Малады, прыгожы і бессмяротны

Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

bagd

125-годдзе з дня нараджэння слыннага класіка літаратуры Максіма Багдановіча шырока святкуецца ва ўсім свеце.  Нара-дзіўся будучы паэт 9 снежня (27 лістапада) 1891г. у Мінску.

У расійскім горадзе Яраслаўлі прайшла сацыяльная акцыя “Зялёная восень”, прымеркаваная да 125-годдзя “беларускага паэта з берагоў Волгі”, да якой далучылася і Яраслаўская  грамад-ская арганізацыя руска-беларускай дружбы “Сяброўства”.  У доме паэта, дарэчы, пабудаваным яшчэ ў 1908 г. па вул. Чайкоўскай (былая Любімская),  быў арганізаваны канцэрт з удзелам прадстаўнікоў рэгіянальнага аддзялення Асамблеі народаў Расіі. Чыталіся вершы Максіма Багдановіча, абмяркоўвалася спадчына знакамітага песняра.

У  Яраслаўлі  Максім правёў восем гадоў, скончыў  мужчынскую гімназію. У 1911г. ён паступіў вучыцца ў Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй. У студэнцкія гады займаўся вывучэннем славянскіх і еўрапейскіх моў і літаратур, але асабліва вялікую ўвагу надаваў роднай беларускай мове. Росквіт яго творчай дзейнасці  і адбыўся ў Яраслаўлі.

У маі 1958 г. на будынку гімназіі, дзе вучыўся паэт (цяпер Яраслаўскі тэхналагічны інстытут), была ўстаноўлена мемарыяльная дошка. А ў 1991г.  падчас  рэалізацыі расійска-беларускага праекта ў горадзе з’явіўся і мемарыяльны Дом-музей паэта.

Станаўленне Максіма Багдановіча як беларускага пісьменніка пачалося ў Ніжнім Ноўгара-дзе, дзе прайшлі дзесяць гадоў яго жыцця. У 1914 г.  пісьменнік у апошні раз наведаў горад свайго дзяцінства. У тым жа годзе ён напісаў апавяданне “Шаман”, герой якога захапляецца Волгай і Ніжнім Ноўгарадам. А 6 студзеня 1984 г. на будынку Ніжагародскай гімназіі (цяпер педагагічны ўніверсітэт) была ўстаноўлена мемарыяльная дошка М. Багдановічу.

У 1909 г. Максім Багдановіч першы раз прыехаў у Ялту  лячыцца ад сухотаў. Але праз 11 гадоў паэт вярнуўся сюды яшчэ раз і… застаўся ўжо назаўсёды. 25 мая 1917 года ў Ялце  ён памёр. У месцы, дзе ён жыў, на адной са сцен  клуба санаторыя “Ялта” была  ўстаноўлена памятная дошка.  Вялікую цікавасць да творчай асобы Майстра праяўляюць у Ялцінскім гісторыка-літаратурным музеі, дзе ёсць зала паэта.

Жыццё аўтара “Вянка” так склалася, што на Беларусі жыць яму давялося толькі першыя пяць год у маленстве і некалькі месяцаў у сталым узросце. Беларускай мовай авалодваў самастойна, абапіраючыся на выданні бацькавай бібліятэкі, а таксама на газеты “Наша доля” і “Наша ніва”. Аддзелены ад Бацькаўшчыны многімі кіламетрамі, паэт выразна ўяўляў яе па  павер’ях і паданнях, па песнях. Аднак  любоў да Беларусі на ўсё жыццё заставалася  самым трапяткім і палымяным пачуццём Багдановіча.

Мне часта ўзгадваюцца гэтыя радкі верша:

Даўно ўжо целам я хварэю,

І хвор душой, —

І толькі на цябе надзея,

Край родны мой!

У родным краю ёсць крыніца

Жывой вады.

Там толькі я змагу пазбыцца

Сваёй нуды.

Калі ж у ім умру — загіну, —

Не жалюсь я!

Не будзеш цяжкая ты сыну

Свайму, зямля.

Там хоць у гліне, хоць у брудзе,

Там пад зямлёй,

Найдуць мае слабыя грудзі

Сабе спакой.

Дарэчы, біяграфія сваякоў паэта звязана са многімі куткамі Беларусі.   Яго бацька — Адам Ягоравіч Багдановіч — быў ахрышчаны ў Халопеніцкай праваслаўнай царкве Барысаўскага павета (цяпер Крупскі раён). Максімавага дзеда Юрыя (Ягора), беззямельнага селяніна, былога прыгоннага кухара маёнтка Касарычы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер у Глускім раёне Магілёўскай вобласці) прывёз у гэтую мясцовасць на службу памешчык. Бабуля Максіма — маці Адама Ягоравіча Анэля Тамашаўна (Ганна Фамінічна) Асьмак была цудоўнай апавядаль-ніцай народных казак, атрымаўшы гэты дар у спадчыну ад сваёй маці Рузалі Казіміраўны Асьмак. Паводле ўспамінаў Адама Ягоравіча, прабабуля Максіма расказвала казкі вельмі творча, дадаючы новыя рысы ў сюжэт. Зробленыя Адамам Ягоравічам запісы з яе вуснаў казак, народных абрадаў, паданняў, прымавак, прыказак, загадак і іншае сталі для Максіма першай крыніцай знаёмства з беларускай мовай і беларускім фальклорам.

Адам Ягоравіч скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, працаваў настаўнікам у вясковай школе, выкладчыкам гарадскога пачатковага вучылішча ў Мінску, ацэншчыкам і землеўпарадчыкам у Сялянскім зямельным банку ў Гродне, Ніжнім Ноўгара-дзе, Яраслаўлі. Маці паэта  — Марыя Апанасаўна Мякота —  паходзіла са старажытнага беларускага шляхецкага роду (герба “Курч”). А  дзед Апанас за ўдзел у Крымскай вайне (1853—1856) атрымаў пажыццёвае дваранства, пасля служыў дробным чыноўнікам у павятовым горадзе Ігумен (цяпер Чэрвень).

…Шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею М. Багдановіча, праходзяць у гэтыя дні ў многіх гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі. Не магу не адзначыць, што за чвэрць стагоддзя класік  паспеў не толькі пакінуць багатую творчую спадчыну, стаць адным са стваральнікаў літаратурнай беларускай мовы, пра-славіцца далёка па-за межамі Бацькаўшчыны. Ён увайшоў у гісторыю і як публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык, літаратуразнавец, класік беларускай літаратуры. Яго спадчына  ўвайшла ў залаты фонд беларускай культуры, у духоўную скарб-ніцу беларускага народа. Яна ўплывае на развіццё беларускай паэзіі і ў ХХІ стагоддзі, уражвае сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэтычнага слова. Некаторыя вершы сталі народнымі песнямі (“Зорка Венера”, “Слуцкія ткачыхі”), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. Творы  паэта перакладзены на два дзясяткі моў свету.  У 1991—1995 гг. быў выдадзены поўны збор твораў паэта ў трох тамах.

Кожны з гарадоў, дзе прахо-дзіла жыццё паэта, захоўвае і ў ХХІ стагоддзі добрую памяць аб ім.

У Мінску, побач з домам паэта, які, на жаль, не захаваўся да нашых дзён, быў створаны Літаратурны музей.

Яго філіял —  “Фальварак Ракуцёўшчына” ў Маладзечанскім раёне. Улетку 1911г. Багдановіч тут  напісаў два цыклы вершаў: “Старая Беларусь” і “Места” (усяго 17 вершаў) і дзве паэмы — “У вёсцы” і “Вераніка”. А  ў чэрвені 1977 г. па прапанове супрацоў-нікаў Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў вёсцы быў усталяваны помнік — два валуны: адзін — як вечная свечка памяці, другі — з радкамі з “Санета”               М. Багдановіча. У 1981г. каля помніка  пісьменнікамі быў паса-джаны “Максімаў сад”.  Глыбока сімвалічна, што з 1983 г. на мяжы ліпеня і жніўня  ў Ракуцёўшчыне збіраюцца аматары беларускай паэзіі.

З гродзенскім перыядам жыцця беларускага класіка можна пазнаёміцца ў музеі Максіма Багдановіча ў Гродне, што  існуе ў тым доме, дзе жыла іх сям’я.  Мемарыяльныя пакоі — кабінет бацькі, пакой маці, дзіцячая, гасцёўня — заўсёды чакаюць шчырых прыхільнікаў паэзіі.

Імя паэта носяць вуліцы ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, у Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі і Ялце, школы і бібліятэкі ў розных беларускіх гарадах.  У 1991 г.  у Мінску адна з вуліц была перайменавана ў гонар Максіма Багдановіча. 9 снежня 1981 г., у гонар 90-годдзя з дня нараджэння паэта быў пастаўлены помнік. Аўтары помніка скульптар С. Вакар, архітэктары Ю. Казакоў і Л. Маскалевіч. Бронзавая статуя паэта вышынёй 4,6 метра была ўсталявана на пастаменце з чырвонага граніту. Паэт увасоблены з перакрыжаванымі на грудзях рукамі, у правай руцэ з  букетам васількоў — кветак, так мілагучна ўслаўленых у яго паэзіі. У чэрвені 2008 г. помнік усталявалі наноў пасля рэканструкцыі.

У кожнай літаратуры ёсць Паэты з вялікай літары, якімі ганарацца  нашчадкі. М. Багдановічу лёс адмераў толькі дваццаць пяць вёсен і зім. Але за гэты кароткі шлях Кніжнік паспеў напісаць сваю Кнігу — шчырую і сумленную  споведзь  душы. І вельмі добра, што  кветкі, трапятліва сабраныя паэтам для “Вянка”, не завялі, а наадварот, вабяць, прыцягваюць да сябе ўсё больш і больш чытачоў ва ўсім свеце. Яго паэзія  сагравае і асвятляе  сённяшняе наша жыццё.

 Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог.

 


Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.