І.І.Крупко: Нясвіжчына — зямля высокай культуры сельгасвытворчасці!

Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

krupko-pervaya1

У  нядзелю, 20 лістапада, сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Напярэдадні гэтага дня,  які аб’ядноўвае ўсіх, хто працуе на зямлі на яе карысць і працвітанне, мы сустрэліся са старшынёй Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта Іванам Іванавічам Крупко. Тэмай размовы стала развіццё АПК раёна, вынікі цяперашняга сельскагаспадарчага года, мэты і задачы, якія стаяць перад аграрыямі ў найбліжэйшай будучыні.

— Іван Іванавіч, 2016 год для працаў-нікоў аграпрамысловага комплексу раёна стаў годам напружанай працы ў няпростых прыродных і эканамічных умовах. Расскажыце, калі ласка: кім і чым сёння ганарыцца Нясвіжчына?

— У гэтым годзе з-за засухі, а ў асобных гаспадарках раёна на працягу паўтара летніх месяцаў не выпала ні кроплі дажджу, не ўдалося па збожжавай групе дасягнуць вынікаў 2014 — 2015 гадоў. І ў той жа час мы ўсё роўна ўпэўнена лідзіруем у Мінскай вобласці па ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых культур. У цяперашні час раённы каравай збожжавых і зернебабовых у бункернай вазе пры ўраджайнасці 56,8 ц/га склаў 129 тысяч 592 тоны. Па вале мы недабралі да мінулага года 34,7 тыс. тон. Але, нягледзячы на відавочныя страты, засекі Нясвіжчыны запоўніліся збожжам новага ўраджаю. Па 77 цэнтнераў з гектара ўдалося набраць снаўчанам, сярэдняя ўраджайнасць у ААТ «Новае жыццё» склала 75,8 цэнтнера, ім услед паспявалі грыцкевіцкія хлебаробы — 61,8 цэнтнера з гектара.

Своечасова раёнам быў выкананы і дзяржаўны заказ на харчовую пшаніцу.

Парадавала  у гэтым годзе «царыца палёў» — кукуруза: яе зерня мы атрымалі 35 тысяч 821 тону, што на 14,8 тыс. тон больш, чым летась.

— Іван Іванавіч, ці можна назваць гэты год удалым у плане нарыхтоўкі кармоў?

— Так, сапраўды, у нашым раёне патрэбнасць у іх вельмі высокая. На сённяшні дзень мы маем 65 тысяч 173 галавы буйной рагатай жывёлы, на 522 галавы больш, чым у адпаведным перыядзе мінулага года. Нам  удалося нарыхтаваць у гаспадарках раёна 106 % да плана высакаякасных кармоў, што на 20 тысяч тон кармавых адзінак больш, чым у папярэднім го-дзе.

Усяго пералічанага  мы змаглі дамагчыся, дзякуючы ўкараненню новых тэхналогій у закладку культурных сенажацяў і пашы, іх рацыянальнаму выкарыстанню, прымяненню энерганасычанай тэхнікі. На сённяшні дзень на адну ўмоўную галаву жывёлы ў раёне нарыхтавана па 27,7 цэнтнера кармавых адзінак, што на 5 цэнтнераў вышэй мінулагодняга. Цяпер раён мае каля 11 тысяч тон сена, 167 тысяч тон сенажу, 270 тысяч тон сіласу.

Пастараліся на нарыхтоўцы кармоў аграрыі сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў «Агракамбінат Сноў» і «Гарадзея». У ААТ «Лань-Нясвіж» на адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана па 44,6 цэнтнера кармавых адзінак, у ААТ «Новае жыццё» — 31,5, у ААТ «Нясвіжскі райаграсэрвіс» — 28,5, у ААТ «Грыцкевічы» — па 28,1 цэнтнера кармавых адзінак.

— Адной з важнейшых для раёна, нават стратэгічнай, сельгаскультурай з’яўляюцца цукровыя буракі. Што змаглі зрабіць аграрыі сёлета?

— Свае карэктывы ў гэтым годзе ўнесла надвор’е і на перыяд уборкі цукровых буракоў. І хоць ён пачаўся некалькі раней, чым звычайна, аднак адсотак утрымання цукру ў караня-плодах вышэй за мінулагодні і на сённяшні дзень трымаецца на ўзроўні 17,3 працэнта. Валавы збор салодкага кораня на 1 лістапада склаў 287 тысяч тон, амаль на 60 тысяч тон больш, чым у 2015 годзе. Узрасла і ўраджайнасць. Яна па раёне склала 504 цэнтнеры з гектара, плюс 89 цэнтнераў да ўзроўню мінулага года.

Найвышэйшая ўраджайнасць цукровых буракоў была атрымана ў ААТ «Новае жыццё» — 765 цэнтнераў з гектара, у ААТ «Грыцкевічы» — 616, у СВК «Агракамбінат Сноў»  — 614, у ААТ «Нясвіжскія Астроўкі» — 576, у ААТ «Сейлавічы» — 530 цэнтнераў з гектара.

— Іван Іванавіч, які ўклад у сельскагаспадарчую вытворчасць раёна ўносіць  моладзь?

— Мне сёння прыемна адзначыць той факт, што на Нясвіжчыне склалася добрая практыка работы з падрастаючым пакаленнем: наша моладзь аказвае не проста пасільную, а адчувальную дапамогу сельгаспрадпрыемствам, і менавіта тым арганізацыям, дзе працуюць іх бацькі.

У гэтым годзе 378 хлопчыкаў і дзяўчынак, юнакоў і дзяўчат Няс-віжчыны ў складзе 16-і студэнцкіх атрадаў былі занятыя ў летні перыяд на сельскагаспадарчых работах у СВК «Гарадзея», ААТ «Нясвіжскі райаграсэрвіс», ААТ «Сейлавічы», эксперыментальнай базе «Свеклавічная» і на збожжапрыёмным прадпрыемстве. Іх праца і стараннасць былі адзначаны па вартасці.

— Нясвіжчына заўсёды ганарылася высокімі паказчыкамі па вытворчасці малака і мяса. Якім стаў для жывёлаводаў раёна 2016 год?

— Маючы добрую кармавую базу для далейшага развіцця галіны жывёлагадоўлі, створаную працаўнікамі палёў, сельгаспрадпрыемствы раёна могуць ставіць перад сабой задачу росту аб’ёмаў вытворчасці яе валавой прадукцыі. На сённяшні дзень аб’ём вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў раёне склаў 191 млн. рублёў, з якіх 113,5 млн. рублёў прыпадае на жывёлагадоўлю.

Вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі за 10 месяцаў мы змаглі павялічыць на 3,4 %. Тут высокіх тэмпаў дасягнулі жывёлаводы СВК «Агракамбінат Сноў», ААТ «Грыцкевічы»,«Новае жыццё», «Лань-Нясвіж», «Нясвіжскія Астроўкі», «Юшавічы» і іншыя. У цэлым па раёне за студзень — кастрычнік 2016 года надоена звыш 106 тысяч тон малака, атрымана 35,4 тысячы тон мяса. Надой на адну фуражную карову склаў 6280 кг — гэта лепшы паказчык у вобласці і рэспубліцы. У «Агракамбінаце Сноў» працягваюць упарта павышаць планку і надой ад адной каровы па стане на 1 лістапада дасягнуў 8378 кг, жывёлаводы СВК «Гарадзея» і ААТ «Нясвіжскія Астроўкі» таксама ў лідарах: за 10 месяцаў там надоена па 7058 і 6662 кг малака на адну карову адпаведна.

Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы за гэты ж перыяд склалі 782 г, а ў лепшых па гэтым паказчыку — зноў жа «Агракамбінат Сноў» і СВК «Гарадзея» — 932 і 879 грамаў адпаведна. Сярэднясутачныя прыбаўленні свіней у сярэднім па раёне дасягнулі 699 грамаў, а ў «Снове» гэты паказчык складае 764 грамы. Такія вынікі нават у маштабах рэспублікі па-за канкурэнцыяй.

У гэтым годзе мы працягвалі і работы па будаўніцтве новых малочнатаварных ферм, сіласных сянажных траншэй, рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў.

— Іван Іванавіч, якія словы Вы хочаце даслаць у адрас работнікаў аграпрамысловага комплексу раёна? Як іх павіншаваць?

— Сёння я кажу шчырыя словы ўдзячнасці ўсім працаўнікам галіны, і асабліва — жывёлагадоўчых ферм і комплексаў. Бо менавіта ваша праца прыносіць гаспадаркам асноўны грашовы даход.

Асобныя словы ўдзячнасці я сёння адрасую спецыялістам і кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый раёна. Бо менавіта дзякуючы вашай працы, вашаму адказнаму стаўленню да справы, вашай ініцыятыўнасці і адказнасці, вытворчы канвеер гаспадарак працуе дакладна, зладжана і без зрываў. Адначасова я хачу павіншаваць і падзякаваць за працу работнікам перапрацоўчых і абслуговых прадпрыемстваў раёна. Мне ў гэтым плане ў першую чаргу хацелася б адзначыць работу працоўнага калектыву Гарадзейскага цукровага камбіната, мясаперапрацоўчага прадпрыемства агракамбіната «Сноў», хлебазавода, «Аблрапсаграсэрвіса», збожжапрыёмнага прад-прыемства, райаграпрамэнерга, райаграсэрвісу і іншых.

Ад усёй душы, шчыра віншую з прафесійным святам і нашых дарагіх ветэранаў. Здароўя і бадзёрасці вам на доўгія гады, ваша падтрымка і парады нам вельмі патрэбныя.

Паважаныя работнікі сельгасвытворчасці! Выказваючы вялікую ўдзячнасць за вашу нялёгкую працу, вось яшчэ пра што хацелася б сказаць: я ведаю, што вам няпроста працаваць сёння. Няпроста — таму, што мы з вамі ўжо дасягнулі даволі высокага ўзроўню развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці. Ведаю, што вельмі цяжка ўтрымліваць гэтую планку. Але ж хтосьці павінен быць першым. А раз павінен, тады — чаму не мы? Бо менавіта мы нарадзіліся і жывём на славутай нясвіжскай зямлі. Гэтыя словы я адрасую не толькі працаўнікам сельскагаспадарчай галіны, перапрацоўчых і абслуговых арганізацый, але і ўсім, хто з вамі су-працоўнічае.

Яшчэ некалькі слоў пра культуру сельскагаспадарчай вытворчасці. Так, у нас у раёне ўжо шмат зроблена ў гэтым накірунку, але не трэба спыняцца на дасягнутым. Мне хацелася б, каб у самым шырокім разуменні гэтага выразу — культура сельгасвытворчасці — мы з вамі давялі яе да найвышэйшага, не баюся гэтага слова — сусветнага ўзроўню.  Каб кожны прыезджы, пабываўшы ў любой гаспадарцы і на любым сельскагаспадарчым аб’екце, адразу б зразумеў, што ён знаходзіцца на зямлі, якая калісьці стаяла ля вытокаў фарміравання менталітэту беларусаў, якая і сёння ўяўляе сабой узор беражлівых адносін да яе.

Яшчэ раз вялікі дзякуй вам за працу! Шчыра жадаю добрых, багатых ураджаяў, надояў і прывагі, каб надвор’е і прырода заўсёды спрыялі гэтаму!

Хай наша сельская гаспадарка, перапрацоўчыя і абслуговыя прадпрыемствы развіваюцца хуткімі тэмпамі, а ваша сфера дзейнасці прыносіць задавальненне і дабрабыт! Няхай удача ўсміхаецца вам заўсёды і ва ўсім. Моцнага ўсім здароўя і поспехаў у справах!

— Дзякуй, Іван Іванавіч, за інтэрв’ю.

Гутарыў Дзмітрый ЯШЧАНКА.


Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.