ПЕСНЯМІ І ПАДАРУНКАМІ

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Нядаўна мы славілі самых дарагіх і родных — нашых матуль. Ім былі прысвечаны разнастайныя мерапрыемствы, адно з іх адбылося ў Ланскім сельскім доме культуры, куды запрасілі і хор ветэранаў працы г. Нясвіжа “Аптымісты”. Адкрыла свята вядучая вечара бібліятэкар Алена Жук, якая выказала шмат цёплых слоў у адрас мам, пажадала ім здароўя, дабрабыту і шчасця. Для іх юная ўдзельніца канцэрта Ілона Лепяціла выканала пяшчотную песню. Віноўніцам урачыстасці прысвяціў свае выступленні і мастацкі кіраўнік Дома культуры Юрый Гапановіч. Асабліва бурныя апладысменты выклікала песня ў яго выкананні “Я для цябе збудую замак…” Пастараліся і госці — калектыў “Аптымісты” з песнямі “Мілая мама”, “Домік ля дарогі”, “Смуглянка”, “Гітара” (саліст Віталь Раманчук), “Падмаскоўныя вечары”. Доўга не адпускалі  са сцэны гледачы мужчынскую групу хору.

А хто можа застацца раўнадушным да прыпевак? Бадай, ніхто, і гэты жанр у выкананні Таццяны Сіраш і Аляксандра Гапановіча таксама прыйшоўся даспадобы.  І артыстам прыемна, калі іх старанне ўспрымаецца людзьмі  з такім энтузіязмам, узнімае настрой. Даўно стала сапраўдным хітом  знака-мітая “Галіна”, а саліравалі Якаў Случак і Іван Шухно.

На свяце прысутнічала намеснік дырэктара ААТ “Лань-Нясвіж” па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафкама  Галіна Станіславаўна Салавей. Яна шчыра павіншавала жанчын-маці, выказала ім самыя цёплыя пажаданні і ўручыла падарункі. Іх атрымалі шматдзетныя мамы Таццяна Уладзіміраўна Жукоўская, якая мае 6 дзяцей, Таццяна Мікалаеўна Ліцко, маці пяці дзетак, Наталля Васільеўна Янучок, Алена Расціславаўна Багдановіч і Людміла Іванаўна Сланімская, якія гадуюць па трое дзяцей. Іх мацярынскі подзвіг заслугоўвае вялікай пашаны і ўдзячнасці.

У той вечар шмат гучала добрых песень і ласкавых слоў для матуль,  яны засталіся вясёлымі і з добрым настроем падпявалі артыстам. А ў заключэнне “Аптымісты” выканалі духоўную песню “Да вячэрні” (пры гэтым усе гледачы ўсталі), бо назаўтра адзначалася свята Пакровы. Няхай кожнага з нас Прасвятая Багародзіца заўсёды ўкрывае ад бяды і няшчасця, каб жыццё было светлым і шчаслівым.

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.