Самаму роднаму чалавеку прысвячаецца

день матери

“… Мама, мама! Я помню рукі твае з таго імгнення, як я пачаў усведамляць сябе на свеце…”

Колькі гадоў мінула з таго часу, як мы вучылі ў школе на памяць гэты маналог Алега Кашавога пра маму з рамана Аляксандра Фадзеева “Маладая гвардыя”, а ўзгадваем пра яго і цяпер!.. Словы вялікай удзячнасці маці, вялікай любові да чалавека, што дала жыццё, правяла ў самастойны шлях…

Недарэчна пытацца, за што чалавек любіць сваю маці. Любіць проста таму, што яна — МАМА. Я ўдзячна маме за тое, што яна нарадзіла мяне. Дала магчымасць убачыць сонца, неба, зоры, месяц, пачуць гоман дрэў, спеў птушак, адчуць напаўторны пах вясенняй раллі… Дала магчымасць БЫЦЬ НА ГЭТАЙ ЗЯМЛІ.

У кожнага — свая любоў да маці. У кожнага — свае адметныя словы пра яе. Напярэдадні свята я папрасіла жыхароў горада і раёна выказаць іх.

Валянціна Аркадзьеўна  СЫРЫЦА, аграгарадок Сноў:

— 18 гадоў, як мае мамы не стала, але і цяпер успамінаць яе без слёз не магу. Даражэй за яе нікога няма. І ніхто ўжо не скажа слова “дачушка”, якое я чула ад мамы. Як мала ёй трэба было! Каб даўжэй пабылі побач дзеці. Калі мы прыязджалі да яе адведаць, а потым збіраліся дамоў, мама прасіла: “Пабудзьце. Пагаварыце”. А цяпер я з ёй пасядзела б, пагаварыла — толькі ўжо няма  з кім. Часта ўспамінаю свае маладыя часы. Мама раніцай кажа: “Ой, дзеці, усю ноч не спала, так напрацавалася… “ А я, 18-гадовая, дзівілася: “Як гэта так?!” Цяпер жа сама часам заснуць ад стомы не можаш.

Пад уплывам мамы я, ужо ў сталым узросце, прыйшла да веры ў Бога, да малітвы. І часам, азірнуўшыся, быццам бачу: мама асяняе мяне крыжам. Яна моліц-ца там, на нябёсах, за нас.

Мама была бясконца добрым, талерантным чалавекам. Мае сяброўкі і цяпер успамінаюць, як прывячала іх мая мама — Аляксандра Уладзіміраўна, цётачка Шура.

Да свята мы заўсёды прыпадносілі ёй падарункі. А мама казала: “Ты ж Верцы хаця купі” (гэта — маёй свякроўцы). Канешне, мы заўсёды прыязджалі з падарункам і да Веры Якаўлеўны, маці мужа, бо яна стала маёй другой мамай.

Мамы нашы і таты пайшлі з жыцця. У іх хатах — і ў Новым Снове, і ў Слабадзе — жывуць другія людзі. Гэта маладыя сем’і. Праязджаючы калі-небудзь міма, бачу: і сядзібы дагледжаны, і занавескі на вокнах беленькія. Жыццё ў доме ёсць, значыць, і бацькі нашы там, на небе, радуюцца.

У нас з мужам добрыя сыны, добрыя нявесткі, любімыя і любячыя ўнукі. Думаю, і нашы дзеці навучаць сваіх дзяцей паважаць бацькоў. Ад нас, мам, многае залежыць у жыцці.

Лілія Юльянаўна, несвіжанка:

— Мама — самы родны і блізкі чалавек. Яна навучыла мяне, маіх сястру і брата самаму  лепшаму. Працаваць, весці гаспадарку. Сама — добрасумленная, працавітая, і мы каля яе з маленства спасцігалі гэтую навуку. Калі мама яшчэ ў радзільным  доме была са сваім трэцім  дзіцяткам, нашым брацікам, я, 11-гадовая, з малодшай сястрой хадзілі з бацькам на калгасную ферму, даілі  маміну групу кароў. Канешне, дапамагалі нам іншыя даяркі, дзякуй ім. У тыя часы такога дэкрэтнага водпуску не было, які жанчыны маюць цяпер, і нагрузка на матуль лажылася велізарная.

Мама з татам паставілі на ногі нас, дзяцей. А пасля ў хату прыйшла нявестка, нарадзіла дзяўчынку — і мамачка, яшчэ не пайшоўшы на пенсію, дапамагала гадаваць яе, потым — другую дачушку сына. Нявестка завочна набывала вышэйшую адукацыю — мама глядзела  ўнучак. Яны былі для бабулі — як святло ў ваконцы.

На долю мамы выпалі вялікія выпрабавані. Рана пайшоў з жыцця муж, наш тата. У росквіце сіл памёр сын, яе надзейны памочнік, у якім яна душы не чула.  Але Бог даў ёй сіл вытрымаць, вынесці такое гора. Ёй на дапамогу прыйшлі маленькія праўнучкі, унучкі дачкі  Марыі, дзе яна цяпер пражывае. Яны прыхо-дзяць кожны дзень да яе, прыносяць ёй цукеркі  і пытаюць: “Дзе наша старэнькая бабулечка?” Дзеці яе вельмі любяць, расказваюць ёй  казкі, вершы.

Мая мама, Вольга Мікалаеўна, — пажылы чалавек. Але застаецца такой жа мудрай, неабыякавай, якой была і раней, дае нам, дочкам, унукам і праўнукам, жыццёвыя парады. А мы яе заўсёды слухаем.

Мікіта, 12 гадоў:

— Мая мамачка самая лепшая ў свеце. Яна не проста нарадзіла мяне, навучыла хадзіць і гаварыць. Яна навучыла абараняць маленькіх і слабейшых, а таксама дзяўчынак, паважаць старэйшых. Яна мне шмат чытала, калі быў малы. Мы гулялі з ёю ў розныя гульні. Калі я падаў, збіваючы калені, далоні, локці, было балюча, слёзы выступалі на вачах, але я памятаў словы мамы: “Не плач. Ты ж — мужчына”. Яна і цяпер — мой старэйшы сябар, надзейны і добры.

Людміла Казіміраўна ГУЛЕНКА, бібліятэкар Ужанкаўскай сельскай бібліятэкі:

— Мама з ранняга дзяцінства прывучала мяне да працы: мыць посуд, падлогі, палоць градкі, рабіць многае іншае. Яна любіла выпякаць тарты, грыбочкі, іншыя кандытарскія шэдэўры. Іх людзі нават на вяселлі заказвалі. І я ганарылася мамай. У яе быў цэлы сшытак розных рэцэптаў, якія пазней перайшлі да мяне. Цяпер у бабуліны запісы зазіраюць ужо мае дарослыя дзеці. Якіх, дарэчы, яна дапамагала гадаваць.

Матуля вельмі смачна гатавала, і да нас любілі прыязджаць усе яе браты і сёстры (а іх у сям’і было сямёра) — ведалі маміну гасціннасць, цеплыню, з якой яна адносілася да людзей. Яна для іх была як маці. Вось гэтай гасціннасці яна і мяне вучыла. А яшчэ — цярплівасці і цнатлівасці. Казала: “Як Бог дасць — так і будзе”. Яе няма разам з намі ўжо 12 гадоў, а я і сёння памятаю яе ласкавыя вочы, яе пяшчотныя рукі, што запляталі мне некалі косы, чую матулін голас. Родная мама — адзіны чалавек у кожнага. І яе трэба памятаць, а пры жыцці — берагчы, любіць і шанаваць.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.    

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.