“Трэба любіць сваю справу, і тады ўсё атрымаецца”, — лічыць Іван Іванавіч Даўшко, які 37 гадоў жыцця аддаў развіццю свінагадоўлі СВК “Агракамбінат Сноў”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Два тыдні таму на заслужаны адпачынак пайшоў  адзін з кіраў-нікоў сярэдняга звяна СВК “Агракамбінат Сноў” — начальнік свінагадоўчага  комплексу Іван Даўшко. Калегі ўрачыста правялі  Івана Іванавіча. Ад праўлення гаспадаркі яму ўручылі  каштоўны падарунак — пральную машыну.  Было сказана шмат добрых слоў у яго адрас, слоў падзякі за шматгадовую   плённую працу, за вялікі ўклад, што Іван Даўшко ўнёс у агульную справу калектыву агракамбіната, а разам з гэтым — у павышэнне дабрабыту кожнай сям’і…

На сноўскую зямлю, у тадышні калгас імя Калініна, Іван Іванавіч з сям’ёй прыехаў у 1980 годзе. Дагэтуль былі вучоба ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце і праца ў калгасе “Прагрэс” Гродзенскага раёна, у знакамітых  Верцялішках. І хоць там мелі кватэру — за 12 кіламетраў ад Гродна, усё ж перабраліся ў Сноў, каб было бліжэй да бацькоў. У Івана Іванавіча  яны жылі ў Клецкім раёне, у яго  жонкі Вольгі Мяфодзьеўны, настаўніцы, — у Баранавічах.      Бацькі дапамагалі гадаваць дзяцей. Праз тры месяцы пасля пераезду сям’і далі кватэру ў Снове.

Іван Іванавіч працаваў заатэхнікам, заатэхнікам-селекцыянерам у свінагадоўлі і быў у гэтай галіне галоўным. Займаўся вельмі адказнай справай: гаспадарка вырошчвала племянных свінак на рэалізацыю, да 3 тысяч  галоў штогод. Іх куплялі іншыя  сельгаспрадпрыемствы рэспублікі, дзе ўзводзілі буйныя свінагадоўчыя  комплексы. Такі ж комплекс пабудавалі і ў агракамбінаце  — дагэтуль матачнае пагалоўе размяшчалася на фермах “Хвоева” і “Горны Сноў”, а на месцы будучага  комплексу працавала толькі два адкормачнікі. У сувязі з узбуйненнем Іван Даўшко атрымаў пасаду начальніка свінакомплексу. Гэта быў 1988 год.

— Калі я прыйшоў у калгас амаль 37 гадоў назад, свіней тут  налічвалася крыху больш за 7 тысяч галоў. Цяпер — 35 тысяч, — гаворыць Іван Іванавіч. — Тады фермы былі старэнькія, праца людзей — ручная. І мы вырашылі, што так далей весці гаспадарку нельга. Давялося паездзіць, павучыцца. Пабывалі ў Польшчы, Галандыі. Узводзілі новыя  будынкі, рэканструявалі  старыя. Абсталяванне куплялі за мяжой. Набывалі племянное пагалоўе новых, мясных парод. Цяпер наш комплекс — сучасная фабрыка па вытворчасці свініны, дзе абсталяванне працуе ў аўтаматычным  рэжыме.

— З чаго пачынаўся Ваш рабочы дзень?

— Раніцай хвілін на 5 — 7 збіра-ліся, абмяркоўвалі ўсе пытанні. Кожны ведае сваю работу, таму шмат  гаварыць патрэбы няма. Па паня-дзелках распісвалі рух пагалоўя на ўвесь тыдзень: адкуль пойдзе здача на мясакамбінат, якія памяшканні рыхтаваць да новага засялення (яны па чарзе “адпачываюць” па 5 — 6 дзён, там праводзіцца ўборка, дэзінфекцыя).

Свінакомплекс — гэта не завод па вытворчасці цэглы ці металу. Тут — жывыя істоты.  І гэта накладвае асаблівую адказнасць. Жывёле трэба своечасова даць есці, піць, правесці  лячэнне. Рабочы дзень асноўнай масы  людзей доўжыцца з 8 да 15 гадзін. Да 17.00 застаецца адзін слесар і адзін спецыяліст. Затым на начную змену заступаюць  дзяжурны аператар і дзяжурны слесар. Такі графік — адна з мер папярэджання занясення інфекцыі. На сённяшні дзень гэта вельмі актуальна, таму патрабаванні жорсткія, дысцыпліна павінна быць на вышэйшым узроўні. Бывала, што даводзілася  і развітвацца з некаторымі  работнікамі, хто не зразумеў узроўню адказнасці. Але касцяк — захаваўся. Гэта людзі, якія любяць жывёлу, да справы адносяцца з вялікай  сумленнасцю. З 80-х гадоў працуюць Галіна Заяц, Валянціна Алданава, Алена Чудук, Алена Кандыбовіч і многія іншыя.

Працу калектыву вельмі яскрава характарызуюць лічбы.

Калісьці на свінакомплексе за год вырошчвалі 2600 тон свіней. У 2010 годзе было 6200 тон. За 10 месяцаў гэтага года — 7743 тоны — + 110 т да адпаведнага  леташняга ўзроўню.

Сярэднясутачная прывага на вырошчванні і адкорме склала летась за 10 месяцаў  740 г, сёлета — 764 г. Назіраецца паступовы, але няўхільны рост.

— Так і трэба працаваць: не спяшаючыся, прыбаўляць, прыбаўляць, прыбаўляць… Цяпер, каб рухацца наперад, зноў неабходна думаць: ці новыя вытворчыя плошчы ствараць, ці на гэтых штосьці перайначваць, — упэўнены Іван Іванавіч.

— Гэта ўжо задача новага  кіраўніка комплексу. Хто стаў Вашым пераемнікам?

— Андрэй Сяргеевіч Зялёнка. 29 гадоў. Малады, перспектыўны. Вет-урач па адукацыі. Мае добры вопыт работы ў гэтай сферы. Думаю, што і мае парады калі-небудзь спатрэбяцца. Я некалі таксама вучыўся ў старэйшых, многае пераняў.  Лічу, што мне вельмі пашанцавала: усё жыццё працаваў побач з Героямі. “Прагрэс” узначальваў Герой Сацыялістычнай Працы Аляксандр Іосіфавіч Дубко. У Снове на свінаферме шчыравала аператар Алена Андрэеўна Сцепановіч, калгас узначальваў Якаў Васільевіч Аляксанкін — абое Героі Сацыялістычнай Працы. У 2001 годзе званне Героя Беларусі прысвоілі старшыні  агракамбіната Міхаілу Аляксандравічу Карчміту. Было ў каго вучыцца ведам, мудрасці, нястомнасці і вялікаму жаданню з кожным разам дасягаць большага і лепшага.

— Іван Іванавіч, тэрыторыя свінакомплексу такая добраўпарадкаваная… Кветкі цвітуць на клумбах. Чыя гэта была ініцыятыва?

— Калі пасля будаўніцтва комплекс набыў завершаны выгляд, я сабраў дзяўчат: “Можа, нам кветкі пасадзіць?” Пасадзілі. Спадабалася. Захапіліся гэтай прыгажосцю. Цяпер кветкі тут цвітуць увесь цёплы сезон. Вытворчыя будынкі прыгожа пафарбаваны. Памятаю, у 2000 годзе наведаў наш комплекс Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Быў верасень, кветкі цвілі ва ўсю. Аляксандр Рыгоравіч прыабняў Міхаіла Аляксандравіча Карчміта: “Бачу, Міша, што ты — гаспадар”. І пасля Кіраўнік дзяржавы прыводзіў наша добраўпарадкаванне ў прыклад іншым. Спадзяюся, што новы начальнік комплексу захавае ўсё гэта.

Трэба сказаць, што свінакомплекс СВК “Агракамбінат Сноў” займае вядучае месца сярод аднатыпных “фабрык свініны” рэспублікі. А клопаты Івана Іванавіча Даўшко, яго высокі прафесіяналізм адзначаны  дзяржавай. У 2006 годзе яго ўзнагародзілі медалём “За працоўныя заслугі”, у 2011 годзе атрымаў Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і імянны наручны гадзіннік. А ў 2013-м — ордэн Пашаны.

Ці не сумна будзе дома пасля такога вірлівага, насычанага жыцця на  вытворчасці?  Іван Іванавіч кажа, што яму ёсць  чым займацца. У вёсцы Нарашэвічы Клецкага раёна стаіць  бацькоўская хата.  У ёй ніхто не жыве. А парадак на сядзібе трэба падтрымліваць.  Раней вырываўся туды зрэдку, цяпер з’явілася магчымасць ушчыльную  ёю заняцца. Тым больш, што  сноўская кватэра — у шматпавярхоўцы.

— Рыбакі запрасілі ў сваю кампанію, — дадае мой суразмоўца. — Грыбы люблю збіраць. Дачок буду прымаць у госці, унука, у плавальны басейн часцей  хадзіць. Яшчэ люблю чытаць гістарычную літаратуру.  Застануся пастаянным пад-пісчыкам на “Сельскую газету” і “Нясвіжскія навіны”. Хачу быць у курсе спраў. І наогул, з работнікамі комплексу не збіраюся парываць. Сувязь буду падтрымліваць, усе нумары тэлефонаў сабраў…

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота з архіва рэдакцыі. 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.