Аб любові да існага

Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

img_4086

Сярод навінак Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі — паэтычны зборнік нашай зямлячкі Веры Іванаўны Мацневай, якая сёлета адзначыла  свой 70-гадовы юбілей.

На якой мове лепей гаварыць аб любові — аб любові да родных людзей, каханага чалавека, роднай зямлі, Радзімы? А што, калі ў чалавека дзве Радзімы, аднолькава любімыя і дарагія сэрцу? Скажаце, так не бывае? Яшчэ як бывае. Адна Радзіма дала жыццё, другая прытуліла, як родная маці.

Для несвіжанкі Веры Іванаўны Мацневай, якая не так даўно адзначыла свой 70-гадовы юбілей, першай Радзімай стала Украіна, дзе яна нарадзілася 16 жніўня 1946 года ў сяле Цяслугаў Радзівілаўскага раёна Ровенскай вобласці. А затым лёс прывёў у Беларусь, якую Вера Іванаўна палюбіла ўсім сэрцам, прырасла душой. Тут яна пазнаёмілася са старадаўнім беларускім промыслам саломапляцення і яе рукі пачалі  тварыць саламяныя дзівосы. Тут нарадзіліся яе першыя вершы-песні, пранікнёныя, глыбокія, і для дарослага чытача, і маленькага.

Вера Іванаўна Мацнева — член раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”, народнага абласнога клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца”. Яе творы ўвайшлі  ў калектыўныя зборнікі паэзіі “Букет валошак”, “На парозе вечнасці”, “Срэбны блюз”, “Дзіцячыя сакрэты”. Неаднаразова яна друкавалася ў раённай газеце “Нясвіжскія навіны”.

Вера Іванаўна  працуе і ў розных жанрах  дэкаратыўна-прыкладной творчасці: саломапляценні, вышыўцы, аплікацыі, выпальванні па тканіне і іншых. Валодае майстэрствам жывапісу. З 1999 года наша зямлячка — майстар салома-пляцення, член Саюза майстроў Беларусі. Вера Мацнева — пастаянны ўдзельнік  раённых, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў па соломапляценні, літаратурных конкурсаў, узнагароджана шматлікімі дыпломамі і граматамі. Майстрыха  прадстаўляла нашу краіну на Днях Беларусі ў Маскве.

В.І. Мацнева неаднаразова была ўдзельніцай аўтарскіх духоўна-асветніцкіх перадач Людмілы Мітаковіч на рэспубліканскім радыё “Святло душы”, літаратурных і духоўных перадач на раённым радыё. У красавіку 2005 года аб творчасці В. Мацневай зняты дакументальны фільм, які трансліраваўся ў праграме “Воскресное утро” на АНТ.

А нядаўна ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы бібліятэкар Т.А. Байкаш падрыхтавала да выдання паэтычны зборнік В.І. Мацневай  “Жизни дыханье второе”, выдадзены ў Нясвіжскай друкарні імя Сымона Буднага.  У юбілей аўтаркі кніга прэзентавалася ў бібліятэцы. Свае ўражанні аб выданні выказалі благачынны Нясвіж-скай царкоўнай акругі настаяцель храма Узнясення Гасподня протаіерэй Аляксандр Данчанка, святар гэтага храма іерэй Іаан Уханаў, сябры раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Алег Пракарына, Уладзімір Жылко, Наталля Бордак. Станоўча ацаніў творчасць В.І. Мацневай пісьменнік і драматург Уладзімір Пярцоў.

Вершы паэткі напісаны на ўкраінскай, рускай, беларускай мовах. І для іх, кажучы словамі В. Мацневай,  “няма кардону”, яны зразумелыя і блізкія кожнай славянскай душы. Народжаныя ў розныя гады, яны гавораць пра галоўныя каштоўнасці, без якіх нельга жыць на гэтай зямлі.

Некаторыя творы Веры Іванаўны, як, напрыклад, верш “Малітва”, сталі  прарочымі, нібы сам Гасподзь уклаў у іх радкі свае словы-думкі.

Гэтыя творы не маглі не нарадзіцца. Як нельга загадаць душы не шукаць Бога, так і песні нельга загадаць змоўкнуць. Яна імчыць да людзей, паднімаецца ў высь нябёсаў, засмучае, радуе, хвалюе, абуджае да жыцця і сама жыве вечна.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

кіраўнік раённага

літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”.

Фота з архіва

рэдакцыі.


Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.