Доўгае жыццё і цэлая вечнасць

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

духовность

Для Бога ўсе дні роўныя. Зімы, вёсны, лета ці восень. Галоўнае тое, колькі дабра зрабіў чалавек у дні, яму адмераныя, якія Богам ашчадна палічаны. Каму шчодра, каму крыху меней, а каму і зусім скупа. Так, не паспеўшы набрацца моцы, збіраецца чалавек у вечнае падарожжа.

У сям’і Халецкіх былі дні асаблівыя. Напрыклад, 3 лістапада святкавалі дзень нараджэння гаспадара, Георгія Афанасьевіча. У розныя гады — па-рознаму. Раней — з дзіцячымі падарункамі, калі-нікалі, на юбілеі, з тостамі і пажаданнямі ад сяброў, пазней — зноў жа з дзіцячымі падарункамі, але дарылі іх ужо праўнучкі. Да іх далучаліся дзеці, суседзі, блізкія людзі. І ўсім было радасна.  Але шчасце, на жаль, вечным не бывае. 2 лістапада бягучага года  шчасце стала толькі памяццю, бо Георгій Афанасьевіч пайшоў з гэтага свету.  А 3 лістапада ўсе, хто ведаў ветэрана і інваліда Вялікай Айчыннай вайны, ганаровага грамадзяніна горада Нясвіжа, настаўніка, прыйшлі, каб развітацца з ім назаўсёды. Сумныя, усхваляваныя  прамовы на могілках, апошнія стрэлы як даніна пашаны абаронцу сваёй зямлі. А пасля — апошняя вячэра, якраз 3 лістапада, у дзень нараджэння. І так многа добрых слоў, цудоўных успамінаў.

Сяджу за памінальным сталом, а ў думках вяртаюся на дваццаць з лішкам гадоў назад. Я збіраюся стаць студэнткай Нясвіжскага педвучылішча. Раней  не было такой лагоды, як паступленне па балу атэстата, трэба было здаваць уступныя іспыты па беларускай мове і матэматыцы. Першы экзамен быў ужо за плячыма, наперадзе чакала матэматыка. У трэцяй школе заўсёды былі добрыя настаўнікі, але некаторыя тэмы па матэматыцы мне не даваліся…

Да аўтобуса было доўга і я зайшла ва ўнівермаг. Якую сукенку апрану на 1-га верасня, калі паступлю? І… ўхапілася за адну і тую ж разам са сваёй настаўніцай, Яўгеніяй Іванаўнай Халецкай. Ніякага дзіва — густы выхоўвала ў нас яна. Пра сукенку, канечне ж, забыліся, узрадаваліся сустрэчы, бо ўжо даўно  не бачыліся. Я расказала пра паступленне.

— Дык прыязджай да нас, — сказала Яўгенія Іванаўна. — Георгій Афанасьевіч з табой пазаймаецца.

На наступны дзень я адправілася да настаўнікаў. Думала, што на гадзінку. Георгій Афанасьевіч сеў на калодку пад яблыняй, побач села я. І стаў ён тлумачыць незразумелае, паўтараць, здавалася, вельмі вядомае. І так да вечара. Калі-нікалі мянялася месца «дыслакацыі», займаліся за садовым сталом, у доме. і так усе дні да экзамена. Дадому ад’язджала на апошнім аўтобусе, у 21.30. Усё, што было незразумелым за гады навучання ў школе, стала зразумелым пад той яблыняй. Матэматыку здала на выдатна і паступіла…

Вяртаюся ў сённяшнюю рэальнасць.

— Матэматыка Халецкага была зразумелая для ўсіх, — кажа былы дырэктар педкаледжа Віталій Канстанцінавіч Раманчук.

І з ім ніхто не спрачаецца. Кожны, хто вучыўся ў Георгія Афанасьевіча, пераканаўся ў гэтым сам.

Міхаіл Уладзіміравіч Сарычаў успомніў, як неяк папытаўся, чаму Георгій Халецкі абраў менавіта настаўніцкі шлях.

— Пасля вайны сірот засталося многа, дзеці пазбавіліся сваіх бацькоў і я хацеў вучыць іх, каб добрымі людзьмі сталі.

І Георгій Афанасьевіч вучыў не толькі матэматыцы. Многія ішлі да яго ў нейкія складаныя моманты жыцця, каб папрасіць парады, разам пашукаць выйсця з цяжкага становішча.

Былы вучань Халецкіх, Ігар Антонавіч Ажгірэвіч, па прафесіі слесар-рамонтнік. Рукі ў яго спрытныя, здатны ён да ўсякай працы, але былі моманты, калі парады настаўніка па гаспадарцы вельмі дапамагалі. Вучыў Георгій Афанасьевіч як  сад даглядаць, упраўляцца з садовым інструментам. І парады жыццёвыя таксама даваў.

— Зраблю, як раіць Георгій Афанасьевіч, усё дабром заканчваецца, — гаворыць Ігар Антонавіч.  — І я таксама стараўся дапамагчы настаўнікам. Халецкі абавязкова паглядзіць, як зрабіў. Працай  маёй заўсёды  быў задаволены.

Георгій Афанасьевіч быў задаволены ўвогуле ўсім. Сям’ёй, працай, калегамі, суседзямі. Ніколі ні ў кога нічога не прасіў. А мог бы, як ветэран. І яго б абавязкова паслухалі. Але найчасцей слухаў ён. Нікога без дапамогі не па-кідаў.  Ніколі не адмаўляў, калі мы запрашалі яго ў бібліятэку падзяліцца ўспамінамі пра перажытыя гады ліхалецця, наведваў школы, раённыя святы. У бібліятэку ён не прыйшоў толькі аднойчы, у маі гэтага года.

А крыху больш чым  з год таму да яго завітаў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы,  культуры і па справах моладзі Нясвіжскага райвыканкама,  старшыня грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Міхаіл Мацэль, які уручыў ветэрану напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі атрыбутыку «Белай Русі» і каштоўны падарунак. Быў пачатак мая. Хораша  цвілі вішні ў садзе Халецкіх. Ад адной застаўся спілаваны камель, але ад яго адыходзілі маладыя пасынкі. Яны таксама цвілі.

— Вось і я, як гэты камель, — Георгій Афанасьевіч пастукаў палачкай па дрэве,  — сваё аджыў. Колькі гадоў назад папрасіў вучняў, каб спілавалі старую вішню. Але паглядзіце, колькі пасынкаў. Так і ў мяне: жыццё набліжаецца да свайго заходу, а пасынкаў у мяне многа: дзеці, унукі, праўнукі, вучні.

Фатограф Святлана Польская зрабіла здымак на памяць. Ён стаў адным з апошніх здымкаў Георгія Афанасьевіча…

Зараз на дварэ  зіма. Сыпле снег, замятае вуліцы і завулкі. Цёплай коўдрай ухутаны мясцовыя могілкі, нібыта для таго, каб сагрэць усіх, хто там спачывае, нават тых, каму на гэтай зямлі было холадна. Але зіма не вечная. Не паспеем азірнуцца, як прыйдзе вясна. Зноў расцвітуць вішні, пасаджаныя настаўнікам, а з імі парасткі і пасынкі, нагадваючы пра тое, што тут, на зямлі, жыццё мае толькі пачатак. Працяг жа яго ў Бога. Таму не будзем лічыць дзён, будзем памятаць пра тое, што дабрыня таксама не памірае. Яна жыве ў памяці людзей, якім яна была падаравана і адгукаецца ў іх сэрцах малітвай:

«Супакой, Госпадзі, душу памерлага раба твайго Георгія і даруй яму вечную памяць».

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.