Шчасліва жыць на роднай зямлі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

h

Трэцяя нядзеля лістапада, калі  працаўнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу адзначаюць сваё прафесійнае свята, — гэта час, калі ўжо можна падводзіць пэўныя вынікі года, у прыватнасці, у раслінаводстве, пралічыць, як завершаць год жывёлаводы. І разам з гэтым акрэсліць планы на будучае.

Місія, якая ўскладзена на работнікаў АПК, — вельмі адказная. Яны забяспечваюць харчовую бяспеку нашай краіны. І ўсё, што мы бачым сёння на прылаўках мага-зінаў — малако і разнастайныя малочныя прадукты, мяса і мясныя прадукты, хлеб і хлебабулачныя вырабы, цукар, садавіна, бульба і гародніна — атрымана, вырашчана, выраблена іх нястомнымі, працавітымі рукамі, да намаганняў якіх прыкладзены розум, веды, майстэрства. Вытворцы сельгаспрадукцыі Беларусі паспяхова спраўляюцца са сваімі задачамі, забяспечваюць ёю патрэбнасці жыхароў краіны. І яшчэ прадаюць за мяжу. Кожны дзень — на 14 мільёнаў долараў. Чакаецца, што да канца года экспарт харчовых прадуктаў  перавысіць  адзнаку ў 5 мільярдаў долараў. Стаіць задача до 2020 года давесці  гэту лічбу да 7,5 мільярда.

Цікавыя лічбы былі прыведзены на нядаўнім першым форуме “Беларусь мясная”. На кожнага беларуса вытворчасць мяса ў год складае 121 кілаграм, а спажываецца ў сярэднім 91 кг. Мы ўступаем па гэтым паказчыку толькі ЗША, Нідэрландам і Канадзе. Беларусь знаходзіц-ца ў дваццатцы краін — лідараў па экспарце мяса. За апошнія 5 гадоў замежныя пастаўкі яго выраслі на 23 %. За 2015 год прадалі за мяжу 321 тысячу тон мяса і   мясапрадуктаў больш чым на 770 мільёнаў долараў. За 8 месяцаў 2016 г. экспартавана 232,7 тысячы тон на 509 мільёнаў долараў.

У 1991 годзе ў сельскай гаспадарцы рэспублікі былі заняты 1 млн. 68 тысяч чалавек. У 2015-м — 314 тыс. На 1 работніка тады надойвалі 4,7 тоны малака, цяпер — 21 тону. Такі рост прадукцыйнасці працы назіраецца дзякуючы значным інвестыцыям у сельскую гаспадарку і перапрацоўчую прамысловасць. За апошнія 15 гадоў у абнаўленне беларускага АПК укладзена 45 мільярдаў долараў — гэта лічба прагучала на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, што прайшла нядаўна ў Навукова-практычным цэнтры па механізацыі сельскай гаспадаркі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Набываецца навейшая тэхніка, укараняюцца самыя сучасныя тэхналогіі. Значна павысілася і ўраджайная сіла гектара, і прадуктыўнасць жывёлы і птушкі.

Значны ўклад у агульную скарбонку краіны ўносіць Нясвіжскі раён. Як пераможцы спаборніцтва ў сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2015 год ён, а таксама  СВК “Гарадзея” былі занесены сёлета на Рэспубліканскую дошку Гонару. Наш раён занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару таксама як пераможца спаборніцтва па эканоміі рэсурсаў.

Сёлета працаўнікі АПК Нясвіжчыны таксама  маюць добрыя вынікі. Напрыклад, наш раён лідзіруе ў рэспубліцы па прадуктыўнасці дойнага статка, па прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы.

Якім быў для вас бягучы сельскагаспадарчы год? Чым ён застанецца ў памяці? З такімі пытаннямі  я звярнулася да працаўнікоў АПК Нясвіжчыны. І сёння мы разам пагартаем гэтыя  жыццёвыя старонкі будняў і свят нашых вяскоўцаў.

Аляксандр ШАМАНАЎ,

галоўны аграном

СВК “Агракамбінат Сноў”:

— Раслінаводства — гэта цэх пад адкрытым небам. І яго вынікі ў некаторай ступені  залежаць ад надвор’я. Таму і недабралі сёлета ў параўнанні з леташнім і з тым патэнцыялам, які быў закладзены, ураджаю каласавых збожжавых — па прычыне засухі. З аднаго гектара выйшла па 77 цэнтнераў.

Затое парадавалі іншыя культуры. Так, бульба дала па 659          ц/га. Мы памянялі тэхналогію яе  вырошчвання, пакінулі толькі сорт  “брыз” беларускай селекцыі, які ўстойлівы да паршы (а гэта вельмі важна, калі ў севазвароце  як папярэднік ёсць цукровыя  буракі). Бульба займала 100 гектараў. Падчас вегетацыі на хім-ахоўных работах пастараўся механізатар Дзяніс Станкевіч. А на ўборцы камбайнам — механізатар Уладзімір Капытка. Клубні выдатныя. Цяпер адгружаем іх на Расію.

Прыемна здзівіла кукуруза на зерне: сноўскія землі далі  яго па 180 ц/га, і нават тыя, што арандуем у Ардзе Клецкага раёна, — па 130 ц/га. Гэтая культура з’яўляецца выдатным складальнікам кармавога рацыёну жывёлы і птушкі, таму працаваць з ёй пачалі паглыблена: не сеем без арганікі. Яе на 70 % плошчы ўносім і заворваем вясной — глеба ўзбагачаецца кіслародам, што ў пэўнай  ступені ўплывае на ўраджай. Я гавару іменна пра нашы цяжкія суглінкі — яны станоўча адклікаюцца на вясновае ворыва. Але ж пакінуць на вясну ўсё ворыва мы не можам, таму што не паспеем правесці ўвесь шлейф работ у аптымальныя  тэрміны — усё-такі пад кукурузу адводзім 2,5 тысячы гектараў. Гэта многа.

Яшчэ на 30 % плошчы з восені ўносім у глебу, пасля збожжавых, вадкія ўгнаенні, загортваем іх чызелем на глыбіню 15 —20 сантыметраў.

Галоўнае ў восеньскія дні — правесці зяблевае ворыва пад цукровыя буракі, бульбу, ячмень. Гэтыя палі заараны.

Так што задаволенасць зробленым за год ёсць. Раслінаводства ў гаспадарцы заўсёды было  рэнтабельным. Таму што — працуем, на гэтым стаім.

Людміла ЗУБОВІЧ,

бухгалтар

ААТ “Сейлавічы”:

— Наша сям’я сёлета выйшла пераможцай у конкурсе на лепшую сядзібу, што праводзіўся ў аграгарадку Сейлавічы. Вынікі конкурсу падводзілі на свяце вёскі, я атрымала падарунак. Прыемна такая ўвага, клопат пра ўпарадкаванасць і дагледжанасць вясковых сядзіб. Але я шчырую ля сваёй хаты не дзеля падарункаў, а для душы. Люблю парадак і прыгажосць. Люблю кветкі. Захапляюся  ружамі. Іх у мяне зараз 45 кустоў. Позняй восенню прыгожа цвітуць хрызантэмы. Увесь сезон палісаднік упрыгожваюць астры, гладыёлусы, калы,  гваздзіка турэцкая, іншыя прыгожыя і яркія кветкі. Ёсць на ўчастку і дэкаратыўныя кусты — тая ж вейгела, якая таксама вельмі  падабаецца. Растуць у нас  і яблыні, грушы, вішні, сартавы вінаграднік. Вырошчваем гародніну.

Канешне, адной спраўляцца з усім мне было б цяжка. Дапамагае старэйшая дачка Аліна. Яе сям’я, пакуль будуе свой дом, жыве разам з намі. Так што памочніца — побач.

У гаспадарцы я працую з 1984 года. Родам сама з Гарадзеі, а прыехала сюды пасля заканчэння Навапольскага сельгастэхнікума. Сустрэла тут сваю другую палавінку. Муж Станіслаў — вадзіцель. У свой час нам выдзелілі дом на вуліцы Сонечнай у Сейлавічах. Мы яго давялі да ладу па свайму густу, выкупілі. Цяпер гэта — наша ўласнасць. Жыві — і радуйся.

АнатольЧЫРКУН,

 механізатар

ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”:

— У мяне сёлета адбылася вельмі прыемная, радасная падзея — наваселле. Дырэкцыя сельгаспрадпрыемства выдзе-ліла нашай сям’і новы дом на вуліцы Першамайскай, у цэнтры Астровак. Тры пакоі. Так што ў нашага 2-гадовага сыночка Захаркі ёсць свой дзіцячы пакой.

Жонка Даша знаходзіцца  ў водпуску па доглядзе за дзіцем. А я працую  механізатарам. У маім распараджэнні — два трактары: МТЗ-1221 і МТЗ-82. Першы далі летам, на ім буду выконваць работы, якія патрабуюць большай магутнасці. А на другім ха-джу з касой, граблямі, прэс-падборшчыкам, раздаю корм жывёле. Выконваю розныя транспарт-ныя работы. Усё, што даручаюць, стараюся рабіць добрасумленна, якасна.

У лютым будзе два гады, як  прыйшоў на працу ў “Нясвіжскія Астроўкі”. І ніколькі не шкадую. Наадварот, вельмі задаволены. Галоўнае — не падводзіць. Калі ты адносішся да работы з душой, то і да цябе адносяцца з павагай.

Гутарыла

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.