Жыццёвыя ўрокі Георгія Афанасьевіча

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

dl4a2261

Георгій Афанасьевіч — сярод зорак эстрады падчас свята мастацтваў “Музы Нясвіжа” на сцэне Нясвіжскага РЦК

Маленькі дамок на пачатку вуліцы Новай у Нясвіжы. На першы погляд, звычайны: невялікі сад, пасаджаны клапатлівымі рукамі гаспадароў, кусты руж, якія радуюць сваімі цудоўнымі, колеру чысціні, кветкамі ўлетку. А зараз замест кветак — чырвоныя ягады. Лістоў ужо амаль няма, а яны весяляць вока, зіхацяць яскрава і горача сярод слязлівага асенняга наваколля.

Дом стаіць на ўзгорку, крыху ўбаку ад асфальтаванай дарогі, а да яго вядзе невялічкая сцежка. Гаспадары ўжо мала выхо-дзяць з дому, а сцежка заўсёды жывая, нібыта тут жыве вялікая сям’я. Калісьці я прыходзіла ў гэты дом, каб наведаць сваіх настаўнікаў, Георгія Афанасье-віча і Яўгенію Іванаўну Халецкіх, атрымаць тлумачэнні на незразумелыя моманты ў такіх складаных навуках, як матэматыка і філалогія. Зараз я прыходжу ў гэты дом, каб вучыцца жыццю. А вучыцца ёсць у каго. За плячыма гэтых людзей вялікі вопыт, не толькі педагагічны, але і жыццёвы. Разам яны амаль шэсць-дзясят гадоў, а трэцяга лістапада гаспадар дома, ганаровы грамадзянін нашага горада, ветэран і інвалід 2-й групы Вялікай Айчыннай вайны Георгій Афанасьевіч Халецкі будзе святкаваць свой дзевяностагадовы юбілей. Дзевяноста гадоў… Колькі перажыта, выпакутавана, прычакана, здзейснена…

Не так даўно я зноў  завітала да Георгія Афанасьевіча і Яўгеніі Іванаўны, каб у чарговы раз атрымаць новы жыццёвы ўрок. Георгій Афанасьевіч расказваў пра сябе.

Ён нарадзіўся на Віцебшчыне, у вёсцы Мяшчэнцы Сенненскага раёна.

— Вёсачка невялікая, хат пятнаццаць ці дваццаць. А цяпер, магчыма, і зусім знікчэмнела, — гаворыць Георгій Афанасьевіч. — Бацька мой калісьці скончыў чатыры класы царкоўна-прыхадскога вучылішча, а ў маці і таго не было — адзін ці два класы. Але яна была вельмі разумнай жанчынай.  Спяваць любіла і  спявала прыгожа, але з памылкамі. Яе папраўляў бацька, таму што ў яго ўсё ж такі чатыры класы адукацыі, — жартуе мой суразмоўца.

Бацька Георгія Афанасьевіча быў даволі граматным чалавекам. Доўгі час працаваў рахункаводам у калгасе. Чатыры кіламетры ад Мяшчэнцаў быў саўгас “Беліца”. Афанасій Антонавіч пайшоў туды і стаў  загадчыкам гандлю, крыху працаваў прадаўцом у магазіне, а пасля зноў вярнуўся ў Мяшчэнцы.  Бацька  быў вялікім мастаком у розных справах: ён быў і сталяр, і цясляр, і шавец, і бляхар. Браўся за ўсё, і ўсё ў яго атрымлівалася. У Мяшчэнцах ён адзін пабудаваў сваю хату. Сам закачваў бярвенне на дванаццаты ці трынаццаты вянец: перакідваў вяроўкі, сам узлазіў на рыштаванні, цягнуў, круціў гэта бервяно і зацягваў наверх. Сам пакрыў хату саломай. Рабіў гэта ўсё акуратна. Хата з саламянай страхой шмат цяпла захоўвала. І печку рускую сам зрабіў. У яго ніколі не было вольнага часу. Усё рабіў і рабіў нешта. Стоміцца, адпачне крыху — і зноў за справу.

Але маці вельмі хацела жыць у горадзе, стаць гараджанкай. Яна схіліла бацьку да таго, каб ён паехаў у Оршу,  дзесьці, мусіць, у 1939 годзе, і купіў там хату. Яны распрадалі ўсю гаспадарку, прадалі хату. Грошай набралася чатыры тысячы рублёў, якраз на хату ў горадзе.

Перад Вялікай Айчыннай вайной  Георгій Афанасьевіч  закончыў восем класаў.

Калі пачалася вайна, немцы з акупіраваных тэрыторый вывозілі моладзь у Германію, бо нямецкія рабочыя былі мабілізаваны на фронт, а вытворчасць павінна была працаваць. Каб не трапіць на чужыну, не працаваць на ворага, многія шукалі паратунку ў партызанскіх атрадах. Такі ж шлях выбраў для сябе і Георгій Афанасьевіч.

Г.А. Халецкі ўспамінае:

У 1943 годзе, я разам з бацькамі пайшоў у партызанскую зону. Спыніліся мы ў вёсцы Казадоі. У лістападзе 43-га карнікі правялі вылазку на тэрыторыю, якую кантралявалі партызаны. Спалілі 10 вёсак, у тым ліку і Казадоі. Усе жыхары паспелі схавацца ў Купавацкім лесе, выкапалі там зямлянкі, абсталявалі лясны лагер. Я навучыўся там плесці лапці, у якіх вельмі мелі патрэбу жанчыны і дзеці.

У першай палове студзеня 1944 года да нас прыехалі партызаны. З імі я і пайшоў у атрад імя Кутузава 1-й партызанскай брыгады імя Заслонава. Знаходзіўся ў рэзерве для папаўнення радоў Чырвонай Арміі. Выконваў розныя заданні: дапамагаў у нарыхтоўцы хлеба, патрулявалі ў начны час у вёсцы, дзе тады ўжо размяшчаўся атрад, хадзіў у разведку ў складзе групы партызан.

У чэрвені 44-га партызаны злучыліся з часцямі Чырвонай Арміі.

Калі Георгію Афанасьевічу   споўнілася васямнаццаць гадоў, ён быў прызваны на службу ў рады Чырвонай Арміі. Ваяваў на 3-м Беларускім фронце наводчыкам мінамёта. Браў Кёнігсберг.  Двойчы быў паранены. Удзельнічаў у вайне з Японіяй, на першым Далёкаўсходнім фронце.

Г.А. Халецкі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй”, “За перамогу над Японіяй” і многімі юбілейнымі медалямі.

— Служыў каля шасці з паловай гадоў, — працягвае свае ўспаміны былы франтавік. — З усёй сваёй службы пяць з палавінай гадоў аддаў Далёкаму Усходу, дэмабілізаваўся з раёна Бухты Находка.  Бухта Находка з мора  абараняла ад Японіі горад Уладзівасток.

Даводзілася мне наездамі бываць у Манчжурыі, у Паўночным Муліне. Пасля заканчэння трохмесячных курсаў шафёраў я быў стажорам на машыне…

Падчас службы Георгій Афанасьевіч закончыў курсы сяржанцкага саставу і дэмабілізаваўся ў званні старшага сяржанта. Праводзіў палітзаняткі замест афіцэра.

— Быў у нас камандзір узвода,— гаворыць Г.А. Халецкі, — у яго чатыры класы адукацыі, а ў мяне восем. Я яму даваў толькі дакументы падпісваць.  Часта прапаноўвалі паступаць у афіцэрскае вучылішча. Але я разумеў: калі стану афіцэрам, то буду поўнасцю падпарадкоўвацца загаду, часта пераязджаць з аднаго месца службы на другое, не завяду сваёй гаспадаркі… Нават і сёння я калі-нікалі сяджу і аналізую: добра зрабіў тады ці не. Магчыма, з маім учэпістым характарам, у мяне б атрымалася…

Георгій Афанасьевіч выбраў іншы шлях. З сярэбраным медалём ён закончыў школу працоўнай моладзі. Затым — двухгадовы Аршанскі настаўніцкі інстытут. Завочна скончыў фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага настаўніцкага інстытута. Працаваў у заходніх раёнах Беларусі.

— Працаваць было няпроста, — працягвае настаўнік. — Многа было пераросткаў. У вайну ж не вучыліся. Сядзіць хлопец у 7-8 класе, а ён ужо кавалер. Настаўніцы прыходзілі з урокаў і плакалі.  Але ў мяне заўсёды была дысцыпліна і я ганарыўся гэтым. Бывала, дзеці забаўляюцца, твораць нешта, а як пачуюць: “Халецкі ідзе!” — усе ціха сядзяць.

Я вёў матэматыку і,  калі ішлі ўступныя экзамены, заўсёды сачыў, як вучні здаюць мой прадмет. Многія мае вучні паспяхова паступалі, а калі прыязджалі на канікулы, прыходзілі да мяне, мы размаўлялі. Вельмі радаваўся, што яны добра займаюцца па матэматыцы і лічыў, што ў гэтым і частка маёй працы ўкладзена.  Мае вучні разумелі, што значыць быць дысцыплінаваным. Вучню  патрэбна ведаць, як ён павінен паводзіць сябе на ўроку і што ён павінен рабіць.

Восем  гадоў свайго на-      стаўніцкага стажу Георгій Афанасьевіч зарабіў у Даматканаві-цкай сярэдняй школе Клецкага раёна. Туды праз некаторы час, папрацаваўшы ў Брэсцкай вобласці, прыехала на працу і яго будучая жонка, Яўгенія Іванаўна. На той час ёй было 25 гадоў, яму — 32. Маладыя людзі вырашылі аб’яднаць свае лёсы. Яўгенія запрасіла Георгія паехаць у Нясвіж.

Георгій Афанасьевіч успамінае:

— Прыехалі ў Нясвіж, схадзілі ў парк. Сядзелі на беразе возера. Мне так спадабалася! Прыгожа так кругом. Падумаў: мусіць, я тут і затрымаюся, і застануся. І пасля, калі прыйшлі дадому, я падышоў да мамы Яўгеніі Іванаўны і спытаў, ці магу стаць мужам яе дачкі. Яна згадзілася, і мы распісаліся.

У Даматканавічах на той час была вельмі добрая школа. Многія вучні — з дзіцячага дома. Школьнікаў было многа, нават па два-тры паралельныя класы.  Дырэктар, Сяргей Дзямідавіч Уласенка, філолаг па адукацыі, вельмі ўважліва адносіўся да настаўнікаў, быў чалавекам добрым, меў тонкае пачуццё гумару. І работа ў школе ішла, бо кожны настаўнік быў у адказе за веды, якія даваў.

— Наш вучань з Даматканавіч, Пётр Кухарчык, — далучаецца да размовы Яўгенія Іванаўна, — працаваў рэктарам БДПУ імя Максіма Танка.

Матэматыку ў яго выкладаў Георгій Афанасьевіч.

Праз гады настаўнік і вучань  сустрэліся каля помніка воінам і партызанам, загінуўшым пры вызваленні Нясвіжа, у гарадскім парку. Абняліся, пацалаваліся.  Вучань Халецкіх на  той час быў ужо доктарам фізіка-матэматычных навук.

Успомніўся настаўнікам і Міхаіл Паляшчук, ураджэнец Даматканавіч, залаты медаліст,  які скончыў Ленінградскі караблебудаў-нічы інстытут. Ён спускаў на ваду першы савецкі атамны ледакол.

Пасля Даматканавіч былі школы нашага раёна, а пасля многія гады Халецкія выкладалі ў Няс-віжы. Ён узнагароджаны знакам “Выдатнік народнай адукацыі БССР і “Отличник просвещения СССР”.

Вучні не забываюць сваіх настаўнікаў, часта іх наведваюць. Першых прыцягвае  ў дом па вуліцы Новай вялікая чалавечнасць педагогаў Халецкіх, непадробная цікавасць да іх жыццёвых дасягненняў. А настаўнікі проста не перасталі быць настаўнікамі нават тады, калі сталі пенсіянерамі, і зараз, калі ўжо многія іх вучні дасягнулі пенсійнага ўзросту. Як для бацькоў дзеці застаюцца дзецьмі ў любым узросце, так і ў Георгія Афанасьевіча і Яўгеніі Іванаўны няма “былых” вучняў.

Я папрасіла Георгія Афанасьевіча сказаць штосьці важнае для сённяшняй моладзі, на што настаўнік адказаў:

— Я патрыёт сваёй Радзімы. Быў, ёсць і застануся ім да канца сваіх дзён.

І пагэтаму жадаю, самае галоўнае, каб яны, маладыя людзі, таксама засталіся патрыётамі сваёй Радзімы. Каб не імкнуліся проста да нейкай пасады ці асалоды, найперш спыталі сябе: што я магу, што я зрабіў на гэтай пасадзе для дзяржавы? Трэба быць сапраўдным спецыялістам у сваёй справе, каб з тваіх рук выйшла нешта якаснае, каб яно працавала, каб можна было спадзявацца на гэта прыстасаванне ці нейкі іншы вынік тваёй працы.Трэба  па-сапраўднаму выконваць абавязкі грамадзяні-на сваёй краіны.

Спытала я ў юбіляра, як маладым людзям найлепш будаваць сямейнае жыццё, што браць за аснову.

— Які б у цябе характар ні быў, — лічыць Георгій Афанасьевіч, — неабходна, каб у цябе склаліся сямейныя адносіны так: трэба верыць адзін аднаму, паважаць адзін аднаго, клапаціцца адзін аб адным, перажываць за стан здароўя. Бо лепшага сябра, чым жонка для мужа ці муж для жонкі, ты не знойдзеш. Трэба, каб у сям’і было ўзаемапаразуменне, згода ва ўсім, клопат адзін аб адным. Калі гэта ёсць, сям’я атрымаецца, будзе існаваць. І дзеці будуць добрыя. А калі гэтага няма, дзеці пасля таксама стануць дрэннымі жонкамі ці мужамі: яны і ў сабе як бы не ўпэўнены, і другому няшмат могуць даць.

Хутка Георгій Афанасьевіч бу-дзе прымаць віншаванні і падарункі. Думаю, што іх будзе шмат: ад родных, блізкіх, калег-настаўнікаў, грамадскіх арганізацый. Але мне здаецца, што самы галоўны свой падарунак ён ужо атрымаў. Гэта — яго моцная, надзейная сям’я, любімая жонка, дочкі Марына і Наталля, тры ўнукі і тры праўнучкі, якія вельмі добра засвоілі ўрокі сваіх мудрых бацькоў, дзядулі і бабулі. І мы, паважаныя чытачы, таксама павучымся ў іх шчырасці, любові, адказнасці перад людзьмі і перад Радзімай.

А Георгію Афанасьевічу ў такі цудоўны юбілей хочацца пажадаць здароўя і МНОГІЯ ЛЕТА. І Яўгеніі Іванаўне — таксама. Бо яны даўно сталі адным цэлым.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

г. Нясвіж.

Фота з архіва рэдакцыі.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.