Мелодыя сэрца

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Вольга Сцепановіч і яе работы.  У руках — бабулін ручнік

Вольга Сцепановіч і яе работы.
У руках — бабулін ручнік

… Мелодыя любові да блізкіх, да роднай зямлі, спадчыны, любові да той справы, якая прыносіць радасць і задавальненне. Гэта мелодыя яе сэрца. Дык няхай жа яна гучыць яшчэ доўга-доўга. Няхай яшчэ доўга гарыць зорачка яе таленту.

У Рудаўскай сельскай бібліятэцы ў рамках Года культуры адбылася сустрэча з членам Саюза майстроў, народным майстрам Беларусі, нашай зямлячкай Вольгай Уладзіміраўнай Сцепановіч. На сустрэчу прыйшлі ўсе жадаючыя — тыя, хто знаёмы з яе творчасцю, хто мае і беражэ вырабы, зробленыя яе рукамі, і хто ўвогуле неабыякавы да беларускай народнай спадчыны.

Спачатку Вольга Уладзіміраўна расказала гасцям пра свой жыццёвы шлях, які не быў лёгкім.  Нарадзілася яна ў 1946 годзе ў вёсцы Вялікая Ліпа. Калі ёй споўнілася ўсяго шэсць тыдняў, пайшоў з жыцця бацька, апошні з трох сыноў бабулі і дзядулі. Слёзы над калыскай — маміны, бабуліны, дзядулевы… Каб выжыць у той час, падтрымаць старых, яны ўгаварылі нявестку стварыць новую сям’ю. І матуля выйшла замуж, у дзяўчынкі з’явіўся малодшы брат.

Вырабы з дрэва, выразаныя сынам  Вольгі Уладзіміраўны — Уладзімірам

Вырабы з дрэва, выразаныя сынам
Вольгі Уладзіміраўны — Уладзімірам

Вучылася Вольга ў Вялікаліпскай сямігодцы, затым працягвала навучанне ў Гарадзейскай сярэдняй школе, кожны дзень адмерваючы шлях на веласіпедзе амаль у пятнаццаць кіламетраў у адзін бок. А пасля ўрокаў яшчэ і дома трэба было дапамагчы. Зімой шукалі кватэру ў Гарадзеі. Вучылася добра, але атрымаць медаль не дазволіла адна лішняя чацвёрка. Паступіць на стацыянар не было магчымасці. Давялося папрацаваць у калгасе, затым пабыць піянерважатай у сваёй школе, загадчыкам сектара ўліку — у райкаме камсамола. У педінстытуце вучылася завочна. У гэты час дзяўчына сустрэла свайго будучага мужа, чалавека пры пагонах, які таксама быў студэнтам-завочнікам. Пазней, па службе мужа, яны на пяць гадоў апыну-ліся ў Манголіі. Там некаторы час Вольга працавала прадаўцом, загадчыкам бібліятэкі ў воінскай часці, была старшынёй жансавета. У трывожны час сядзелі з жанчынамі на чамаданах.

Жыццё выпрабоўвала па-рознаму. У 1985 годзе пайшоў з жыцця муж. Старэйшы сын толькі паступіў у  інстытут у Калінінградзе, малодшы вучыўся у пятым класе. Дзякуючы сябрам, калегам, Вольга Уладзіміраўна падняла іх, абодвум дала вышэйшую адукацыю.

Што падштурхнула яе да занятку такой цікавай справай, як рукадзелле? Галоўным тут стаў уплыў бабулі, якая была майстрыхай на ўсе рукі. Да сённяшніх дзён Вольга Ула-дзіміраўна захоўвае ручнік, вышыты бабуляй,                 з ініцыяламі ўнучкі (у той час ініцыялы вышывалі на розных вырабах). Менавіта бабуля дала ў рукі кручок, які ў жыцці Вольгі стаў палачкай-выручалачкай. Яшчэ калі вучылася                 ў школе, дзяўчынка          займалася            выпальваннем, разьбой па дрэве, шкатулкі розныя рабіла і вельмі любіла вышываць крыжыкам. Аднойчы, у час зімовых канікул, вырашыла, што вышые макі на занавесках, якія віселі на дзвярах. Знайшла ўзор. Брат дапамагаў ніткі ў іголкі             зацягваць, а яна хуценька іх вышывала і зноў клікала хлопца на дапамогу.

Пазней, калі гадавала дзяцей, працавала, на гэта захапленне не хапала часу. Вярнулася да яго, калі, прыехаўшы з Манголіі, пайшла працаваць у Нясвіжскі дом піянераў — спачатку метадыстам, затым дырэктарам. Работа ў гуртках была асноўнай, і, каб прыйсці да кіраўніка гуртка,  праверыць яго работу, трэба было самой нешта ўмець. І тут Вольга Уладзіміраўна стала ўспамінаць свае ўменні, ездзіць на семінары, конкурсы, бываць на выставах у другіх установах. Узялася за гэту справу ўшчыльную, калі не стала мужа. Працавала да знямогі, каб хоць крыху суцішыць боль. Малодшага сына клала спаць, а сама бралася за кручок. За зіму з нітак «ірыс» магла звязаць касцюм. Гэта стала добрай матэрыяльнай падмогай, бо заробак быў невялікі.

Каляндар на 2016 год з фотаздымкамі майстроў Беларусі, выдадзены Мінскім абласным цэнтрам народнай творчасці, сярод якіх ёсць і здымак Вольгі Сцепановіч

Каляндар на 2016 год з фотаздымкамі майстроў Беларусі, выдадзены Мінскім абласным цэнтрам народнай творчасці, сярод якіх ёсць і здымак Вольгі Сцепановіч

 Аднойчы на выставе на гарадской плошчы Вольга Уладзіміраўна дэманстравала свае работы. Да яе падышла жанчына і выказала думку, што трэба ехаць на Славянскі базар у Віцебск. І майстрыха здзейсніла гэту прапанову. На фестывалі яе заўважыў старшыня Саюза майстроў, членам якога яна стала ў 2004 годзе. Пачала ўдзельнічаць у многіх абласных конкурсах, выставах, святах. У 2012 годзе Вольга Уладзіміраўна атрымала званне народнага майстра Беларусі, стаўшы 68-й па ліку ў рэспубліцы сярод майстроў у розных відах прыкладнога мастацтва.

На сённяшні дзень Вольга Сцепановіч не ўяўляе жыцця без любімай справы.  Будучы на святах, яна не толькі выстаўляе свае работы, але і вітае высокіх гасцей. Ручнікі ўручала тадышняму Прэм’ер-міністру Міхаілу Мясніковічу, былому міністру культуры Беларусі, а зараз паслу ў Францыі Паўлу Латушку, вышытая ікона Мікалая Цудатворца ёсць і ў былога Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, які і блаславіў яе на работу з іконамі.

На вышыўку адной работы ідзе шмат часу — па восем гадзін у дзень. Узоры прыдумвае сама: бярэ адзін элемент і абыгрывае яго кожны раз па-новаму, а яшчэ — з часопісаў, кніг. Вольга Уладзіміраўна захавала бабуліну кнігу з узорамі Парыжскага выдання (1812 г.).  У апошні час душа больш ляжыць да ручнікоў. Шмат ведае пра іх, цікава расказвае пра кожны сімвал. Вышывае не толькі на тканіне для вышыўкі, але і на льняной, што значна цяжэй. Ручнікі, сурвэткі ўмеліца рэалізоўвае. Рада, калі яе рэчы заўважаюць, бяруць на памяць, значыць, нездарма стараецца. Іконы і карціны пакідае для родных і блізкіх. Калі ўнукі былі маленькімі, а іх у Вольгі Уладзіміраўны тры, дарыла ім карціны з дзіцячымі малюнкамі, нявесткам — карціны для кухні, у кожную работу ўклаўшы часцінку сваёй душы, радасці і цяпла.

Пасведчанні народнага майстра В.У. Сцепановіч

Пасведчанні народнага майстра
В.У. Сцепановіч

За сваю творчасць яна мае шматлікія ўзнагароды: Ганаровыя граматы, дыпломы, падзякі.

Падчас сустрэчы Вольга Ула-дзіміраўна адказала на пытанні   гасцей, падзякавала за цікавасць да яе творчасці. А бібліятэкар Іна Емельянчык паказала прысутным відэапрэзентацыю работ народнага майстра, у якую ўвайшлі ручнікі, серыі карцін «Іконы», «Поры  года», «Кветкі». Некаторыя яе вырабы і работы сына, які займаецца разьбой па дрэве, можна было ўбачыць на выставе ў бібліятэцы і нават набыць на памяць. А свае ўражанні і пажаданні —  пакінуць у спецыяльнай кніжачцы аўтаркі.

Работы Вольгі Сцепановіч маюць высокі мастацкі ўзровень, перадаюць творчы стан душы, вучаць дабрыні, любові, садзейнічаюць духоўнаму развіццю моладзі праз народную творчасць і нацыянальную культуру.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.