ДЛЯ СВЯТА ДУШЫ

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

2016_1

Што чалавеку трэба, акрамя хлеба надзённага?  Добры настрой і вясёлая песня, якая стварае  свята ў душы. Іменна такім лейтматывам прасякнута творчая  дзейнасць калектыву аматарскай творчасці “Рэха”  Завітанскага клуба-бібліятэкі, які нядаўна адзначыў 25-гадовы юбілей. Святочны вечар быў прысвечаны і справаздачнаму мерапрыемству па выніках Года культуры,  на працягу якога адбылося шмат  мерапрыемстваў у раёне. Актыўны ўдзел у іх прымала і завітанскае “Рэха”: свята вёскі, каляндарныя даты, выступленне на пляцоўцы ў гарадскім парку, гульня “Адгадай мелодыю”  і іншыя канцэрты. А сёлета спявачкі запрасілі на свой юбілей аднавяскоўцаў, былых удзельнікаў калектыву, у зале сядзелі і школьнікі. Свята адчувалася і ў маляўнічым убранстве: каляровыя шарыкі, куток гаспадарскі з цыбуляй, яблыкамі ды капустай, часнаком і памідорамі. На сцэне — кветкі і гірлянды, засланыя столікі, што стварала ўтульную дамашнюю абстаноўку. Віноўнікі ўрачыстасці ў прыгожых касцюмах, трошкі ўсхваляваныя, вясёлыя. Канцэрт праходзіў пад дэвізам: ”Пакуль душа спявае, чалавек жыве”. І сапраўды, нельга жыць без песні, якая спрадвеку жыве разам са сваім народам. Адпаведна называўся і першы твор: “Жыве сяло роднае”. Цудоўна прагучалі старадаўнія, але не забытыя  “Сонейка ды месяц…”, “А ў лесе грыбы зарадзілі”.  Вельмі важна, што калектыў выконвае песні нашых матуль і бабуль, у якіх так шмат дабрыні, лірыкі, гумару і шчырых пачуццяў.

Стваральніца і нязменны кіраўнік “Рэха” Лілія Ільюшэнка зрабіла кароткі экскурс  у гісторыю, назвала першых ўдзельнікаў: Г.І. Глобаж, С.В. Карпач, П.М. Ямпольскага, Д.М. Корсак і іншых. Прысутныя прагледзелі цікавыя відэастаронкі дзейнасці калектыву ў розныя гады, што выклікала ажыўленне ў зале, бо многія з добрымі ўсмешкамі ўспомнілі і свой удзел у ім і гады маладосці. Многа дапамагала ў станаўленні і развіцці вакальнай групы “Рэха” і былы начальнік аддзела культуры Нясвіжскага райвыканкама Л.М. Віхрова, якая стала ганаровай госцяй на сёлетнім свяце і шчыра павіншавала юбіляраў. Добрыя словы і пажаданні  выказалі ім спецыяліст Гарадзейскага сельвыканкама С.М. Крук (якая ўручыла кіраўніку “Рэха” Ганаровую грамату сельвыканкама), старшыня прафкама эксперыментальнай базы “Свеклавічная” А.У. Галіновіч. Дарэчы, песенны калектыў пастаянна трымае цесную сувязь з прафсаюзам гаспадаркі, апошні дапамагае ў правядзенні розных мерапрыемстваў. Цёплыя словы з нагоды юбілею выказалі самадзейным артыстам супрацоўнік цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Пранузы  З.А. Сілкова, работнік Ужанкаўскай сельскай бібліятэкі Л.К. Гуленка (яна ў свой час працавала і ў Завітанскай), старшыня прафкама РЦК К.У. Крыкала павіншавала юбіляраў і ўручыла падарунак,  мастацкі кіраўнік раённага цэнтра культуры Г.Д. Віннічак. Яна, дарэчы, дала высокую ацэнку творчасці калектыву і адзначыла, што гэты канцэрт з’яўляецца і справаздачным. Станоўчую характарыстыку актыўна падтрымалі гледачы, якія вельмі цёпла прымалі сваіх землякоў і дзякавалі за іх творчасць. Юбіляраў па-дзіцячы шчыра і ад душы віншавала песнямі юнае пакаленне. Дзеці таксама ўручылі вясковым артыстам кветкі, зробленыя сваімі рукамі.  Асабліва кранальным было віншаванне Святланы, дачкі Ліліі Ільюшэнка, якая з дзяцінства спявала разам з маці. Цяпер яна выкладае ў адной з мінскіх гімназій, але, калі прыязджае і здараецца канцэрт, ахвотна ўліваецца ў калектыў. Сямігадовая дачушка сына Паўла Ірына добра танцуе і ездзіць на конкурсы. Як бачна, цяга да творчасці працягваецца і ў маладых. Сям’я Ільюшэнка — дружная і працавітая, а яе галава  Віктар Васільевіч  ва ўсім паказвае прыклад і падтрымлівае мастацкія захапленні родных.

За 25 гадоў у “Рэха” сабралася шмат узнагарод: грамат, падзяка за добрыя выступленні. На змену ветэранам у яго прыходзілі новыя людзі,  сёння тут восем энтузіястак, якія знаходзяць час на рэпетыцыі і канцэрты, збіраюцца на вечарыны, каб падзяліцца вопытам у кулінарыі і рукадзеллі. Як адзначыла Лілія Ільюшэнка, усе яны — як адна сям’я, і гэта цудоўна. Алена Суднік спявае ўжо 25 гадоў,  Кацярына Мартос — больш дваццаці. Даўно працуе з галасістымі жанчынамі баяніст Валерый Кавалёў, які ездзіць на рэпетыцыі з Гарадзеі. Пазней прыйшлі ў калектыў Алена Шыманская, Алена Хрушч і Альбіна Сцепанюк, Алена Дамінікоўская і салістка Таццяна Кунігель. У кожнай работа і сям’я, але захапленне мастацтвам стала ўжо неад’емнай часткай іх жыцця. А калі яно напоўнена добрымі песнямі, тады і справы ладзяцца, і на душы весялей. Наперадзе ў завітанскіх артыстаў новыя творчыя планы і дасягненні, і думаецца, “Рэха” яшчэ доўга будзе спяваць і радаваць гледачоў.

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.