Залатому ўзросту прысвяцілі

Пераможцы конкурсу “Лепшы падворак”  несвіжане Анатоль Міхайлавіч і Ірына Міхайлаўна Толсцік

Пераможцы конкурсу “Лепшы падворак”
несвіжане Анатоль Міхайлавіч і Ірына Міхайлаўна Толсцік

У мінулую пятніцу ў раённым цэнтры культуры адбылася ўрачыстасць, прысвечаная людзям паважанага ўзросту, прымеркаваная да 1 кастрычніка — Дня пажылых людзей. З выпадку гэтай даты ад імя раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў і сябе асабіста з прывітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Майсеня.

У сваім выступленні ён адзначыў, што Дзень пажылых людзей стаў яшчэ адной нагодай для ўшанавання старэйшага пакалення, якое прайшло вялікі жыццёвы шлях і заслужыла ўсеагульную павагу добрасумленнай працай, вялікім укладам у стварэнне прамысловага, сельскагаспадарчага, адукацыйнага і культурнага патэнцыялу як Нясвіжчыны, так і ўсёй нашай краіны ў цэлым.

— Мы ганарымся вашымі ратнымі подзвігамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — сказаў Аляксандр Іванавіч, — захапляемся вашым энтузіязмам у перыяд аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі, дзякуем за самаадданую працу ў працэсе станаўлення незалежнай Беларусі. Многае з таго, чым славіцца наш раён, было створана вашымі рукамі.

Ён таксама адзначыў, што сёння ў раёне пражываюць 12098 пенсіянераў, у тым ліку 10 інвалідаў і 11 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, 11 працаўнікоў тылу, 8 сямей загінуўшых воінаў, 2 жыхары блакаднага Ленінграда, 22 малалетнія вязні канцлагераў, турмаў і гета, 4 вывезеныя на прымусовыя работы ў Германію, 4 850 адзінокіх і адзінокапражываючых пенсіянераў. Пяць жыхароў раёна пераступілі 100-гадовы парог жыцця.

Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Майсеня таксама коратка расказаў аб падтрымцы, якую аказвае пажылым лю-дзям дзяржаве, асобна спыніўшыся на рабоце Нясвіжскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Другое месца ў конкурсе “Лепшы падворак” заняла сям’я  Ванды Уладзіміраўны і Уладзіміра Аляксандравіча Талай

Другое месца ў конкурсе “Лепшы падворак” заняла сям’я
Ванды Уладзіміраўны і Уладзіміра Аляксандравіча Талай

Спявае Сяргей Хвалько

Спявае Сяргей Хвалько

Дарэчы, менавіта Нясвіжскі РТЦСАН пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ўжо 10 гадоў займаецца арганізацыяй конкурсу “Лепшы падворак”, вынікі якога і былі падведзены на ўрачыстым мерапрыемстве.

Кожны падворак ацэньваўся па такіх крытэрыях, як санітарныя ўмовы ўтрымання сядзібы, умовы ўтрымання дома, разнастайнасць і гарманічнасць спалучэння кветак у палісадніку і на клумбах, арыгінальнасць добраўпарадкавання сада. Прысутныя ў зале змаглі наглядна пазнаёміцца з усімі ўдзельнікамі конкурсу пры дапамозе відэа-фільма, падрыхтаванага Цэнтрам, а яго пераможцы пад апладысменты залы падымаліся на сцэну для віншаванняў і ўручэння прызоў.

Лепшым быў прызнаны падворак Ірыны Міхайлаўны і Анатоля Міхайлавіча Толсцік. Яны разам ужо 43 гады, і 41 з іх жывуць у Нясвіжы. Іх участак упрыгожваюць два штучныя вадаёмы і мноства кветак, якія радуюць вока з ранняй вясны і да позняй восені, а на агародзе к канцу лета красуюцца веліканы-памідоры і прыгажуны-перцы.

Другое месца заняла сям’я Ванды Уладзіміраўны і Уладзі-міра Аляксандравіча Талай, якія жывуць у аграгарадку Высокая Ліпа. Сцены іх утульнага дома ўпрыгожаны карцінамі, якія  Ванда Уладзіміраўна вышывае сама, а рамкі да іх зроблены ўмелымі рукамі Уладзіміра Аляксандравіча. Увогуле, усё ў іх хаце і ў двары зроблена сваімі рукамі — заліты дарожкі, разбіты клумбы. Вясной і летам дом патанае ў кветках, асабліва гаспадыня любіць ружы і лілеі.

Заліхвацкі танец “Стылягі” выконвае  народны ансамбль “Узорыца”  ДК ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”

Заліхвацкі танец “Стылягі” выконвае народны ансамбль “Узорыца”
ДК ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”

На сцэне — вакальная група Сноўскага СЦК

На сцэне — вакальная група Сноўскага СЦК

Трэцяе месца было прысуджана жыхару аграгарадка Ударны Славаку Аляксандравічу Чурылу. Ён вядзе здаровы лад жыцця, старанна даглядае свой дом і ўчастак, чым падае добры прыклад і больш маладым аднавяскоўцам.

Сваіх жыхароў, прызёраў конкурсу павіншавалі таксама старшыня Ліпскага сельвыканкама Наталля Карпач і кіраўнік справамі Гарадзейскага сельвыканкама Наталля Цвірка.

Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства яго ўдзельнікі з задавальненнем акунуліся ў непаўторную атмасферу савецкіх кінафільмаў, у якую ўсіх прысутных запрасілі вядучыя канцэртнай праграмы “І кіналента песняй адгукнецца” Аляксей Дунчанка і Алёна Вінаград. Рэтраспектыва выдатных твораў кінамастацтва, памножаная на артыстызм вопытных вядучых і выканальніцкае майстэрства лепшых калектываў і салістаў раёна, стала цудоўным сюрпрызам для ўсіх прысутных у зале, незалежна ад іх узросту. Гледачы горача апладзіравалі ўсім без выключэння стваральнікам святочнага відовішча, якія ўмела растварылі празрыстую кроплю светлай настальгіі ў моры радасных пачуццяў, што і стала для віноўнікаў урачыстасці самым незабыўным падарункам.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.             

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.