачаць. І хто можа гэта растлумачыць, невядома. Застаецца аднесціся да ўсяго па-філасофску і проста жыць. Жыць…

А якім цудоўным было жыццё ў школьныя гады! Надзейка вучылася ў дзявятым класе, калі да яе прыйшло  першае каханне. Ну, не то што вялікае пачуццё, але яна заўважала, як захоплена глядзіць на яе аднакласнік Валодзя. Ён быў нясмелы, светлавалосы юнак сярэдняга росту. Вучыўся нядрэнна, захапляўся спортам, і школьныя спаборніцтвы па лыжах заўсёды выйграваў, нават у вобласці адстойваў гонар роднай установы. Надзі падабалася настойлівасць хлопца, яго акуратнасць, ласкавыя пагляды на яе. Са школьнага вечара ён правёў дзяўчыну, гаварыў нейкія незразумелыя, але ад сэрца словы. А самае цёплае яна і сёння помніць:”Надзейка, ты такая лёгкая, твае чорныя валасы прыгожыя… Ты мне нагадваеш ластаўку. Я буду так цябе называць.” Дзяўчына нічога не адказала, а сама падумала: ”Вось не чакала, што ён такі рамантычны…”

З таго часу яны пачалі сустракацца за горадам ля рэчкі. Вова жартоўна ґаварыў: ”А хочаш, я пераплыву рэчку, а ты пераляціш да мяне на другі бераг і мы там пабудуем сабе шалаш і будзем адны? Як, ты згодна, мая ластаўка?”

Надзя смяялася і адказвала: ”Не, не хачу, я баюся за цябе, а раптам не даплывеш да берага? І мае крылы стомяцца цябе даганяць ды ратаваць”.

Валодзя абняў дзяўчыну і пяшчотна прамовіў: ”Ты шкадуеш мяне, мая ластаўка, я так рады, так люблю цябе…”

У школе да іх адносін ставі-ліся крыху з насмешкай, але ўсё ж  недзе ў душы паважалі такія чыстыя пачуцці. Ды і на вучобе закаханых гэта не адбівалася адмоўна і настаўнікі між сабой гаварылі: ”А што, магчыма, гэта на ўсё жыццё, бывае ж такое…” На выпускны вечар На-дзя апранула  блакітную, лёгкую сукенку, якая пасавала ёй незвычайна. Валодзя, калі ўбачыў паружавелую, з бліскучымі вачамі дзяўчыну, проста анямеў. Не адводзячы позірку, выдыхнуў: ”Ты лепшая за ўсіх, мая ластавачка. Я хачу, каб мы заўсёды былі разам”. І закружыў дзяўчыну ў вальсе. Шчас-лівыя, яны разам з класам сустракалі світанак, марылі паступаць у Мінск ва ўніверсітэты: На-дзя на эканамічны факультэты, а Вова на спартыўны. Калі на ўсходзе заружавела нясмелае сонца, учарашнія школьнікі з песнямі накіраваліся дадому. Валодзя з Надзяй ішлі абняўшыся і слухалі гукі раніцы: недзе азвалася ранняя птушка, дзесьці загула машына, лёгкі вецер будзіў траву, як бы нагадваючы, што пачынаецца новы дзень. А дзяўчына падумала: ”І ў нас пачынаецца новае, самастойнае жыццё. Якім яно бу-дзе?” “Мілая ластаўка, не сумуй, — нібы пачуў яе думкі хлопец. — Усё будзе добра, паступім, адвучымся і пажэнімся, будзем разам, а ўдваіх лягчэй, калі будуць якія цяжкасці…”

Надзя стала студэнткай універсітэта, а Валодзю не хапіла балаў. Але ён не засмучаўся, а падаў дакументы ў прафтэхвучылішча, па спецыяльнасці “тэхнік-электрык”. Надзя падтрымлівала юнака:

— Ну, гэта ж добрая прафесія, электрыкі ўсім патрэбныя.

Хлопец згаджаўся з ёю, усміхаўся, і казаў:

— Галоўнае — быць разам, у Мінску.

І паляцелі гады вучобы, сустрэчы пасля заняткаў, прагулкі па беразе Свіслачы. Яны кармілі качак, глядзелі, як тыя хутка падплывалі да ежы і лавілі смачныя кавалачкі булкі. Праз два гады Валодзя закончыў вучобу і паехаў у родны гарадок. Надзя асвойвала эканамічную навуку далей, старалася, бо адна маці мала што магла дапамагчы. А хутка Валодзю прызвалі ў армію, і дзяўчына засмуцілася. Але каханы зноў супакойваў:

— Ну што там два гады, не заўважыш, як і праляцяць. Толькі пішы мне, і не глядзі на сталічных хлопцаў.

Дзяўчына пакрыўджана сказала:

— Як ты можаш? Ты ж ведаеш, што я кахаю толькі цябе, і нікога мне не трэба.

— Ну, не крыўдуй, мая ластаўка, я жартую.

Час і сапраўды мае ўласцівасць бегчы імкліва. За вучобай, пісьмамі Валодзі, хатнімі справамі на канікулах Надзя не заўважыла, як праляцелі тыя два гады армейскай службы каханага. Сустрэліся яны дома, на іх месцы ля рэчкі.

Хлопец пяшчотна абняў дзяўчыну, пацалаваў і прамовіў:

— Ну, вось мы і разам, ластавачка мая. Сумавала без мяне?

— Сумавала, — прызналася Надзя. —Але мне твае пісьмы не давалі так часта засмучацца, як хораша ты пісаў…

Дзяўчыне заставаўся адзін год вучобы, а Валодзя пачаў працаваць у райцэнтры. Тут на яго паклала вока пышная, яркая Волька, якая надта любіла кавалераў і вырашыла, што сімпатычны электрык павінен быць яе. Аднак той не паддаваўся спакусніцы, жартамі адбіваўся ад настырнай дзяўчыны.

Тады яна пайшла да знаёмай гадалкі, каб тая прываражыла хлопца. Ці настойлівасць прыліпалы, якая не давала праходу хлопцу і падладжвалася да яго, ці сапраўды тая гадалка мела нейкі дар, але Валодзя стаў хіліцца да Волькі. А яна старалася зрабіць хлопцу прыемнае, насіла яму адбіўныя катлеты, запрашала ў кіно і на танцы. Затым неяк вечарам, калі ішлі з клуба, сказала:

— Ну, што нам, Валодзечка, усё хадзіць? Давай пажэнімся, будзем жыць у нас, дом жа вялікі. Не захочаш, кааператыў пабудуем, усё ў нас будзе.

Хлопец маўчаў, ён думаў пра Надзю, але яна была ў сталіцы. “Магчыма, і яна  там знайшла сабе каго, ды гарадскога, — меркаваў ён. — А я што? Правінцыял. Можа, і лепш з Волькай будзе”.

Сумненні прывялі да таго, што праз месяц адбылося вяселле. Нібы ў тумане, жаніх сядзеў за сталом і глядзеў на тлумных гасцей, чуў бесклапотную гаману, машынальна цалаваўся з Волькай пад крыкі “Горка!”

Калі Надзя прыехала дамоў, маці баялася сказаць ёй сумную навіну, але рашылася:

— Ты, дачушка, не перажывай, Валодзя ажаніўся з Волькай…

Дачка спакойна сказала:

— Ну, няхай будзе шчаслівы. Не са мной, дык з другой.

А ў душы было змрочна, слёзы прасіліся з вачэй. Але намаганнем волі яна стрымала іх. Здрада каханага горкім яблыкам па-ліла нутро, крыўда не давала свабодна дыхаць. “Я моцная, не заплачу, — сказала сабе, — буду жыць далей”.

Пасля заканчэння інстытута Надзя выйшла замуж за аднакурсніка з Брэста, іх размеркавалі ў родны горад жаніха. Жыццё пайшло роўна, нарадзіліся дзве дзяўчынкі, сям’я атрымалася годнай.

Нядрэнна складвалася напачатку і ў Валодзі, з’явіліся на свет сын і дачка. Але з цягам часу яму станавілася так цяжка, быццам непасільны груз паклалі на плечы і на сэрца. Усё часцей успаміналася Надзя, яго першае каханне, яго ластаўка. І, як гэта часта бывае, мужчына пачаў піць. Жонка ўгаворвала, папярэджвала, пагражала разводам,  але нічога не дапамагала. Валодзя ўзненавідзеў Вольку, папракаў, што яна загубіла яго жыццё і што ён ніколі яе не кахаў… А сам думаў: “Праўду людзі кажуць: нельга здраджваць першаму каханню, шчасця не будзе. Які ж я дурань, прамяняў сваю ластаўку на гэтую мяшчанку…”

Аднойчы ён пайшоў на работу п’яны і яго ўдарыла токам, зыход аказаўся смяротным. Волька галасіла доўга, а потым супакоілася і змірылася. Магчыма, таксама ўспомніла народную мудрасць: ”На чужым горы шчасця не пабудуеш”. Але чаму так позна людзі ўспамінаюць праверанае стагоддзямі?

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.