Жыццёвая сцежка сям’і Сарычавых

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Фота з сямейнага архіва Сарычавых. Канец 1960-х.  Па каўнер на гэта паліто для сваёй каханай  Міхаіл Уладзіміравіч ездзіў у Кіеў

Фота з сямейнага архіва Сарычавых. Канец 1960-х.
Па каўнер на гэта паліто для сваёй каханай
Міхаіл Уладзіміравіч ездзіў у Кіеў

На мінулым тыдні 60-гадовы юбілей сумеснага жыцця — брыльянтавае вяселле — адзначылі Неаніла Іванаўна і Міхаіл Уладзіміравіч Сарычавы з Нясвіжа.

Неаніла Іванаўна

Яна нарадзілася ў вёсцы Тыкуча Ладыжынскага раёна Кіеў-скай вобласці ў 1930 годзе ў сям’і настаўнікаў. Бацька выкладаў у школе ўкраінскую мову і літаратуру, маці — кройку і шыццё, вышыўку. Да вайны скончыла тры класы. У час Вялікай Айчыннай вайны жылі ў невялікім, падобным на Нясвіж, гарадку Межыраў. Горад акупіравалі немцы, там размяшчалася нямецкая камендатура. У памяці дзесяцігадовай дзяўчынкі назаўсёды засталася карціна, як гестапаўцы вялі на расстрэл яўрэяў. Пажылых і дзяцей садзілі на падводы, астатнія ішлі пешшу. Страшна, жудасна. Нікуды не хадзілі, баяліся. Зведалі голад і нястачу. Толькі маміна праца выратоўвала. Шыла людзям, а тыя аддзячвалі, чым маглі — хто бульбы прынясе, хто кусок хлеба, мукі. Малыя (у Нілы быў яшчэ брат) хадзілі ў матуліным ці татавым пінжаку. У доўгія рукавы збіралі сланечнік, памідоры. Памідораў у полі было многа, уся зямля заслана. Прыносілі дамоў, высыпалі і зноў беглі. Дарослых ганялі, а дзяцей — не. Пазней сям’я пераехала ў Беларусь, у горад Бабруйск Магілёўскай вобласці. Тут Ніла скончыла сямігодку. Затым паступіла ў Бабруйскі фармацэўтычны тэхнікум, пасля заканчэння якога ў 1951 годзе яе накіравалі ў Баранавіцкую вобласць. На пытанне падчас размеркавання, ці ёсць каму дапамагаць, адказала, што сама павінна дадому грошы пасылаць. У Баранавічах былі месцы, але зняць кватэру дорага было. Не хапіла б сродкаў на пражыццё. Тады ёй прапанавалі Сноў ці Нясвіж. Дзяўчына выбрала Нясвіж. Працавала ў цэнтральнай аптэцы, а з 1955 да 1994 года — у санаторыі. Спачатку там быў аптэчны пункт 1-й катэгорыі, пасля, з 1961-га — аптэка, загадчыцай якой і была Ніла Іванаўна.

 

Міхаіл

Уладзіміравіч

А радзіма яе мужа — сяло Раждзественскае Барысаглебскага раёна Варонежскай вобласці. Барысаглебск — прыгожы горад, налічваў каля пяцідзесяці тысяч жыхароў. Там былі чыгуначная станцыя, чыгуналіцейны завод, буйнейшы лесазавод, працякала рака Хапёр, прыток Дона. Вясной 1929 года бацькі ўступілі ў калгас, а ў лістападзе ў іх нарадзіўся сын Міхаіл. І ўсё жыццё Міхаіла Уладзіміравіча было звязана з зямлёй.

З першых дзён вайны бацька быў прызваны на службу ў армію, абараняў Севастопаль, дзе і загінуў у 1942 годзе. А ў 1943-м сям’я страціла старэйшага сына і брата — ён загінуў пад Арлом. Маці засталася адна з трыма сынамі на руках. Сярэдні з 1936-га, а малодшы нарадзіўся за некалькі тыдняў да пачатку вайны. Міхаіл быў самы старэйшы, і на яго плечы лягло ўсё. Прыбягаў са школы і адразу бег дапамагаць маці палоць буракі, проса, сланечнік, кукурузу. Памятае: вялікае поле і ён, хлапчук, адзін сярод жанчын. Цяжка прыходзілася. Пасля заканчэння сямі класаў хацеў пайсці ў лесатэхнічны тэхнікум. Але дзядуля быў лекарам, і юнак пайшоў па яго слядах. Скончыў ветэрынарны тэхнікум, два гады адпрацаваў у сваім калгасе.

У Беларусь Міхаіл Сарычаў трапіў у 1949 годзе, калі прызвалі ў войска. Міхаіл Уладзіміравіч успамінае:

— Прывезлі нас цэлы эшалон (1200 чалавек) у горад Барысаў. Казармы былі пустыя, мы з дошак за дзень двухпавярховыя нары змайстравалі, саломай набілі матрацы, падушкі. Абмундзіраванне нам выдалі. З 1200 чалавек былі толькі тры з сярэдняй адукацыяй, я стаў пісарам. З батальёна перавялі старэйшым пісарам у страявы аддзел, дзе я вёў усе асабовыя справы. У 1951-м адправілі ў Мінск ва упраўленне контрразведкі беларускай ваеннай акругі. Быў сяржантам, памочнікам оперупаўнаважанага. У 1952-м прысвоілі званне лейтэнанта. Уступіў у партыю. Да 1953 года праслужыў, а ў 1953-м адправілі оперупаўнаважаным 103-й гвардзейскай паветранай дэсантнай дывізіі ў Віцебск.

Калі служба Міхаіла Уладзіміравіча скончылася, у пачатку 1954-га яго выклікалі ў Мінскі абкам партыі і прапанавалі працу ў калгасе на пасадзе старшыні. Далі тры раёны на выбар — Стаўбцоўскі, Клецкі, Нясвіжскі. Міхаіл не ведаў ні аднаго. Выбраў Нясвіж, назва спадабалася. Яго накіравалі ў калгас імя Кірава. Цяжкавата было. Малады — 24 гады, беларускай мовы не ведаў. Але стараўся. Тэхніка ў калгас была патрэбна — ездзіў “выбіваць” у Мінск у Саўмін. Пазнаёміўся з Я.В. Аляксанкіным, старшынёй сноўскага калгаса імя Калініна. Якаў Васільевіч даваў слушныя парады. Працуючы тут, паступіў вучыцца на заатэхнічны факультэт Беларускай сельгасакадэміі.

Пасля калгаса працаваў у санаторыі тэхнікам-наглядальнікам будынка, затым загадчыкам гаспадаркі. Потым забралі ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі інспектарам-арганізатарам. Папрацаваў паўгода — перавялі заатэхнікам па буйной рагатай жывёле, пазней — старэйшым заатэхнікам.

У красавіку 1968 года Міхаіла Уладзіміравіча Сарычава назначылі дырэктарам неіснуючага племпрадпрыемства. Пачынаў будаваць з нуля, уся работа клалася на яго плечы. Людзям далі жыллё, заробак за чатыры месяцы. Праца кіпела. Былі пабудаваны бычнік, лабараторыя, прахадная, кацельня на газе. Сабраўся добры калектыў спецыялістаў. І ў кастрычніку 1971 года прадпрыемства пачало сваю работу. Сябравалі са Шчучынскім дзяржплемпрадпрыемствам, з Гомельскім. Спецыялісты павышалі свой прафе-сійны ўзровень — вучыліся завочна, ездзілі на перападрыхтоўку, пераймалі вопыт іншых. Калі ішла камплектацыя быкоў, Міхаіл Сарычаў лятаў у Перм, Ленінград, ва Украіну. Быкі паступалі са Швецыі, Італіі, Канады, з Гомельскага, Магілёўскага племзаводаў. Трэба было не проста бычка ўзяць, а каб надой яго маці быў не ніжэйшым за 10 тысяч літраў у год, каб павысіць прадуктыўныя і племянныя якасці кароў.

Нясвіжскае племпрадпрыемства выходзіла пераможцам Усесаюзных спаборніцтваў па ахопе штучнага асемянення і выхадзе цялят на сто кароў. У 1976 годзе ва Усесаюзным конкурсе атрымалі дыплом I ступені і аўтамабіль «УАЗ», праз два гады — дыплом Гонару, аўтамабіль «Волга» і шэсць тысяч рублёў для ўзнагароды работнікаў, яшчэ праз два гады — аўтамабіль «Масквіч».

За час працы Міхаіла Сарычава (1968 — 1993 гг.) на плем-прадпрыемстве для яго супрацоўнікаў было пабудавана 52 кватэры. Калі дырэктар адыходзіў на пенсію, на чарзе заставаліся толькі два чалавекі. Са спецыялістаў выраслі да пасады дырэктара гэтай установы Анатоль Коршун, Аляксандр Грыгаровіч, Сяргей Непачаловіч, які кіруе племпрадпрыемствам зараз.

Увогуле, як адзначыў М. У. Сарычаў, у жыцці яму шанцавала. Старэйшыя па ўзросце дапамагалі, падтрымлівалі, накіроўвалі. Напрыклад, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі А. Я. Сердзюкоў, якога пасля забралі на павышэнне ў Мінск.

Міхаіл Уладзіміравіч і Ніла Іванаўна  напярэдадні брыльянтавага вяселля

Міхаіл Уладзіміравіч і Ніла Іванаўна
напярэдадні брыльянтавага вяселля

 

Разам па жыцці

Неаніла Іванаўна і Міхаіл Уладзіміравіч пазнаёміліся, калі працавалі ў санаторыі. На танцы там разам хадзілі, у кіно. Па парку гулялі. 6 — 8 дзяўчат і Міхаіл. У буфеце цукеркі купляў і частаваў прыгажунь. На танец усіх па чарзе запрашаў. Весела было. Потым сталі сустракацца ўдваіх, на лодцы каталіся.

Чым спадабаліся адно аднаму, за што пакахалі?

— Спадабаўся, — з радаснай усмешкай успамінае Ніла Іванаўна, нібы не было гэтых шасці-дзесяці гадоў. — Вясёлы быў, гаваркі, у кампаніі заўсёды ўсіх весяліў.

— Ніла Іванаўна, — называе сваю палавінку Міхаіл Уладзіміравіч, — такая акуратная была, худзенькая, стройная.

У яго вачах загараюцца агеньчыкі, цяплее голас і ён працягвае:

— Яе мама шыла сукенкі, касцюмы, прыгожа адзявала дачку. І Ніла навучылася шыць. Абедзве вышывалі. Кашулі — мне і братам маім. Аднойчы, калі мы пажаніліся, я купіў Ніле сукенку, доўга насіла, берагла. Гатаваць умела. І характар у яе добры. Шэсцьдзясят гадоў знаходзіць агульную мову з дзецьмі. І маім братам дапамагалі, малодшы некаторы час жыў з намі. Яна ніколі не папракнула, хоць і ў саміх быў невялікі заробак. Вось гэта спайка! Дзяцей вучыў і ўнукаў: выбраў адзін раз — і на ўсё жыццё…

Датай вяселля яны выбралі 7 лістапада. Яно адбылося ў сталовай санаторыя. Граў духавы аркестр.

Жылі спачатку ў санаторыі, разам з маці Нілы Іванаўны — у аптэцы быў адгароджаны пакойчык. Пасля далі вялікі пакой. Міхаіл Уладзіміравіч правёў ваду, прабіў дымаход, паставіў печку з плітой.

У 1960 годзе ў іх нарадзіўся сын, у 1962-м — дачка. Іх выхаваннем маладыя займаліся разам. Міхаіл Уладзіміравіч дапамагаў жонцы. Пасля работы, пакуль яна рыхтавала вячэру, браў дзяцей і ішоў з імі ў парк, любіў арганізоўваць гульні. Да сяброў разам хадзілі. Збіраліся кожныя выхадныя, выязджалі на прыроду, дзяцей з сабой бралі. Вечарамі хадзілі на танцы, у кіно. Мама Нілы дапамагала дзяцей глядзець. Як сказала Ніла Іванаўна, весела прайшло жыццё, з мужам ёй пашанцавала, зайздросцілі ўсе. І цешча любіла і паважала зяця, хваліла знаёмым. Міхаіл Уладзіміравіч яе — таксама, усё жыццё пражылі разам, у адной кватэры. Ніла Іванаўна і Міхаіл Уладзіміравіч далі вышэйшую адукацыю сваім дзецям. Сын — ваенны, зараз на пенсіі. Жыве ў расійскім Падольску. Мае дзвюх дачок і трох унучак. Дачка жыве ў Мінску, працуе ў Інстытуце нацыянальнай адукацыі, у яе сын і дачка.

У сям’і Сарычавых, як і ў іншых, ўзнікалі свае цяжкасці і складанасці, якія яны заўсёды вырашалі разам. Праз увесь свой жыццёвы шлях яны пранеслі пачуццё любові, ўзаемаразумення і павагі адзін да аднаго.

— Гэта галоўныя састаўляючыя шчаслівага сямейнага жыцця, — дзеліцца Ніла Іванаўна. — А яшчэ дружба, жыццёвая мудрасць і, абавязкова, ўменне саступаць адно аднаму. Гэты прыклад мы далі сваім дзецям.

Нягледзячы на немалады ўзрост, нашы юбіляры не сядзяць без справы. Міхаіл Уладзіміравіч на дачы за горадам трымае пчол, збірае травы на чай: чабор, мяту… Даглядае агарод са сваёй другой палавінкай, дачка з зяцем дапамагаюць палоць, касіць. Ён добры грыбнік і рыбак. Яшчэ Міхаіл Уладзіміравіч спявае ў хоры ветэранаў працы «Аптымісты», выступае перад школьнікамі, ведае на памяць вершы Янкі Купалы, Паўлюка Пранузы, выслоўі кітайскіх філосафаў, чытае без акуляраў, як некалі яго матуля.

Ніла Іванаўна вышывае карціны крыжыкам. У невялічкім пакоі цэлая выстава, як у галерэі — прыгожыя, яркія, акуратныя. Некаторыя пяцьдзясят гадоў таму вышывала. Сыну вышыла вялікую прыгожую карціну на памяць, каля чатырох месяцаў патраціла. Раней і макрамэ займалася. Да гэтага часу дзверы іх пакояў упрыгожваюць занавесачкі ў гэтым стылі. Вязаць вельмі любіла. Шмат вязаных рэчаў мае — сукенак, кофтачак. Унукам многа вязала. А якая гаспадыня цудоўная! Пакуль я гутарыла з гаспадаром, яна шчыравала на кухні. Рыхтавала прысмакі да юбілею, паколькі мы гутарылі напярэдадні. Па пакоях ішоў прыемны пах выпечкі.

Яны абое ветлівыя і гасцінныя. Пакуль я не згадзілася выпіць кубачак чаю з кавалачкам духмянага пірага, пакаштаваць мёду з іх уласнай пасекі, не адпусцілі.

Яны разам сустракаюць гасцей і разам праводзяць. Ніла Іванаўна — прыемнай усмешкай, Міхаіл Уладзіміравіч — якім-небудзь жартам. У іх доме ўжо з парога адчувацца цяпло, не фізічнае — душэўнае. Там хочацца застацца яшчэ. Я пажадала ім здароўя, дабрабыту і доўгіх гадоў жыцця. Няхай яшчэ доўга гарыць агеньчык іх сямейнага ачагу, а ўзаемнае цяпло грэе іх сэрцы і душы.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.