Служыў Богу і людзям

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

“Служу так, каб ніхто не пайшоў ад мяне пакрыўджаным…”

Протаіерэй  Дзмітрый Хмель.

8 лістапада ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, ганароваму грамадзяніну горада Нясвіжа протаіерэю Дзмітрыю Пятровічу Хмелю, які служэнню Богу і людзям аддаў 60 гадоў, а 42 з іх   быў настаяцелем храма Святога Велікамучаніка Георгія Перамаганосца ў Нясвіжы, споўнілася б 90 гадоў.

Гэтую невялічкую, утульную цэркаўку, што ў задуменні стаіць на адной з ціхіх вулачак нясвіжскага Новага месца, мая дачка ў маленстве так і называла — “мая царква”. А бацюшку Дзмітрыя  Пятровіча Хмеля, які некалі яе,  паўтарамесячную, хрысціў — “дзядуля Хмель”. Айцец Дзмітрый сапраўды  быў сваім для ўсіх, адгукаўся на просьбы кожнага. Яму былі ўласцівы вялікая спагадлівасць, сціпласць і чалавечнасць. Ад яго веяла дабрынёй і ўпэўненасцю. Бацюшка гаварыў нямоцна. У вачах — святло і вялікая  мудрасць. Усе, хто яго ведаў, захапляліся сілай духу гэтага незвычайнага чалавека. Будучы ўжо ў даволі пажылым узросце (ён пражыў 83 гады),  шмат перажыўшы на сваім вяку, ён вёў службу, хрысціў, вянчаў, адпяваў — здаралася, амаль суткі быў на нагах.

Дзмітрый Пятровіч Хмель нарадзіўся ў г. Бершадзь Вініцкай вобласці ва Украіне. Пасля сямігодкі паступіў вучыцца ў Бершадскую педагагічную школу. У 1941 годзе закончыў першы курс. Але пачалася Вялікая Айчынная вайна,  школа была зачынена. Бацька і старэйшы брат пайшлі на фронт. З маці заставаліся 7 дзяцей, Дзмітрый — старэйшы. На іх тэрыторыі гаспадарылі румыны. У Бершадзі адкрылі індустрыяльны ліцэй па падрыхтоўцы інжынераў для цукровай прамысловасці. Д.П. Хмель правучыўся там 2,5 года.

Пасля вызвалення Вініцкай вобласці яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Спачатку служыў у вучэбным  артылерыйскім дывізіёне, потым накіравалі на ІІІ Беларускі фронт. Ваяваў у 5-й арміі наводчыкам 100-міліметровай пушкі, адначасова выконваючы абавязкі арттапавылічальніка. З баямі прайшоў ад Віцебска да Усходняй Прусіі, удзельнічаў у вызваленні ад ворага Оршы, Мінска, Ліды, Вільнюса, Каўнаса…

Вось што расказваў айцец Дзмітрый пра адзін з баёў на тэрыторыі Усходняй  Прусіі:

— На нашым шляху аказаўся дзот, які ніяк не абысці. Паступіў загад знішчыць яго. А ў нас гармата разбітая, разлік загінуў. Знішчыць дзот можна было, калі пра-брацца з тылу. І я з супрацьтанкавай  гранатай папоўз па траншэі. Мяне заўважыў нямецкі каравульны. Раніў у нагу. І ўсё-такі я дапоўз. Кінуў гранату ў акно. Узрыў. Мяне заваліла велізарнымі абломкамі. Выбрацца з-пад іх не змог. Ранены, суткі ляжаў пад заваламі, пакуль на мяне не наткнулася  пахавальная каманда. Выцягнулі, каб аднесці ў брацкую магілу, але пачулі стогн… Паўтара месяца я праляжаў у шпіталі ў Вільнюсе. Пасля знайшоў сваю часць. А мая маці дагэтуль ужо атрымала пахавальнае паведамленне…

Запомніў Дзмітрый Пятровіч  цяжкія кровапралітныя баі за Кенігсберг, штурм і ўзяцце горада. Штурм працягваўся два дні і быў вельмі інтэнсіўным. Горад бамбіла больш за 300 самалётаў. Паветра звінела і дрыжэла ад сірэны і выбухаў. У канцы другога дня штурму фельдмаршал Леш, які  камандаваў варожым войскам, загадаў вывесіць белы флаг капітуляцыі.

Тое, што сяржант Хмель служыў добрасумленна, ваяваў па-геройску, сведчаць яго ўзнагароды: ордэн Айчыннай  вайны І ступені, медалі “За давагу”, “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Кенігсберга”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”

Калі Д.П. Хмель ішоў на вайну, мама (а была яна чалавекам глыбока веруючым) дала яму  іконку Мікалая Цуда-творца. “Я насіў яе ў левай кішэні гімнасцёркі. І верыў, што яна  выратуе, што мяне не заб’юць. Так яно і атрымалася… У маім пазваночніку сядзіць куля. Дастаць яе немагчыма. Мяне даўно  магло б не быць. А я жыву! Мне ўжо 80. Ну хіба гэта не цуд!” — расказваў айцец Дзмітрый журналістам падчас сустрэчы ў 2006 годзе.

Дэмабілізаваўшыся, Д.П. Хмель  паступіў вучыцца ў Адэскі тэхналагічны інстытут. Але душа яго жадала іншага: служыць Богу, несці лю-дзям Слова Гасподняе, весці іх да Храма, да Вечнасці. І Дзмітрый Пятровіч Хмель  стаў на гэты шлях. У 1947 годзе ён перайшоў у Адэскую духоўную семінарыю. Праз год перавёўся ў Жыровічы, у Мінскую духоўную семінарыю. Пасля вучобы службу пачаў у 1949 г. у в. Косіна Лагойскага раёна, затым — у Лагойску, з 1957 года — у Нясвіжы, на радзіме матушкі — Алены Пятроўны.

Давёў да ладу невялікую драўляную Свята-Георгіеўскую царкву, накрытую дранкай, праз якую дождж заліваў іконы. Набыў з вялізнымі намаганнямі  бляху на дах, сам зрабіў купал. Муляры абклалі сцены белай цэглай…

Як успамінае ў кнізе “Пастыр добры зямлі Нясвіжскай” сын айца Дзмітрыя Р.Д. Хмель, бацюшка выконваў таксама абавязкі благачыннага Нясвіжскай царкоўнай акругі. У тыя гады благачынне ўключала каля 30 прыходаў (Нясвіж, Клецк, частку Капыльскага, Ляхавіцкага, Стаўбцоўскага раёнаў). Гэта азначала вельмі вялікую работу, якую вёў Дзмітрый Пятровіч. І ён усюды паспяваў. А колькі намаганняў ён прыкладаў, каб захаваць прыходы, храмы ў гады ганенняў на царкву!

Нам часта даводзілася бачыць айца Дзмітрыя  побач са святарамі  касцёла Божага Цела. Гэта магло быць свята ў Дзень Перамогі  ў райцэнтры або дажынкі ў сельгаспрадпрыемстве, служба ў касцёле або на магіле расстраляных у вайну мірных жыхароў ва ўрочышчы Гайкі… Ён наладжваў добрыя адносіны паміж людзьмі розных канфесій.

Айцец Дзмітрый быў узнагароджаны ордэнамі Еўфрасінні Полацкай і Сергія Раданежскага, князя Кіеўскага Уладзіміра, князя Маскоўскага Данііла, Мітрай, Патрыяршай граматай.

Прыхаджане вельмі любілі і паважалі бацюшку. З вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю гавораць пра яго і цяпер: “Айцец Дзмітрый сапраўды быў добрым пастырам, дабрадзейным, высокамаральным, з адкрытым сэрцам. Ім зроблена столькі добрых спраў!” Перад тым, як зайсці ў царкву, многія спыняюцца ля памятнай дошкі, устаноўленай у гонар Д.П. Хмеля ў 2010 г., у гадавіну яго смерці, прыхіляюцца да яе, як да  іконы, магчыма, з просьбай, каб ён і там памаліўся за іх.

Цяпер у храме Велікамучаніка Георгія Перамаганосца служаць маладыя святары, паслядоўнікі справы айца Дзмітрыя. Вернікі ідуць, каб памаліцца Богу, ачысціць душу, знайсці адказы на нейкія пытанні, стаць на шлях ісціны. “Такое адчуванне заўсёды, быццам і айцец Дзмітрый у царкве прысутнічае з намі”, — сказала мне  на днях адна несвіжанка. Што ж, гэта — намоленае месца, дзе  святло яго вялікай душы дапамагае людзям ісці па няпростым жыццёвым шляху.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота з архіва рэдакцыі.

P.S. Цікава расказвае пра айца Дзмітрыя Пятровіча Хмеля кніга “Пастыр добры зямлі Нясвіжскай” (укладальнік Валянціна Шчарбакова). Яе 500 паасобнікаў разышліся, раскупіліся — яшчэ адно сведчанне аб вялікай народнай павазе да гэтага чалавека. Людзі цікавяцца, ці магчыма перавыданне кнігі, каб набыць яе.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.