“Радкі з градкі” Валянціны Аксак

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

dzikaja-sliva_1jpg

Вёску Смалічы я ўпершыню

пабачыла сонечным маем 1996 года. Дваццаць гадоў прайшло, а прыгадваецца, быццам гэта было

ўчора ці сёння

Як гадуюцца паэты?

Хоць аўтобус паўнюткі гаманлівых вучняў, паспяваю засяро-дзіцца — разгледзець абрысы вёскі яшчэ здалёк: сялянскія стрэшкі пад высознымі кучаравымі дрэвамі, раўнюткую дарогу, што кіруе  з разложыстай лагчыны на высокі пагорак.

Той раз у вандроўку паклікаў не столькі краязнаўчы імпэт, колькі  літаратурная  цікаўнасць: дзе нараджаюцца і як гадуюцца паэты? Ехалі да бацькоў Валянціны Аксак  распытаць, паслухаць. На той час дачка-паэтка мела ўжо два зборнікі; яе вершы, зусім не падобныя да тых, што прапануе вучням школьная праграма, часта сустракаліся ў пісьменніцкіх выданнях, перакладаліся на іншыя мовы і нязменна даравалі хвіліны прыемнага ўзрушэння, калі чыталіся на сваёй, роднай мове ў геаграфічнай блізкасці з домам і асяроддзем, якія ўзгадавалі паэтку.

Завітваем — а яна і сама тут! Са сталіцы прыехала, на агаро-дзе ў гумовых ботах праполвае градку. Выпрасталася, глядзіць  з-пад рукі, як некалі бабуля: хто гэта там? Падышла, павіталася. Пераапрануўшыся, выйшла іншая, але і тая ж — з прыязнай усмешкай, далікатнымі рухамі, мяккай гаворкай.

— Я тут крыху з гасцямі забаўлюся, — нібы папрасіла дазволу ў маці, а пасля да сыноў: — Хлопцы, бягайце да дзеда, дапамажыце, а мы тут пасакрэтнічаем.

Адчула дзіцячую ніякаватасць ад прыемнай нечаканасці,  пра “сакрэты” пачала сама:

— Адкуль вершы? Ды яны, вось — з градкі…— прагучала ціхае прызнанне, мо крыху жартаўлівае, але з добрай метафарай і па сваёй вобразнай сутнасці вельмі трапнае, зусім натуральнае.

Лірычны момант

і філасофія вечнасці

З часам — мінула аж 20 гадоў! — паэтычная градка Валянціны Аксак павялічылася. І пашырэла, і падаўжэла. І хоць красуюць на ёй “рэмантантныя ружы нетутэйшай прыгажосці”, тут нязменна ёсць месца смаліцкім рамонкам, стакроткам, даўнім хрызантэмам (пералік не адвольны, а з той жа паэтычнай дзялянкі). Не стала бацькоў — і пабольшала кветкавых градак, дзе  асабліва шчыруюць душа і рукі. Усё асабістае — і бацькава хата, і матуліна печ, і дзедаў сад трывала набываюць статус цэнтра сусвету, магічнага перакрыжавання ўсіх шляхоў і думак паэткі з Нясвіжчыны. Да лірычнага моманту дадаецца філасофія адвечнасці.

Прастора — да лесу,

Ціш — да нябёсаў.

Маўклівасць — да ветру.

Свабода — да чалавека.

І гэта ўсё — родныя Смалічы. Нават бусел, сустрэты дзесьці ў Румыніі, падаецца сваім, са смаліцкай буслянкі. Нябачная воку лучнасць з роднай зямлёй, продкамі, пра якую пасведчыць хіба пругкі вецер у аголеным полі ці зорнае неба на Пакровы, набірае мудрай сталасці і літаратурнай выразнасці.

Калі хочаш

быць шчаслівым…

Сёлета з дагледжанай грады Валянціны Аксак прарасла “Дзікая сліва” — апошні, тым часам шосты па ліку, зборнік вершаў. У сталічнай краме “Кніжная шафа” адбылася прэзентацыя кнігі. Прывітаць зямлячку, удзячна адгукнуўшыся на яе запрашэнне, ахвотна паехала і я. Праўда, узяць з сабой вучняў, як дваццаць гадоў таму, гэты раз не выпадала. Хіба, па вяртанні, распавесці сваім выхаванцам, аматарам паэзіі (сярод іх ёсць і сталыя прыхільнікі паэтычнага слова паэткі са Смалічоў), што Валянці-на Аксак развівае, доўжыць распачатую ў ранейшых зборніках тэму духоўнага жыцця чалавека, застаецца вернай бацькоўскаму дому, сваёй ціхай малой радзіме. І што зборнік стаў прыкметнай літаратурнай навіной і культурнай падзеяй.

Везла яго дамоў на Нясвіжчыну з мілым сяброўскім аўтографам і спасцігала новыя сакрэты-прызнанні: “Калі хочацца шчасця навек, гадуй кветкі ў бацькавым садзе (верш “Калі хочацца”). У вершы пад назвай “Шчасце” ўсяго пяць слоў, але слоў значных, важкіх, з якіх і выводзіцца свое-асаблівая формула-запавет, калі жывеш з Богам у сэрцы.

Споведзь.

Пост.

Пакаянне.

Малітва.

Спакой.

А вось верш, з якім я сустрэла сёлетні Вялікдзень, у ім надзвычай мілы родны абразок, які ўспрымаеш з адчуваннем асабістай чалавечай святасці і пашаны.

З сонейкам устаю,

спяшаюся на горачку

пад серабрысты бярэзнік,

каб хутчэй сказаць маме,

што Хрыстос уваскрос…

Інтанацыйная стрыманасць, моўны аскетызм, пазбаўленасць выпадковых слоў у плыні вершаў робяць іх сэнсава значнымі, глыбакадумнымі. Чытаеш засяро-джана і ўнікліва, як малітву. І сэнс спасцігаеш не адразу,  як  і падтэкст біблейскай ісціны.

А яшчэ ў лірычных інтанацыях паэзіі Валянціны Аксак — нязменная жаноцкасць. Яе вершы з асаблівай цікавасцю і цеплынёй будуць чытаць менавіта жанчыны, ад чаго аніяк не збяднее аўдыторыя чытачоў.

Наталля ПЛАКСА,

краязнаўца, педагог.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.