Творчы сінтэз

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Мяне вельмі ўзрушыла навіна, што сёлетні  год у Беларусі аб’яўлены Годам культуры. Гэта не толькі пачэсна, але і вельмі-вельмі актуальна. З аднаго боку, у нас працуе проста безліч устаноў культуры — тэатры, кінатэатры,  музеі, бібліятэкі, філармоніі, выставачныя залы, палацы і дамы культуры ў гарадах і вёсках.  Праводзіцца мноства міжнародных і рэспубліканскіх  фестываляў і форумаў. Беларуская культура арыгінальная, яе ўнікальнасць створана  ўвабранымі ў сябе традыцыямі, перададзенымі нам у спадчыну. Мы, канешне, пастаянна  ўзбагачаліся і  культурнымі здабыткамі нашых суседзяў з Усходу і Захаду, але здолелі стварыць   свой уласны індывідуальны творчы  падмурак.

У сваім глыбокім стрыжні Культура з вялікай літары ёсць сур’ёзны творчы сінтэз рэальнага і мастацкага. Упэўнены: культура і знешні лоск — абсалютна розныя рэчы. Культура — амаль заўсёды сінонім інтэлекту, высакароднасці. У апошнія гады  для многіх кнігу — крыніцу ведаў, граматнасці — замяніў інтэрнэт. Я нічога не маю супраць онлайн (праўда, граматнасць там кульгае на абедзве нагі!), аднак чамусьці некаторыя суайчыннікі шукаюць там не нешта разумнае, а  толькі забаўляльную прадукцыю нізкапробнага ўзроўню. Аднак культурнага, нягледзячы ні на што, значна больш у нашым жыцці!

Добра, што ў нас пастаянна адбываюцца творчыя акцыі, якія маюць вялікі грамадскі рэзананс — уручэнне прэмій Прэзідэнта  “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльных дзяржаўных прэмій дзеячам культуры і мастацтва. У дасягненні значных творчых поспехаў  адоранай, таленавітай моладзі спрыяе дзейнасць спецыяльнага фонду Прэзідэнта  па падтрымцы таленавітай моладзі.

У Беларусі створаны адзіны Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей,  у якім налічваецца звыш 5 300 аб’ектаў.  Мы клапоцімся пра спадчыну і для нашчадкаў. Красамоўнымі  прыкладамі з’яўляюцца завяршэнне рэстаўрацыі Аўгустоўскага канала, Камянецкай вежы, знакамітых палацаў у Гомелі і Крычаве, ратушы ў Шклове, Сафійскага сабора ў Полацку, былога калегіума езуітаў у Пінску. А пачынаючы з 2000 года, наша Бацькаўшчына прадстаўлена нацыянальнымі аб’ектамі ў прэстыжным спісе сусветнай спадчыны ЮНЕСКА — Мірскім і Нясвіжскім замкамі, Геадэзічнай дугой Струвэ. Сусветную вядомасць набыў абрад  “Калядныя цары” Капыльскага раёна.

Знакавымі падзеямі для культуры Беларусі  з’явіліся будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі, рэстаўрацыя Вялікага тэатра оперы і балета, Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Беларускага дзяржаўнага цырка, рэстаўрацыя Магілёўскага драматычнага тэатра, палаца Паскевічаў у Гомелі, палаца Пацёмкіна ў Крычаве. Па ініцыятыве Міністэрства культуры і дзякуючы актыўнай рабоце Вялікага тэатра атрымалі жыццё новыя оперна-сімфа-нічныя праекты — Навагодні баль у Вялікім тэатры, оперныя вечары ў Нясвіжскім замку, цікавым праектам стала Ноч музыкі ў Белдзяржфілармоніі, значна ўзбагацілася новымі формамі Ноч музеяў, якая прыцягнула тысячы наведвальнікаў. Адначасова з наданнем новага выгляду традыцыйным міжнародным фестывалям — “Славянскі базар у Віцебску”, “Лістапад”, фестываль “Беларуская музычная восень”, з’явіліся і цікавыя новыя фестывалі Уладзіміра Співакова і этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”.

Лічу, што культура — гэта перш за ўсё высокая мера чалавечнасці ў самім чалавеку. Сапраўдная культура можа навучыць нас, як жыць прыгожа, увішна, шчасліва, як наогул трэба жыць на роднай зямлі.  Сапраўдная культура — эта тое, што застаецца ў душы чалавека нават тады, калі ўсё астатняе забыта ці спаганена. Культура — гэта святло душы і шчодрасць сэрца!

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.