Лісце жоўтае над горадам кружыцца…

dsc07299

Адной з задач, якую Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў перад кіраўнікамі мясцовай вертыкалі ўлады, разглядаючы ў аўторак кадравыя пытанні, — навядзенне парадку на зямлі. Побач з эканамічнымі  пытаннямі, з неабходнасцю падтрымаць людзей, якія маюць у гэтым патрэбу, з эфектыўнасцю работы  інфраструктурных прадпрыемстваў. Той факт, што на такім высокім узроўні ў краіне  ўдзяляецца пастаянная ўвага добраўпарадкаванню, чысціні і парадку на зямлі, культуры нашага пражывання, гаворыць сам за сябе. Беларусь — чыстая, прыгожая, светлая. Адным словам — прывабная. І такой павінна заставацца заўсёды. А нам, яе жыхарам, трэба пастаянна  клапаціцца пра парадак вакол. У сваёй кватэры, на лесвічнай пляцоўцы, у доме, двары, на вуліцы, у скверах і парках, на вытворчых тэрыторыях, на тэрыторыях, што прылягаюць да будынкаў розных  арганізацый і ўстаноў. Прэзідэнт нагадаў, што ёсць практыка замацавання тэрыторый за прадпрыемствамі, але не выключана, што дзе-небудзь яна забываецца. А такога не павінна быць.

Азірніцеся гэтымі восеньскімі днямі, кіньце вокам вакол сябе. Ужо не радуе погляд яркі рознакаляровы дыван з лісця пад нагамі. Наадварот, пад дажджом ён ператварыўся ў бруднае шэрае месіва, па якім  і хадзіць слізка, і калі ветрам на праезджую частку лісця нагнала, то яно і для  колаў уяўляе пагрозу. Таму ў многіх месцах  бачыш людзей з граблямі, мяцёлкамі, якія прыбіраюць апалае лісце, сухія  галінкі, што “развіталіся” з дрэвамі, рэшткі расліннасці з кветкавых клумбаў.

У сярэдзіне кастрычніка мне па справах давялося быць у Нясвіжскай цэнтральнай раённай бальніцы. Яе будынак прыгожа акаймляюць дрэвы. Пасля лёгкага начнога марозіку ліст сыпануў долу, і работнікі ўстановы аховы здароўя выйшлі на тэрыторыю, каб згрэбці яго. Так паўтараецца з году ў год, але намаганні таго каштуюць: прыгожа, калі вакол чысціня.

Сквер па вуліцы Дзяржынскага  ў райцэнтры даўно замацаваны за маладымі гараджанамі. У ім рэгулярна наводзяць парадак члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Вось і цяпер выхо-дзяць навучэнцы дзяржаўнага каледжа імя Якуба  Коласа, гімназіі, СШ №1, 3, 4 г. Нясвіжа ў гэты сквер, на месца былых яўрэйскіх могілак, каб навесці там парадак.

Заўважыла ў горадзе на днях і такі  станоўчы факт: трактарны  прычэп, на які рабочыя грузілі раслінныя рэшткі, быў абсталяваны полагам. І вецер не зрываў з яго лісця назад на зямлю, не лятала яно ў паветры, ствараючы ўражанне дарэмнай працы.

У нас традыцыйна  людзі рыхтуюць зямлю да зімы. Каб яна была чыстай, прыбранай, дзе трэба — засеянай, дзе — узаранай, ускапанай. Каб не тырчэлі зімой  з-пад белай снежнай коўдры сухія сцябліны нявырванага пустазелля ці непрыбраныя рэшткі металалому, рознае бытавое смецце. Усё-такі, згадзіцеся, нават дыхаецца лягчэй, калі вакол чысціня і парадак.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.