“Мы ўдзячны беларусам…”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Сям’я Бандарэнка з ААТ “Лань-Нясвіж”: Надзея і Мікалай  з дзецьмі Валерыяй, Вікторыяй і Дзмітрыем

Сям’я Бандарэнка з ААТ “Лань-Нясвіж”: Надзея і Мікалай
з дзецьмі Валерыяй, Вікторыяй і Дзмітрыем

У гэтым годзе сям’я Мікалая і Надзеі Бандарэнка, перасяленцаў з Луганска, работнікаў свінакомплексу ААТ “Лань-Нясвіж”, cтала пераможцай конкурсу маладых сем’яў у адкрытым акцыянерным таварыстве. Мы вырашылі бліжэй пазнаёміцца з імі. Надзея Васільеўна расказвае:

— У конкурсе  ўдзельнічала  пяць сем’яў. Прыемна, што ў лідары выйшла наша. Розныя заданні давялося выконваць. Муж рабіў мне прычоску, сабе завязваў гальштук, на хуткасць разбіраў мясарубку, якую я сабірала. Мы заканчвалі прымаўкі, пачатак якіх агучваў вядучы. Быў музычны конкурс, я спявала песню “Месяц” на ўкраінскай мове. У час танцавальнага конкурсу “запальвалі” на сцэне. Накрывалі стол, расказвалі пра сябе — гэта была візітная картка сям’і. Я люблю выпякаць тарты, пячэнне, рабіць з жэле розныя прыгожыя кветкі: ружы і хрызантэмы, гваздзікі і цюльпаны, астры і валошкі… Вось і на конкурс падрыхтавала такія. На белай талерцы яркія каляровыя “жэлейныя” кветкі выглядаюць вельмі  прыгожа. Падзялілася з прысутнымі сакрэтамі  “нараджэння” гэтых  кандытарскіх шэдэўраў.

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафкама ААТ “Лань-Нясвіж” Галіна Салавей дадае:

— Добрая сям’я. Да працы на свінакомплексе адносяцца сумленна. Дома маюць падсобную гаспадарку. Не зламаліся ад той бяды, што здарылася з імі. Мікалай — майстар. Для сваіх дачушак зрабіў двух’-ярусны ложак с падручнага матэрыя-   лу. Я была ў іх, пабачыла, як жывуць. А Надзея не толькі хораша спявае і выпякае кандытарскія вырабы, яна яшчэ добра малюе. Яе малюнкі былі выстаўлены падчас гэтага  мерапрыемства. За першае месца мы ўзнагародзілі Бандарэнкаў двухспальнай коўдрай і бытавым электрапрыборам.

Потым Надзея і Мікалай Бандарэнка ўдзельнічалі ў раённым конкурсе маладых сем’яў “Уладар сяла”. Занялі трэцяе месца. Тут гаспадыня ўжо прадэманстравала і ўменне гатаваць стравы беларускай нацыянальнай кухні — хоць дагэтуль  ніколі з імі справы не мела. За прызавое месца яны атрымалі ад арганізатараў конкурсу сертыфікат на пару парасят, ад гаспадаркі як заахвочвальны прыз за ўдзел — набор ручнікоў і грашовую прэмію ў пяць базавых велічынь.

Хто ведае, як складзецца далейшы лёс  гэтых маленькіх прыгажунь, што родам  з Луганска… Можа, Лера і Віка Бандарэнка прыжывуцца на гасціннай беларускай зямлі, пусцяць тут карані

Хто ведае, як складзецца далейшы лёс
гэтых маленькіх прыгажунь, што родам
з Луганска… Можа, Лера і Віка Бандарэнка прыжывуцца на гасціннай беларускай зямлі, пусцяць тут карані

На Нясвіжчыне яны жывуць нядаўна. Летам 2015 года прыехалі з Луганска ў гарадскі пасёлак Рассвет Клецкага раёна. Знялі прыватную кватэру. 1 верасня дзеці пайшлі ў Рассветаўскую сярэднюю школу: сын Дзіма  — у пяты клас, двайняты Валерыя і Вікторыя — у першы. Потым у растэрміноўку купілі хату ў вёсцы Пукелеўшчына Ланскага сельсавета. Школу ж дзеці працягваюць наведваць у Рассвеце. Яны ўліліся ў калектыў, пасябравалі з мясцовымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі.

— Мы з мужам знайшлі работу ў ААТ “Лань-Нясвіж”, на свінакомплексе. Я — аператар, ён — слесар. Даглядаю матачнае пагалоўе, — працягвае  аповед Надзея. — Прымаю апаросы. Сачу за станам здароўя мамак і парасятак, за своечасовасцю вакцынацый. Калі трэба, даю лекі.  Гляджу, каб маленькія добра раслі, прывучаю іх да камбікорму. Своечасова вычышчаю станкі, каб у іх было чыста і суха. Справа гэтая для мяне была новай. Спачатку баялася, што нічога не запомню са сваіх абавязкаў, але навучылася, уцягнулася. Працы я не баюся. Завялі ўжо і дома сваю гаспадарку. Ёсць козы, качкі, бройлеры, куры-нясушкі, а яшчэ — кот і сабака. Дзеці дапамагаюць. І не толькі ў хаце. Дзяўчынкі любяць даглядаць коз. Дзіма корміць птушак, сочыць, каб у іх заўсёды была вада. У Луганску я толькі сеяла агарод, бо ўчастак ля дому там невялікі.

У Беларусь мы пераехалі, уцякаючы ад вайны. У нас там быў свой дом, у якім пражылі толькі тры гады. Дом прыгожы, дыхтоўны, да столі — 3.15. Муж сам зрабіў рамонт. Рукі ў яго залатыя, усё ўмее, дай Бог яму здароўя! Я чарціла праекты, як і што ха-цела б бачыць, а ён рабіў — хутка і прыгожа. Мы абое — з Луган-  скай вобласці. Нарадзіліся з розні-цай  у пяць дзён — мяне з мамай выпісвалі з раддому, а Коля з’явіўся ў той момант на свет. І ў дзіцячым садку, і ў школе былі разам. 13 гадоў назад пажаніліся. Але раптам так усё памянялася ў жыцці!.. Ва Украіне пачалася вайна. Першы абстрэл Луганска застаў мяне з дзецьмі дома, Коля быў на працы. Дзяўчынкі ад страху ў мяне ўчапіліся, сама быццам здранцвела. А Дзімка павёў сябе як сапраўдны мужчына: схапіў цёплыя кофты, бо быў ужо вечар, адзеў сястрычак, узяў тэлефон (тату пазваніць), і мы пабеглі хавацца. Я не хацела, каб мае дзеці сутыкаліся з тымі  жахамі, што нясе вайна. І вывезла іх да бацькоў, якія жывуць за 130 кіламетраў  ад горада. Муж заставаўся — шкада было кідаць дом, не думалі, што гэта  ўсё так надоўга і так страшна. Мікалай расказваў: “Бягу, а асколкі свішчуць каля вуха”. Проста анёл яго аберагаў. Калі я вярталася назад у Луганск шукаць яго, не ведала, жывы ці не. А ўбачыла — такі феерверк пачуццяў узарваўся ў душы! І потым, перад ад’ездам, мы ледзь паспелі схавацца ў падвал ад узрыву снарада, хаця той снарад мог і ў дом трапіць, і нас пад бетоннымі плітамі пахаваць. Па начах прачыналася з крыкам. А едкі пах гары назаўсёды  застаўся на падсвядомасці.

Пакідаючы і Мікалая ў Луган-ску, і дзяцей у бацькоў, я разумела: можа здарыцца, што мы болей не ўбачымся. Але лёс даў нам шанс. Таму стараемся цаніць  адзін аднаго, берагчы, абдымаць, цалаваць, гаварыць “люблю”. Не трэба саромецца праяўляць гэтыя пачуцці. Лічу: упрыгажэнні, моднае адзенне — не галоўнае. Галоўнае — сям’я, дзеці, спакой. Радасна, што яны ў мяне ёсць. Трэба цаніць тое, што маеш.

Мы ўдзячны беларусам за тую ўвагу і клопат, якія яны праявілі. Бо мы ж прыехалі — ні талеркі, ні відэльца не было з сабой. Пачыналі з нуля. Кіраўніцтва акцыянернага таварыства  выдзеліла ложкі, падушкі, коўдры, пасцельную бялізну, посуд. Вяскоўцы прыносілі патрэбныя рэчы. Вельмі шмат дапамагла Рассветаўская школа. Сёлета аказала дапамогу Нясвіжская раённая арганізацыя Чырвонага  Крыжа. Мы спадзяваліся, што рэчы нам вышлюць з дому, але не  атрымалася. Я ўсім гавару “дзякуй!” Каб не спагада беларусаў, цяжка б давялося. І Мікалай пастаянна супакойваў: “Надзя, мы выстаім”. Цяпер у нас  на ланскай зямлі ёсць сябры. Ездзім адны да другіх, пасядзець, пагаварыць за кубачкам чаю. Я люблю прымаць гасцей, люблю накрываць прыгожа стол, частаваць сваімі фірменнымі “жэлейнымі” кветкамі.

Я хачу жыць тут…

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Іны ВАСІЛЕВІЧ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.